Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пытаньне лідэрства ў апазыцыі мае вырашыцца ў нядзелю


Ганна Соўсь, Менск, Валер Каліноўскі, Прага У нядзелю на кангрэсе плянуецца абмеркаваць і прыняць стратэгію дзейнасьці Аб''яднаных дэмакратычных сілаў, ухваліць праграмныя дакумэнты і рэзалюцыі, заўтра ж будзе сфармаваная новая Палітрада аб''яднанай апазыцыі.

Найбольш эмацыйным у канцы першага дня кангрэсу быў выступ былога старшыні Вярхоўнага Савету Станіслава Шушкевіча, які прапанаваў дэлегатам кангрэсу бюлетэнь для таемнага галасаваньня з дзьвюма пытаньнямі. Першае – ці галасаваць за сустаршыняў Палітрады, другое – ці абраць старшынём Аляксандра Мілінкевіча.

Адзін з арганізатараў кангрэсу лідэр Партыі камуністаў беларускай Сяргей Калякін мяркуе, што гэта прапанова ня пройдзе.

“Ніякіх надзвычайных сытуацый у першы дзень кангрэсу не было. Былі гарачыя выступы, у зале было крыху квакераў, якія не былі дэлегатамі, але спрабавалі лабіяваць інтарэсы нейкіх палітычных сілаў. Затым усё ўвайшло ў рэчышча цывілізаванага абмену думкамі і вырашылася дэмакратычным шляхам – галасаваньнем. Праўда ў канцы была ўнесеная прапанова аб правядзеньні таемнага галасаваньня бюлетэнямі, каб выказацца, ці выступаюць дэлегаты за выбраньне сустаршыняў ці за абраньне старшынёю Мілінкевіча. Але гэта ўжо было. На нарадзе ў Вільні было ўхваленае пагадненьне, у якім было запісана, што гэтае спрэчнае пытаньне перадаецца для таемнага галасаваньня дэлегатам на рэгіянальныя сходы. На гэтых сходах прысутнічала 75 працэнтаў усіх дэлегатаў. І гэтыя людзі выказаліся за сустаршыняў. Сёньняшняя спроба разбурыць гэтае пагадненьне можа быць небясьпечнай. Але я думаю, што гэтая прапанова заўтра ня пройдзе".

Аляксандар Мілінкевіч, які ўзяў удзел у Кангрэсе, вырашыў не выстаўляць сваю кандыдатуру ў сустаршыні, ён лічыць, што апазыцыі для барацьбы з дыктатурай патрэбен адзін лідэр, і ён гатовы прапанаваць сваю кандыдатуру і ўзяць на сябе адказнасьць. Спадар Мілінкевіч выказаў стрыманы аптымізм хадою Кангрэсу.

"На шчасьце, форум не праходзіць, як у камуністычныя часы, ёсьць дыскусія, ёсьць альтэрнатыўныя прапановы. І заля ажывае ў такія моманты. Бо было ўжо зусім безнадзейна, таму што ўсё было вырашана да кангрэсу. Спадзяюся, што ўсё-такі, што здаровы сэнс пераможа і праўду ўсе зразумеюць".

У першай палове дня асноўным пытаньнем, вакол якога ўзьніклі рознагалосьсі была прапанова былога палітвязьня Міколы Статкевіча вынесьці на разгляд праект стратэгіі дэмакратычных сілаў, які распрацавала Эўрапейская кааліцыя.

Статкевіч лічыць праект стратэгіі, распрацаванай кааліцыяй, стратэгіяй страху і чаканьня, а свой праект – стратэгіяй змаганьня. Аднак па выніках галасаваньня ягоная прапанова не была ўхваленая.

Былы палітвязень Павал Севярынец падтрымаў праект “стратэгіі змаганьня” Міколы Статкевіча, які быў адхілены большасьцю дэлегатаў. Павал заявіў нашаму радыё:

“Адхіліла яго 280 дэлегатаў, за прагаласавала – 256. За гэты час прыехала каля 100 дэлегатаў кангрэсу, якія затрымаліся ў рэгіёнах, таму раскладка сілаў зараз невідавочная... Безумоўна, змаганьне за гэтую стратэгію працягваецца, магчыма, нам удасца паставіць пытаньне аб галасаваньні за лідэра менавіта на кангрэсе. Арганізатары кангрэсу робяць выгляд, што гэтае пытаньне ўжо вырашанае. Але спадзяюся, што нам удасца гэтае пытаньне ўзьняць і хада кангрэсу набудзе кірунак яднаньня нацыянальных, змагарных сілаў”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG