Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Незалежнай прэсы ў падпісных каталёгах па-ранейшаму няма


Міхал Стэльмак, Менск У Беларусі пачалася падпісная кампанія на другое паўгодзьдзе. Ці выкарыстоўваюць афіцыйныя сродкі масавай інфармацыі адміністратыўны рэсурс? Як складваюцца справы ў недзяржаўных выданьняў?

Падпіска застаецца прадметам пільнай увагі дзяржавы. Аднак пачатак кампаніі чыноўнікаў ня радуе.

“Хаця мы і аб’явы давалі, пакуль пра посьпехі казаць рана. У нас людзі і арганізацыі бягуць падпісвацца ў апошнія тыдні”, – кажа кіраўніца аддзелу падпіскі прадпрыемства “Белсаюздрук” Марына Чарэднік.

"Пакуль ня выпішаш газэту, не дазваляюць працаваць"

Практыка прымусовай падпіскі на афіцыйныя выданьні, якая мела месца ў часе мінулых кампаній, назіраецца й цяпер. Напрыклад, у Крупках з гэтым сутыкнуліся дробныя бізнэсоўцы.

“Прымушаюць выпісваць газэту “Падатковы кур’ер прадпрымальніка”, – расказвае прадпрымальнік Аляксандар. – І па сьпіску. То бок, хто не выпісвае газэту, таму падатак не адзначаюць. Гэта тычыцца ўсіх прадпрымальнікаў, нават таксістаў. Пакуль ня выпішаш газэту, не дазваляюць працаваць. Нельга ж так, паводле загаду, гэта рабіць. Таму што гэтае выданьне больш для падатковай інспэкцыі, а для нас у прынцыпе нічога там няма”.

“Падатковы кур’ер прадпрымальніка” – афіцыйны друкаваны орган Міністэрства падаткаў і збораў. Прадстаўніца Крупскай падатковай інспэкцыі Галіна Барадаўка ня лічыць падпіску прымусовай:

“Нічога мы іх не прымушаем. Мы іх просім падпісацца. Каб яны былі ў курсе падзеяў. Вельмі шмат зьменаў”.

А якое стаўленьне да незалежных грамадзка-палітычных выданьняў? Ці падпісвае на іх той жа “Белсаюздрук”?

“Вось у нас на другое паўгодзьдзе сфармаваны каталёг і гэтых выданьняў у нас няма, – гаворыць Марына Чарэднік. – “Нашай нівы” няма. “Народнай волі” няма. Ці то яны не выяўлялі жаданьня? Я зараз і не магу нешта пэўна сказаць. Але дамовы няма – значыцца, няма і ў каталёгу”

“Нашу ніву”, паводле рэдактара Андрэя Скурко, такое становішча не задавальняе:

“Мы рэгулярна накіроўваем лісты на адрас “Белпошты” і “Белсаюздруку”, аднак нам яшчэ на пачатку году прыйшоў афіцыйны адказ, што ў 2007 годзе не плянуецца заключаць з намі дамову. Але мы не губляем надзеі. Гэта быў бы разумны крок з боку ўлады вярнуць незалежныя выданьні ў сетку распаўсюду”.

Спадзяецца на зьмены й калектыў “Народнай волі”.

“Пакуль ідуць перамовы з прадстаўнікамі ўлады – нічога не зьмянілася. Але ёсьць нейкі аптымізм. Перамовы даюць падставы думаць, што праблема ў бліжэйшы час будзе вырашаная”, – кажа рэдактар Іосіф Сярэдзіч.

"Мы арыентуемся на ўласную сыстэму распаўсюду"

У рэгіёнах незалежныя газэты, што выключаныя зь дзяржаўнай сеткі распаўсюду, таксама змагаюцца за чытачоў.

“Мы арыентуемся на ўласную сыстэму распаўсюду, – распавядае галоўны рэдактар рэгіянальных выданьняў баранавіцкага выдавецкага дому “Інтэкс-прэс” Алесь Белы. – Гэта значыць, што мы заключаем дамовы з нашымі патэнцыйнымі чытачамі на тры месяцы ці на паўгоду. Потым нашы паштальёны дастаўляюць гэтыя газэты дадому”.

Гл. таксама

• Б.Пятровіч: “Трэба проста запрэгчыся й працаваць, працаваць далей”

• Недзяржаўныя газэты ня трапілі ў падпісны каталёг
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG