Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Беларускія дэмакраты паміж Захадам і Ўсходам


Уладзімер Глод, Менск 27 траўня ў Менску скончыўся Кангрэс аб’яднаных дэмакратычных сілаў Беларусі. Была прынятая стратэгія дзеяньняў, якая прадугледжвае дыялёг з уладамі – пры ўмове вызваленьня палітвязьняў; ухваленыя Малая Канстытуцыя і эканамічная плятформа апазыцыі, абраныя палітычная рада аб’яднаных дэмсілаў і чацьвёра сустаршыняў: Вінцук Вячорка, Сяргей Калякін, Анатоль Лябедзька, Анатоль Ляўковіч. Аляксандар Мілінкевіч фармальна перастаў быць лідэрам дэмакратычнай кааліцыі.

На думку палітычнага аналітыка, доктара філязофскіх навук Вячаслава Оргіша, Кангрэс дэмсілаў паказвае: ў апазыцыі існуюць два напрамкі арыентацыі – адзін на Захад, у аб’яднаную Эўропу, і другі на Ўсход – у Расею.

“Сёньня, як бы там не садзіліся камуністы, сацыял-дэмакраты, сябры АГП, БНФ, відавочна, што працэс разьбяганьня апазыцыйных сілаў адбываецца і будзе працягвацца, – кажа Оргіш. – Тут прычыны розныя. Але, на мой погляд, адна з асноўных палягае ў тым, што канкрэтна вызначыліся два кірункі зьнешнепалітычнай, эканамічнай, культурнай арыентацыі. Адны цягнуцца на Ўсход, другія – на Захад. І на мой погляд, у бліжэйшай і сярэднетэрміновай пэрспэктыве гэта будзе вызначаць сытуацыю ў беларускай апазыцыі”.

“У Расеі існуюць колы, якія хацелі б кантраляваць Беларусь...”

“Канечне, было б цудоўна, калі б удалося інтэграваць два падыходы, – працягвае Вячаслаў Оргіш”. – І пры гэтым захаваць галоўнае – сувэрэнітэт і дэмакратыю. І разьвіваць іх далей. Але, мне падаецца, скіраванасьць пэўнай часткі апазыцыі на Ўсход хавае ў сабе пэўную небясьпеку. Справа ў тым, што ў Расеі існуюць пэўныя палітычныя колы, якія б хацелі кантраляваць Беларусь і ў палітычным, і ў эканамічным сэнсе. І дачыненьні з гэтымі сіламі могуць прывесьці да пэўных страт, што тычыцца сувэрэнітэту, эканамічнай самастойнасьці і г. д.

Таму, на мой погляд, пры ўсіх іншых падыходах трэба за аснову браць эўрапейскі накірунак”.

“Фракцыі – толькі падзяляюць...”

Дэпутат Вярхоўнага Савету Беларусі 13-га скліканьня Ўладзімер Нісьцюк лічыць вялікай памылкай новага Кангрэсу стварэньне ў ім палітычных фракцыяў. Чаму?

“Не прапісана працэдура стварэньня фракцыяў. Трэба ведаць, навошта яны ствараюцца, якія правы маюць?

Мы маем цяжкі досьвед ВС 13-га скліканьня, калі дэпутаты абіраліся мажарытарна, а потым стварыліся фракцыі пад партыйную дысцыпліну. Можа, нясьціпла, але я скажу, што як адзін з ініцыятараў збору подпісаў пад імпічмэнт Аляксандра Лукашэнкі, я вельмі шмат змарнаваў часу на размовы з калегамі зь іншых фракцыяў, якія проста ня мелі фракцыйнага рашэньня пісаць такія заявы. Фракцыі толькі падзяляюць, яны не аб’ядноўваюць”.

“Гэта крок назад...”

Былы дэпутат Менскага гарсавету, старшыня апякунскай рады Фонду спрыяньня лякальнаму разьвіцьцю Аляксандар Жучкоў лічыць, што сёньня дэмакратычнаму руху патрэбны адзіны лідэр. І ім мог бы заставацца Аляксандар Мілінкевіч, гаворыць суразмоўца:

“Я думаю, па атмасфэры і па адчуваньню наступстваў гэтага Кангрэсу – гэта крок назад. У мяне адчуваньне цяжкае. Стратэгію прынялі, але я ня ведаю, хто яе будзе выконваць. Калі б сёньня быў поўны склад Кангрэсу, большасьць яе б не падтрымала. А стратэгія, якую не падтрымлівае бальшыня, мне здаецца, ня мае пэрспэктывы”.

Гл. таксама:

• Вынікі Кангрэсу дэмакратычных сілаў: прычыны і наступствы

• Другі дзень кангрэсу: Раскол альбо аб’яднаньне?

• Онлайн рэпартаж з Кангрэсу дэмакратычных сілаў. Другі дзень

• Фотарэпартаж з Кангрэсу дэмакратычных сілаў. Другі дзень

• Кангрэс падзяліў дэлегатаў на прыхільнікаў дзьвюх стратэгіяў 26.05.2007

• Онлайн рэпартаж з Кангрэсу дэмакратычных сілаў. Першы дзень 26.05.2007

• Фотарэпартаж з Кангрэсу дэмакратычных сілаў. Першы дзень 26.05.2007
XS
SM
MD
LG