Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Першы дзень Кангрэсу дэмакратычных сілаў. Онлайн рэпартаж


Радыё Свабода Першы дзень Кангрэсу дэмакратычных сіл скончыўся.

19.55. Першы дзень працы кангрэсу камэнтуе адзін з яго арганізатараў лідэр Партыі камуністаў беларускай Сяргей Калякін.

“Ніякіх надзвычайных сытуацый у першы дзень кангрэсу не было. Былі гарачыя выступы, у зале было крыху квакераў, якія не былі дэлегатамі, але спрабавалі лабіяваць інтарэсы нейкіх палітычных сілаў. Затым усё ўвайшло ў рэчышча цывілізаванага абмену думкамі і вырашылася дэмакратычным шляхам – галасаваньнем. Праўда ў канцы была ўнесеная прапанова аб правядзеньні таемнага галасаваньня бюлетэнямі, каб выказацца, ці выступаюць дэлегаты за выбраньне сустаршыняў ці за абраньне старшынёю Мілінкевіча. Але гэта ўжо было. На нарадзе ў Вільні было ўхваленае пагадненьне, у якім было запісана, што гэтае спрэчнае пытаньне перадаецца для таемнага галасаваньня дэлегатам на рэгіянальныя сходы. На гэтых сходах прысутнічала 75 працэнтаў усіх дэлегатаў. І гэтыя людзі выказаліся за сустаршыняў. Сёньняшняя спроба разбурыць гэтае пагадненьне можа быць небясьпечнай. Але я думаю, што гэтая прапанова заўтра ня пройдзе".

19.45 . Аляксандар Мілінкевіч камэнтуе вынікі першага дня Кангрэсу.

"На шчасьце форум не праходзіць, як у камуністычныя часы, ёсьць дыскусія, ёсьць альтэрнатыўныя прапановы. І заля ажывае ў такія моманты. Бо было ўжо зусім безнадзейна, таму што ўсё было вырашана да кангрэсу. Спадзяюся, што ўсё-такі, што здаровы сэнс пераможа і праўду ўсе зразумеюць".

19:30 Першы дзень Кангрэсу аб’яднаных дэмакратычных сілаў скончыўся. Паводле апошніх зьвестак у ім узялі ўдзел 681 з 917 дэлегатаў. Дэлегаты сустракаюцца ў фракцыях. На 27 траўня заплянаванае абмеркаваньне стратэгіі аб''яднаных дэмакратычных сілаў і праграмных дакумэнтаў.

19:00 Фотарэпартаж з Кангрэсу дэмакратычных сілаў

18:50 Намесьніца старшыні АГП Людміла Гразнова заклікала ўсіх забыць разлады, узьняцца над партыйнымі прыхільнасьцямі і прыйсьці да адзінства пазыцыяў. "Калі працягнуцца рознагалосьсі, мы пахаваем сябе як эўрапейскую дзяржаву", – заявіла палітык. Гразнова зьвінаваціла Расею, што тая ладзіць правакацыі ў апазыцыйных сілах. "Намі маніпулююць", – сказала яна.

18:40 Станіслаў Шушкевіч прапанаваў паставіць на галасаваньне альтэрнатыву. Першы бюлетэнь – за абраньне сустаршынямі палітычнай рады аб’ядных дэмакратычных сіл (АДС) мусяць быць Вячорка, Калякін, Ляўковіч і Лябедзька. Другі бюлетэнь – старшынём палітрады АДС мусіць быць Мілінкевіч.

Слухаць:

18:30 Ігар Рынкевіч: "Казулін гатовы ўзначаліць урад народнага даверу". Ганна Соўсь перадае:



18:20 Старшыня Саюзу правых сілаў Мікіта Бялых: "Падзеі, якія адбываюцца цяпер ў Беларусі, вельмі падобныя да тых, што адбываюцца ў Расеі. І расейскую, і беларускую апазыцыю, калі іх падтрымлівае 20 адсоткаў насельніцтва краінаў, ніхто ня будзе браць у разьлік. СПС бачыць адносіны паміж Расеяй і Беларусьсю як дачыненьні дзьвюх сувэрэнных дзяржаваў. Тут ня трэба ўмешваць Эўразьвяз".

18:15 Дэпутат расейскай Дзяржаўнай думы Ўладзімер Рыжкоў заявіў, што дэмакратычныя сілы Расеі падтрымліваюць дэмакратычныя сілы Беларусі. Ён назваў дэлегатаў кангрэсу "свабоднымі людзьмі ў свабоднай Беларусі".

17:50 Вінцук Вячорка адзначыў важную ролю Аляксандра Мілінкевіча ў міжнароднай працы, назваў дыпляматычным прарывам сытуацыю, якая склалася за апошні час.

