Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня будуць судзіць маладафронтаўцаў


Юлія Шарова, Менск Сёньня ў Савецкім судзе Менску пачнецца разгляд крымінальнай справы сяброў Маладога Фронту, якіх судзяць за ўдзел у незарэгістраванай арганізацыі. Артыкул 191.1 Крымінальнага кодэксу, паводле якога будуць судзіць Насту Палажанку, Барыса Гарэцкага, Алега Корбана, Зьмітра Хведарука і Аляксея Янушэўскага, прадугледжвае да двух год зьняволеньня.

Юрыст і праваабаронца Алег Воўчак лічыць гэты судовы працэс антыканстытуцыйным.

Воўчак: “Мы, праваабаронцы, ужо зьвярнуліся ў парлямэнт, у Канстытуцыйны суд, да гэнэральнага пракурора і ў Вярхоўны суд, каб яны разгледзілі практыку гэтых крымінальных справаў і адмянілі нормы ў крымінальным кодэксе. На сёньня я атрымаў з Канстытуцыйнага суду я атрымаў адказ, што канстытуцыйны суд ня можа гэтыя нормы разгледзіць на канстытуцыйнасьць, бо ня мае права самастойна праводзіць такі аналіз”.

Па справе маладафронтаўцаў праходзіць таксама Аляксей Янушэўскі, але ён уцёк у Чэхію. Алег Воўчак не асуджае маладога чалавека за такое рашэньне. Іншага меркаваньня прытрымліваецца палітоляг Вячаслаў Оргіш.

Оргіш: “Самае простае, канечне, гэта ўцячы ўсім. Але што застанецца тут? Пустэча? Я ўсё ж мяркую, што тыя, хто застаецца, бяруць на сябе адказнасьць за радзіму, за стан дэмакратыі ў краіне й гэта ёсьць абсалютна сур’ёзнай абсалютна канкрэтнай і абсалютна правільнай грамадзянскай пазыцыяй”.

У мастака Артура Клінава асобны погляд на сытуацыю.

Клінаў: “У мяне ёсьць дачка, якой трынаццаць гадоў. Я яе спэцыяльна ніяк палітычна не ангажаваў, але я проста бачу, як яна цяпер палітычна заангажаваная, таму па-чалавечы я разумею, што такая будучыня можа быць і ў маёй дачкі. Пакуль яна яшчэ дзіця, але празь якія пяць год яна таксама можа пайсьці гэтым шляхам. Таму зразумела, якое ў мяне можа быць да гэтага стаўленьне”.

Адзін зь юнакоў, якіх будуць судзіць, Барыс Гарэцкі, раней выказваў спадзяваньне, што працэс набудзе розгалас. Я запыталася ў мінакоў на вуліцах Менску, ці чулі яны пра справу “Маладога фронту”. Усе мае суразмоўцы адказалі адмоўна. Але што да практыкі судовага перасьледу за ўдзел у незарэгістраванай палітычнай арганізацыі, то меркаваньні былі наступныя.

Хлопец: “Можа й негуманна крыху, я мяркую. Гэта не такое злачынства, за якое трэба судзіць”.

Спадар: “Гледзячы як судзяць. Арганізацыі розныя бываюць, гледзячы якога кшталту. Калі не аргэсары, то ўсё нармальна. Я ўвогуле за тое, каб маладых людзей не асуджалі за іншадумства”.

Спадарыня: “Калі гэта парушэньне закону, то трэба судзіць. Калі не парушэньне, то судзіць ня трэба”.

Дзяўчына: “Я ня бачу нічога такога, каб прыцягваць да крымінальнай адказнасьці менавіта”.

Спадар: “Калі чалавек перайшоў нейкія межы, парушыў закон, то стаўлюся да гэтага абсалютна станоўча. Але я лічу, што павінна быць нейкая свабода слова й выбар у чалавека”.

Гл. таксама

• П.Севярынец: “Момантам ісьціны будзе суд над “Маладым фронтам”

• Суд над маладафронтаўцамі перанесьлі на 28 траўня

• Маладафронтаўцам пагражаюць адказнасьцю за неданясеньне на сяброў
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG