Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"У судовай залі нарадзілася новая Беларусь, якой яшчэ не было"


Алесь Дашчынскі, Менск Сёньня ў Савецкім судзе Менску адбыўся суд над актывістамі “Маладога фронту” Настай Палажанкай, Алегам Корбанам, Зьмітром Хведаруком і Барысам Гарэцкім. Іх абвінавачваюць ва ўдзеле ў незарэгістраванай арганізацыі. Пракурор папрасіў пакараць хлопцаў штрафамі на суму эквівалентную амаль 7 з паловай тысячам даляраў, а да Насты Палажанкі ўжыць меры выхаваўчага характару. Заўтра суд агалосіць вырак.

Пасьля судовага працэсу, які прайшоў, фактычна, у адзін дзень, гутару з адвакатам Паўлам Сапелкам. Як можна паставіцца да таго, што разгляд справы адбыўся вельмі хутка?

“Гэта можа сьведчыць толькі аб тым, што з боку абвінавачаньня не было прадстаўлена, практычна, ніводнага доказу віны нашых падабаронных. І, увогуле, не было прадстаўлена дастаткова многа тых доказаў”.
П.Сапелка: "З боку абвінавачаньня не было прадстаўлена ніводнага доказу віны нашых падабаронных".
Тым ня менш, пракурор папрасіў пакараць маладафронтаўцаў. Адвакат Сапелка спадзяецца на апраўдальны прысуд. Ці жорсткае пакараньне, якое просіць пракурор?

“Калі параўноўваць гэты запыт з выракам Дашкевічу ў паўтары гады ці з тымі прысудамі, якія былі вынесены да сяброў “Партнэрства”, калі былі асуджаны на два, год і 6 месяцаў пазбаўленьня волі, то штраф – гэта ёсьць менш цяжкае пакараньне. Але ж штраф у памеры амаль 7 з паловай тысяч даляраў для тых, хто не працуе, а вучыцца, на мой погляд, гэта ёсьць вельмі жорсткае пакараньне. Але я не хацеў бы абмяркоўваць гэтае пакараньне. Любое пакараньне прызначанае судом ёсьць незаконнае і будзе абскарджана ў вышэйшай інстанцыі”.
П.Сапелка: "Я не хацеў бы абмяркоўваць гэтае пакараньне. Любое пакараньне прызначанае судом ёсьць незаконнае і будзе абскарджана ў вышэйшай інстанцыі”.
Паводле Паўла Сапелкі, прысутнасьць вуліцы была вельмі адчувальная ў залі суду:

“Я хачу сказаць вялікі дзякуй за тую падтрымку, якую аказалі нам тыя, хто не патрапіў у залю суду. Мы іх чулі, і гэта дадавала нам упэўненасьць у нашай рацыі і рацыі нашых падабаронных”.

Карэспандэнт: “А як судзьдзя адрэагаваў на гэта? Там жа вокны былі расчынены...”

Сапелка: “Судзьдзя некалькі разоў папрасіў сьведку казаць грамчэй. Але ж, калі выступалі абаронцы, то было чутна ўсё, і нават шум за вокнамі трохі зьменшыўся”.

"Не было ніякага страху. Мяне гэта трошкі зьдзіўляла. Не кожны ж дзень у суд ходзім"

Пракурор папрасіў аштрафаваць хлопцаў і ўжыць меры выхаваўчага характару да Насты Палажанкі. Адвакат Сапелка мяркуе, што гэта можа азначаць, што за дзяўчынай будзе ажыцьцяўляцца нагляд інспэкцыі ў справах непаўнагадовых. Наста Палажанка згадвае сёньняшні працэс:

“Сапраўды, не было ніякага страху. Мяне гэта нават трошкі зьдзіўляла. Не кожны ж дзень у суд ходзім. А калі ўзяў слова пракурор, тут было, канешне, страшнавата. І тады мы проста ўсе ўзяліся за рукі і ціхенька маліліся, чакалі, што скажа. І калі мы пачулі слова “штраф” – гэта было ўсё. Момант шчасьця і адчуваньня, што, вось яна, перамога. Хоць і маленечкая, але для пачатку нават неблагая. Таму я вельмі ўражаная прамовай пракурора. Дзіма Хведарук, напрыклад, заклікаў да сумленьня судзьдзі, да адказнасьці перад народам і госпадам Богам. Я спадзяюся, што гэта былі нядрэнныя словы. Што людзі ўсё ж такі адчуваюць тую адказнасьць, якую яны зараз нясуць за сабой”.

Зьміцер Хведарук спадзяецца на падтрымку заўтра, калі суд агалосіць вырак:

“Мы зноў зьбіраемся заўтра прыйсьці а 15-й гадзіне і спадзяемся, што зьбярэцца яшчэ больш людзей, чым сёньня. Бо гэты суд стаў пэўнай перамогай духа для ўсіх беларусаў. І, пэўна, у гэтай судовай залі нарадзілася новая маладая Беларусь, якой дагэтуль яшчэ не было".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG