Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што дае статус “вязень сумленьня”?


Алег Грузьдзіловіч, Менск Сёньня вядучая праваабарончая арганізацыя сьвету “Міжнародная амністыя” адзначае дзень заснаваньня. Гэтая арганізацыя ўважліва сочыць за становішчам ў Беларусі. У апошняй штогадовай справаздачы “Міжнароднай амністыі” Беларусь названа лідэрам парушэньня правоў чалавека ў Эўропе. Паводле праваабаронцаў, у Беларусі найчасьцей парушаюць палітычныя правы грамадзян і караюць зьняволеньнем за палітычныя погляды. Летась міжнародная амністыя прызнала вязьнямі сумленьня ў Беларусі 11 чалавек.

Што дае статус вязьня сумленьня, які “Міжнародная амністыя” прысуджае палітзьняволеным? Перавага найперш у тым, што да такога вязьня прыцягваецца ўвага праваабаронцаў сьвету, а празь яе і палітыкаў, што падвышае шанцы на датэрміновае вызваленьне. Другое – чалавек з такім статусам лягчэй атрымае прытулак у дэмакратычных краінах, калі па яго зьвернецца. Але самі палітвязьні гэтым карыстаюцца ў выключных выпадках.

Беларуская праваабаронца Кацярына Садоўская днямі выйшла з гомельскай калёніі, а раней была абвешчана “Міжнароднай амністыяй” вязьнем сумленьня.

"Не, вы ведаеце, эмігрыраваць я не зьбіраюся, – адказвае яна на маё пытаньне. – Трэба ў сваім доме наводзіць парадак. А што ўжо спрабавала і вынік быў сумны – што ж. Затое набралася розуму. Паспрабуем інакш”.

Летась 11 беларусаў былі прызнаныя вязьнямі сумленьня, у тым ліку былы кандыдат на прэзыдэнта Аляксандр Казулін. Вядомы беларускі праваабаронца Гары Паганяйла лічыць, што ўсе вязьні сумленьня атрымалі гэты статус заслужана, і казаць пра неаб’ектыўнасьць не даводзіцца.

“Вельмі складаная працэдура. Патрэбна зацьвярджэньне нацыянальных арганізацый і доказы пэўных дзеяньняў у барацьбе з рэжымам. Звычайна гэта адбываецца зь ініцыятывы мясцовых праваабаронцаў”.

“Міжнародная амністыя” – найбуйнейшая ў сьвеце праваабарончая арганізацыя, пры гэтым адна са шмат тысяч. А чаму ў Беларусі апошнім часам колькасьць праваабарончых структур не павялічваецца? Валянцін Стэфановіч раней працаваў у закрытай уладамі праваабарончай арганізацыі “Вясна”.

“Умовы працы не спрыяльныя, – кажа ён. – Зарэгістраваць арганізацыю фактычна немагчыма, а працаваць пад пагрозай крымінальнага перасьледу за ўдзел у незарэгістраванай арганізацыі, відаць, таксама асабліва няма жадаючых”.

Між тым, сам Валянцін Стэфановіч працягвае праваабарончую дзейнасьць у якасьці вольнага актывіста.

Праваабарончая арганізацыя “Міжнародная амністыя” была створана 28 траўня 46 гадоў таму ў Лёндане. Юрыст Пітэр Бэнэнсан выступіў у абарону двух партугальскіх студэнтаў, якіх рэжым дыктатара Салазара пакараў турмой за прамоўлены ў рэстарацыі тост “За свабоду!”. Пазьней ініцыятыва абароны ад рэпрэсій праз салідарнасьць вылілася ў вялікую структуру, якая аб’ядноўвае амаль 2 мільёны чалавек у 140 краінах сьвету.


Гл. таксама

• Праваабаронцы: “2006 год быў рэкордным у парушэньні правоў чалавека”
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG