Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Адмена прэфэрэнцыяў для Беларусі: “за” і “супраць”


Алена Струвэ, Менск Міністэрства фінансаў Нямеччыны, якая старшынюе ў Эўразьвязе, паведаміла, што 21 чэрвеня ўступае ў сілу адмена мытных ільготаў для беларускіх тавараў. Адпаведная даведка зьмешчаная на афіцыйных кансалтынгавых інтэрнэт-сайтах Haufe.de, Zoll.de. Само рашэньне адносна выключэньня Беларусі з Генэральнай сыстэмы прэфэрэнцыяў было прынятае Радай ЭЗ летась 20 сьнежня, аднак з адтэрміноўкай на 6 месяцаў.

Калі экспэрты Эўракамісіі называюць рашэньне “звычайнай тэхнічнай працэдурай у адказ на сыстэматычныя парушэньні беларускімі ўладамі правоў працоўных”, шэраг нямецкіх ды эўрапейскіх палітычных назіральнікаў мяркуюць, што “эканамічныя санкцыі, найперш, нанясуць шкоду беларускім працоўным”.

Пасьля далучэньня да ЭЗ Польшчы, Літвы і Латвіі, экспарт Беларусі ў краіны аб’яднанай Эўропы ўзрос у чатыры разы і складае каля паловы ад беларускага экспарту па-за СНД. Так, летась прэфэрэнцыі (зьніжэньне на 10 % мыты) ад беларускага экспарту ў краіны ЭЗ склалі 390 мільёнаў эўра. Галоўным эканамічным партнэрам Беларусі ў ЭЗ традыцыйна лічыцца Нямеччына. Сярод асноўных беларускіх тавараў. якія пастаўляюцца ў гэтую краіну – мінэральныя ўгнаеньні, дрэва, тэкстыль. Апошнім часам у Беларусі створаныя адмысловыя вытворчасьці для гэтага рынку – перапрацоўка сельскагаспадарчай прадукцыі, выраб працоўнай вопраткі. Усё гэта дае працу тысячам беларусаў.

Сярод сталых крытыкаў увядзеньня эканамічных санкцыяў супраць Беларусі – такія вядомыя нямецкія палітыкі і экспэрты як Ута Цапф, Марылюізэ Бэк, Гайнц Тымэрман. Яны лічаць, што падобныя захады, адаб’юцца “не на аўтарытарнай уладзе, а на насельніцтве”. У прыватнасьці, на тых, хто працуе на рынак ЭЗ. Гэтыя людзі проста страцяць працу. Паводле дэпутаткі Бундэстагу і Эўрапарлямэнту Элізабэт Шродтэр, Беларусь у выніку можа стаць яшчэ больш ізаляванай. “Мы глядзім на гэта з сумам, – кажа Элізабэт Шродтэр. – У нас у Эўрапарлямэнце дэпутаты з Польшчы, краінаў Балтыі, якія вельмі актыўныя ў беларускім пытаньні і якія шмат хочуць зрабіць дзеля дэмакратызацыі Беларусі. Аднак, для ўсіх відавочна, што з падобным стаўленьнем рэжыму да правоў чалавека, правоў працоўных, мы нічога ня зможам нармалізаваць”.

Тым часам у Брусэлі рашэньне аб пазбаўленьні Беларусі прэфэрэнцыяў называюць тэхнічнай працэдурай у адказ на сыстэматычныя парушэньні беларускімі ўладамі правоў прафсаюзаў. Паводле эўракамісара Пітэра Мандэльсона, ЭЗ павінен рэагаваць, бо “гэта ёсьць сумесным абавязкам эўрапейцаў у падтрымцы правоў працоўных у Беларусі”.

Экспэрты Эўракамісіі тэарэтычна не выключаюць таго, што Беларусь усё яшчэ мае шанцы застацца ў рамках Генэральнай сыстэмы прэфэрэнцыяў. Гэта магчыма ў выпадку, калі Міжнародная арганізацыя працы ў сваёй чэрвеньскай справаздачы адзначыць пазытыўныя зрухі ў галіне правоў працоўных у Беларусі. Аднак, паводле прадстаўніка Эўракамісіі ва Ўкраіне і Беларусі Ена Боўга, на практыцы ўсё выглядае інакш: апошнім часам сытуацыя з правамі беларускіх працаўнікоў яшчэ больш пагоршылася.
Генэральная сыстэма мытных прэфэрэнцыяў зацьверджаная ў 1971. Яе мэта – увядзеньне адпаведных ільготаў для краін, якія сталі на шлях дэмакратычнага разьвіцьця і якія паважаюць правы чалавека, у прыватнасьці, правы незалежных прафсаюзаў. Рэспубліка Беларусь была ўключаная ў Генэральную сыстэму прэфэрэнцыяў на пачатку 1990-х пасьля абвяшчэньня краінай незалежнасьці і курсу на рэформы.


Гл. таксама

• Афіцыйныя прафсаюзы спалохаліся санкцыяў

• Ці змогуць дамовіцца Менск з Брусэлем?
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG