Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Суд над маладафронтаўцамі праходзіў пад гукі акцыі пратэсту


Альгерд Невяроўскі, Менск Каля будынку Савецкага райсуду Менску сёньня сабралася вялікая група моладзі. Былі і актывісты апазыцыйных партыяў і грамадзкіх ды праваабарончых арганізацыяў. Гэтак яны выказвалі салідарнасьць з падсуднымі маладафронтаўцамі Настай Палажанкай, Зьмітром Хведаруком, Барысам Гарэцкім і Алегам Корбанам. Акцыя пратэсту працягнецца да канца працэсу.

Сёньня а 10-й гадзіне раніцы каля суду Савецкага раёну Менску сабралася некалькі соцень чалавек.

Кіраўнікоў палітычных партыяў і замежных дыпляматаў спэцназаўцы да ганку суду прапусьцілі. А моладзь, сярод якой былі самі падсудныя Наста Палажанка, Зьміцер Хведарук, Барыс Гарэцкі й Алег Корбан, міліцыянты доўга пускаць не хацелі.
А.Хведарук: “Няўжо нашай краіне не патрэбныя дзеці, якія гатовыя ахвяраваць сваім лёсам, сваёй будучыняй, сваім здароўем дзеля гэтай краіны?”
Побач зь міліцэйскім ачапленьнем стаяла маці Зьмітра Хведарука, спадарыня Алена. Вось што яна сказала:

“Гэта жахліва! Няўжо нашай краіне не патрэбныя дзеці, якія гатовыя ахвяраваць сваім лёсам, сваёй будучыняй, сваім здароўем дзеля гэтай краіны? І гэта, відаць, не бяда нашых дзяцей, гэта бяда краіны, якой такія дзеці не патрэбныя”.

“Судзяць самую маральную, самую чыстую моладзь у нашай краіне”

Падтрымаць маладафронтаўцаў у суд прыйшоў нядаўні палітзьняволены Мікола Статкевіч. Ён сказаў пра суд:

“Ганебна для гэтай улады. Судзяць школьнікаў ці ўчорашніх школьнікаў — толькі за тое, што яны хацелі разам працаваць для Беларусі. Судзяць самую маральную, самую чыстую моладзь у нашай краіне”.

Маладыя людзі, на чале зь яшчэ адным нядаўнім палітзьняволеным, Паўлам Севярынцам, сталі насупраць будынку суду з расьцяжкай “Рукі прэч ад “Маладога фронту”. Яны трымалі таксама партрэты падсудных маладафронтаўцаў і бел-чырвона-белыя сьцягі.

Міліцыя ўдзельнікам акцыі асабліва не перашкаджала. Праз мэгафон папярэджвалі, каб дэманстранты паводзіліся цішэй. Хаця былі спробы забраць сьцяг і расьцяжку, а двух моладзевых актывістаў, Андруся Ігнатовіча і Міхася Пашкевіча, затрымалі за будынкам суду.

Увесь час, пакуль ішоў суд моладзь скандавала лёзунгі падтрымкі, сьпявала песьні. Павал Севярынец:

“Гэты суд — ганьба для Беларусі! Судзяць дзяцей. Іх баяцца настолькі, што арганізоўваюць працэс па ганебным 193-м артыкуле. Гэта артыкул 1937 году. І нашыя пачуцьці да гэтага яскрава выказваюць дэманстранты, сотні якіх сабраліся каля суду”.

Карэн Ст’юарт: “Працэс праходзіць здавальняюча”

За працэсам назірала нямала заходніх дыпляматаў. Гаворыць амбасадарка ЗША ў Беларусі Карэн Ст’юарт:
К.Ст’юарт: “Мне вельмі падабаецца той факт, што дазволілі праводзіць гэтую акцыю перад судовым будынкам”.
“Працэс праходзіць здавальняюча. Мне вельмі падабаецца той факт, што дазволілі праводзіць гэтую акцыю перад судовым будынкам, і спадзяюся, што пасьля заканчэньня гэтага працэсу ўсе абвінавачаныя застануцца свабоднымі”.

Наста Палажанка і Зьміцер Хведарук у перапынку сказалі, што іх вельмі цешыла падтрымка сяброў на вуліцы.

А Аляксандар Мілінкевіч сказаў, што ўступае ў “Малады фронт”, ды заклікаў гэта зрабіць усіх астатніх.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG