Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Маскве адкрыўся ўсясьветны форум журналістаў


Валер Каліноўскі, Прага Сёньня ў Маскве ўпершыню на тэрыторыі Расеі адкрыўся кангрэс Міжнароднай фэдэрацыі журналістаў. Форум праходзіць на фоне росту заклапочанасьці ў сьвеце станам свабоды слова ў Расеі.

Кангрэс, які адбываецца раз на тры гады, зьяўляецца самай прадстаўнічай сустрэчай журналістаў сьвету. На яго зьехалася каля 1000 дэлегатаў і гасьцей, якія прадстаўляюць каля паўмільёна сябраў Міжнароднай фэдэрацыі журналістаў са 100 краін сьвету.

На сустрэчы ў Маскве абмяркоўваюцца праблемы працы і бясьпекі журналістаў,– паведаміў старшыня Саюза журналістаў Расеі Усевалад Багданаў.

“Размова на гэтым кангрэсе пойдзе па некалькіх кірунках: дастойныя ўмовы працы для журналістаў, іх права на сацыяльную абарону, абарона жыцьця журналістаў. Адна з важнейшых тэмаў, а можа быць, самая галоўная, – што трэба зрабіць журналістам, каб вярнуць давер да журналістыкі".

Іншая важнейшая тэма – беспакаранасьць адказных за забойствы журналістаў, недастатковасьць намаганьняў уладаў шэрагу краін дзеля арышту і асуджэньня вінаватых.

На гэтым кангрэсе плянуецца стварыць адмысловую камісію дзеля расьсьледаваньня сьмерці пяці расейскіх журналістаў: Валерыя Іванова, Аляксея Сідарава, Эдуарда Маркевіча, Дзьмітрыя Холадава і Ўладзімера Кірсанава, справы аб забойстве якіх дагэтуль не завершаныя.

Генэральны сакратар Міжнароднай фэдэрацыі журналістаў Эйдан Уайт лічыць, што такая камісія вельмі патрэбная:

“Ёсьць сьведчаньні, якія дазваляюць меркаваць, што ў Расеі хочуць пазьбягаць непрыемнасьцяў, зьвязаных з дасьледаваньнем справаў забітых журналістаў. Няма адэкватных намаганьняў уладаў, каб дакладна расьсьледаваць гэтыя выпадкі і аддаць вінаватых пад суд”.

Згодна з Камітэтам абароны журналістаў, Расея зьяўляецца трэцяй краінай па ліку забойстваў журналістаў – пасьля Іраку і Альжыру. З 2000 году ў Расеі было забіта за прафэсійную дзейнасьць 14 журналістаў. Апошні выпадак – забойства ў кастрычніку 2006 году карэспандэнткі “Новой газеты” Анны Паліткоўскай.

Увагу ўдзельнікаў маскоўскага форуму прыцягнула і апошняя навіна з Каракаса. У мінулую нядзелю ўлады Вэнэсуэлы спынілі вяшчаньне старэйшага тэлеканала краіны “Radio Caracas Television”. Прэзыдэнт Вэнэсуэлы Уга Чавэс адмовіўся падоўжыць ліцэнзію на вяшчаньне незалежнага тэлеканала. Закрыцьцё тэлеканалу выклікала масавыя пратэсты пад лёзунгам “Гэта Вэнэсуэла, а не Куба”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG