Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Начная аБЛОГа” – 28 траўня


Юлія Шарова, Менск Агляд беларускага сеціва.

Блогер Антыкілер піша ў сваім дзёньніку з нагоды пачатку працэсу над актывістамі “Маладога фронту”: “Пракурор запрасіў штраф. Хвалявацца больш няма аб чым”.

”Застаецца пытаньне, дзе ўзяць 15 мільёнаў кожнаму”, – камэнтуюць чытачы блогу.

”Усё будзе добра. Бо іначай папросту нельга”.

Алесь Чайчыц на сайце блогаў парталу Позірк разважае пра раскол беларускай апазыцыі. “Хай будуць два цэнтры прыцягненьня, зь дзьвюма рознымі тактыкамі дзеяньня – меней будуць часавыя й арганізацыйныя лебедзь-рака-шчупакоўскія выдаткі на ўнутрыкааліцыйныя спрэчкі. Захоўваць адзінства трэба па схеме, як тое робяць Расейская праваслаўная царква й Расейская праваслаўная царква ў замежжы: цэрквы розныя, але кананічна супольныя – самастойныя на арганізацыйным і гаспадарчым узроўні, але на імшы адно да аднаго хадзіць можна. На Кастрычніцкай плошчы ў вырашальны дзень стаяць будуць усё роўна ўсе разам".

На форумах парталу TUT.by сёньня абмяркоўваюць артыкул “Бела-чырвона-белую моладзь уладкуюць у летнікі. Для перавыхаваньня”. Матэрыял надрукаваны ў сеткавай газэце "Ежедневник". У артыкуле зьмешчаныя цытаты зь інтэрвію з прадстаўніком міністэрства абароны Ўладзімерам Шчасным, які тлумачыць, што цяпер праблемнымі падлеткамі лічацца ня толькі тыя, што п’юць, паляць і хуліганяць, але й тыя, хто носіць “бел-чырвона-белыя стужачкі й значкі сумнеўнага зьместу”. Такіх падлеткаў будуць накіроўваць у ваенна-патрыятычныя летнікі. Меркаваньні ўдзельнікаў форумаў:

“Выдатная навіна. Нарэшце бел-чырвона-белая моладзь навучыцца разьбіраць і зьбіраць на час аўтамат Калашнікава, а таксама добра страляць зь яго... Малайчына Шчасны! Гэта такім манэрам прыдумаць падрыхтаваць моладзь. Рэспэкт!”

“Неяк брыдка ад усяго гэтага... І як яны зьбіраюцца ў гэтыя лягеры моладзь заганяць? Цікава паглядзець”.

“А ці не баіцца ён, што гэтая моладзь будзе ў гэтых летніках перавыхоўваць супрацоўнікаў сілавых ведамстваў?”

“Слушна, з чырвона-зялёных, якія п’юць-паляць, вырастае Бацькаў электарат. А тыя падлеткі, якія выглядаюць на цалкам станоўчых, гэта пагроза дынастыі Лу”.

Блогерка Bullochka піша пра беларускую ідэнтычнасьць: “Яна ўнутрана супярэчлівая. Усе мы ведаем, што беларусы – ціхі й паслухмяны народ, ня здольны супрацьстаяць уплыву суседзяў. Менавіта таму Кацярына Другая ўзялася нас ратаваць ад канчатковай палянізацыі. Ну – запісалі нас у расейцаў са знакам якасьці. І варта толькі чалавеку пачаць узбрыкваць і даводзіць, што ён не расеец, яму прыпішуць, напрыклад, польскі гонар. Але за беларуса яго дакладна ня прымуць: беларус жа ж брыкацца ды адстойваць сваю самабытнасьць ня можа, бо гэта не ў ягоным нацыянальным характары. Выйсьце адсюль я бачу толькі адно: зьмяніць “нацыянальны міт”. Калі я кажу пра міт, я ня маю на ўвазе спрошчаны і ненавуковы падыход да рэчаіснасьці, але сынкрэтычнае ўспрыняцьцё яе, усеабдымную мэтафару, у якой ня мае значэньне час (не істотна, ці адбываецца гэта ў мінулым, альбо цяпер). Менавіта гэта рабіў Уладзімер Караткевіч. Менавіта таму, нягледзячы на ўсе мінусы ягоных твораў, яго гэтак любяць”.

Дасылайце свае ідэі для “Начной аБЛОГі”, а таксама любыя іншыя прапановы, тэксты і гукі на электронны адрас NSvaboda@tut.by. Тэлефануйце на менскі аўтаадказьнік 266-39-52 і дасылайце смс-паведамленьні на нумар 391-22-24.
XS
SM
MD
LG