Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Якое сьвята будуць адзначаць беларускія памежнікі праз год?


Ігар Карней, Менск Беларускія памежнікі, магчыма, сёньня апошні раз адзначаюць прафэсійнае сьвята. Новы кіраўнік Дзяржаўнага памежнага камітэту Ігар Рачкоўскі выказаў намер істотна мадэрнізаваць падкантрольнае яму ведамства, а фактычна – зьліквідаваць камітэт у ранейшым выглядзе. Як заявіў Рачкоўскі, час, калі парушальнікі мяжы хадзілі на “капытах” таемнымі сьцежкамі, даўно мінуў. Сучасная мяжа патрэбуе пераарыентацыі на праваахоўныя функцыі.

Агульная працягласьць дзяржаўнай мяжы Беларусі – 3,5 тысячы кілямэтраў. Мяжуе Беларусь з Польшчай, Украінай, Расеяй, Літвой і Латвіяй. Самы значны ўчастак – з Расейскай Фэдэрацыяй: амаль 1300 кілямэтраў. Менавіта гэты “празрысты” кавалак апошнім часам уваходзіць у шэраг найбольш праблемных.

“Празрыстая” мяжа – на замку

Пабудова так званай Саюзнай дзяржавы на практыцы аказалася фікцыяй, і пераход мяжы цяпер займае часу нават болей, чым з эўразьвязаўскімі Літвой і Латвіяй. Пра гэта кажа аўтаперавозчык Сяргей Гусеў:

“Я важу грузы зь Беларусі ў Расею, маю праблемы. У свой час Беларусь незразумела дзеля чаго (чым тады думалі чыноўнікі?) увяла транзыт на калінінградзкія грузы, Расея адказала працэдурай афармленьня часовага ўвозу на наш легкавы транспарт. І паколькі афармляюцца дакумэнты ў адным акне, то чэргі павялічыліся ў разы. Было 200 машын, стала 400-600. Чэргі як з расейскага боку, так і зь беларускага вырасьлі да 16 кілямэтраў. У розныя дні па-рознаму”.

На прэс-канфэрэнцыі да Дня памежніка Ігар Рачкоўскі заявіў, што асобныя праблемы на мяжы выкліканыя састарэлым разуменьнем абавязкаў памежніка. Савецкі вобраз чалавека са стрэльбай і сабакам на тле скруткаў калючага дроту сябе вычарпаў. “Беларусь ні з кім ваяваць не зьбіраецца, – сказаў Рачкоўскі. – Памежнаму ведамству трэба пераарыентавацца на праваахоўныя функцыі, дзеля чаго запатрабуецца зьмена ўсёй структуры”.

Калі рэальна чакаць “рэвізіі” – у памежным ведамстве не паведамляюць. Аднак ужо адбылося паседжаньне калегіі Дзяржкамітэту, у часе якога абмяркоўвалася канцэпцыя разьвіцьця памежнага ведамства на 2008-2018 гады. Можна чакаць, што і памежная рэарганізацыя пачнецца ад наступнага году. Тады і будзе зразумела: ці застанецца ў беларускіх памежнікаў ранейшае прафэсійнае сьвята.

28 траўня – “чорны дзень” абаронцаў мяжы

Паводле зьбегу абставінаў, Дзень памежніка ў Беларусі супаў з датай, ганебнай для ўсіх, хто мае датычнасьць да абароны мяжы. 28 траўня 1987 году на лёгкаматорным самалёце “Сэсна” 19-гадовы немец Матыяс Руст учыніў неверагоднае – праляцеў над звышсакрэтнымі ваенна-паветранымі базамі і прызямліўся на Чырвонай плошчы ў Маскве. За жаданьне “зблізіць Усход і Захад” Руст 14 месяцаў адседзеў у турме ў Ляфортаве (замест 4 гадоў).

У беларускіх абаронцаў наземных і паветраных межаў гэтаксама ёсьць свой “чорны дзень”. Ён датаваны 12 верасьнем 1995 году і, адрозна ад маскоўскай гісторыі, адзначаны “звышпільнасьцю”. Тады над Бярозай быў зьбіты паветраны шар з двума амэрыканскімі падарожнікамі. Абодва загінулі.

Жыхарка Бярозы Валянціна Салавей была першай, хто аказаўся на месцы трагедыі. Пазьней, як і ў 1987-м у Маскве, сюды прыехала ўсё начальства:

“Людзей было шмат. У сэнсе уладаў. І начальнік міліцыі, і іншыя чыноўнікі. Увогуле не магу сказаць, хто канкрэтна быў, бо яны ж не прадстаўляліся, хто і што, але людзей сабралася процьма. І зь Берасьця прыехалі, з пракуратуры, адусюль. У літаральным сэнсе так было – машыны адна за адной пад’яжджалі і ўсе, канечне, былі ў жаху”.

Капітан ваенна-паветраных сілаў у адстаўцы Аляксандр Пашчанка на пасадзе бартавога тэхніка верталёту Мі-24 служыў у вайсковай частцы, раскватараванай блізу вёскі Засімавічы. Менавіта адтуль з загадам зьнішчыць “небясьпечны аб’ект” былі ўзьнятыя баявыя верталёты.

“Тады наконт гэтага паветранага шара ніхто нічога толкам ня ведаў, – расказвае Пашчанка. – Усё было пакрыта таямніцай. Яго зьбілі, ён упаў, экіпаж назад вярнуўся, і ніхто ніякіх падрабязнасьцяў ня ведае. Толькі па чутках пачалі інфармацыю зьбіраць. Потым верталётчыкаў у Менск вазілі; яны не хавалі, што страшна было, бо сабраліся ўсе высокія чыны, з амэрыканскай амбасады прыходзілі. А яны што маглі сказаць? Загадалі страляць, яны загад і выконвалі. І ведаць ні пра што ня ведалі. Не было ж на тым шары ні апазнавальных знакаў, ні адпаведных надпісаў...”

Гл. таксама

• Расейскія памежнікі не пацьвярджаюць зьвестак пра ўзмацненьне расейска-беларускай мяжы
XS
SM
MD
LG