Слухаць:

“Найважнейшымі вынікамі гэтага дыпляматычнага прарыву было непрызнаньне падзеяў 19 сакавіка 2006 году без справядлівых і празрыстых выбараў усімі эўрапейскімі краінамі, ЗША і міжнароднымі эўрапейскімі і эўраатлянтычнымі арганізацыямі. Таксама пастаноўка пытаньня пра вызваленьне палітычных вязьняў. Тое, што сёньня побач з намі, прынамсі, іх частка – мы рады іх бачыць – гэта ў пэўным сэнсе рэха той працы. Тое, што сёньня адбываецца наш кангрэс у Менску, гэта ў пэўным сэнсе таксама рэха таго нашага супольнага змаганьня”.

17.45. Былы палітвязень Павал Севярынец падтрымаў праект “стратэгіі змаганьня” Міколы Статкевіча, які быў адхілены большасьцю дэлегатаў. Павал заявіў нашаму радыё:

“Адхіліла яго 280 дэлегатаў, за прагаласавала – 256. За гэты час прыехала каля 100 дэлегатаў кангрэсу, якія затрымаліся ў рэгіёнах, таму раскладка сілаў зараз невідавочная... Безумоўна змаганьне за гэтую стратэгію працягваецца, магчыма, нам удасца паставіць пытаньне аб галасаваньні за лідэра менавіта на кангрэсе. Арганізатары кангрэсу робяць выгляд, што гэтае пытаньне ўжо вырашана. Але спадзяюся, што нам удасца гэтае пытаньне ўзьняць і хада кангрэсу набудзе кірунак яднаньня нацыянальных, змагарных сілаў”.

17:30 Лябедзька: “Давайце аб’яднаем свае намаганьні, каб абараніць людзей, у якіх адабралі сацыяльныя гарантыі і льготы якіх адабралі. Гэта некалькі мільёнаў нашых грамадзянаў, некалькі мільёнаў выбарнікаў. Надрукуем мільённымі тыражамі ўлёткі, газэты, і пойдзем да людзей. Давайце будзем абараняць іх інтарэсы супольнымі намаганьнямі”.

17:25 Анатоль Лябедзька ў прамове да дэлегатаў кангрэсу: “У гэтай залі няма агульнага лідэра. У краіне няма агульнапрызнанага лідэра. І аб’яднаным дэмакратычным сілам трэба яднацца вакол агульнай стратэгіі”.

Слухаць:

17:15 Дэлегатам кангрэсу прадэманстравалі відэазварот кангрэсмэна ЗША Джона Шымкуса. Перадае Ганна Соўсь:



15:00 Сяргей Калякін падвёў вынікі кампаніі прэзыдэнцкіх выбараў 2006 году і зазначыў, што апазыцыя не змагла пераадолець рознагалосьсі. Лідэр апазыцыйнай Партыі камуністаў прапанаваў шукаць кампраміс, бо цяперашнюю палітычную сытуацыю ён лічыць тупіковай. Сяргей Калякін спадзяецца, што ўдзельнікі дэмакратычнага руху пераадолеюць унутраны крызіс. Што да "стратэгіі змаганьня", прапанаванай Міколам Статкевічам, то Сяргей Калякін ня бачыць у ёй прынцыповай розьніцы са стратэгіяй аб’яднанай апазыцыі, бо ў абодвух выпадках гаворка ідзе пра канстытуцыйную зьмену ўлады ў краіне. Сяргей Калякін мяркуе, што перамовы з уладай патрэбныя, і што ўлада будзе лічыцца адно з моцнай апазыцыяй.

Слухаць:

14:25 Мілінкевіч скончыў свой выступ словамі: "Я гатовы ўзяць адказнасьць на сябе... Я прапаноўваю сябе тым, хто верыць у мяне. Я не сыходжу з кангрэсу, але я ня буду вылучаць кандыдатуры ў лідэры".

14:20 Аляксандар Мілінкевіч пра стратэгію дзеяньняў дэмакратычнай апазыцыі:



Мілінкевіч: “Я падзяляю думку, што была выказаная, стратэгія – самае галоўнае. Яна важнейшая за тое хто, як і чым кіруе. Стратэгія вызначае тое, чаго мы можам дамагчыся. Тая стратэгія, распрацаваная аналітыкамі партый, – гэта стратэгія чаканьня. Калі гаварыць, што аснова нашай дзейнасьці – правядзеньне дыялёгу, круглых сталоў... Будзе круглы стол, хутчэй за ўсё, але толькі калі мы будзем сілай. Над гэтым трэба шмат-шмат працаваць. Мы ўладзе ад 1995 году прапануем круглыя сталы. Улада хоць раз адрэагавала?”

14:15 Аляксандар Мілінкевіч: "У апазыцыі – глыбокі крызыс".

Слухаць:

“Я буду шчыра казаць пра тое, што ў апазыцыі глыбокі крызіс. Сур’ёзны крызыс. Не канчатковы. Але пра гэта трэба шчыра казаць, каб лекаваць хваробу. Пасьля 2001 году, і нават сёньня пасьля кампаніі ад нас сышлі людзі, таму што яны былі расчараваныя. ... У мінулым годзе мы не змаглі арганізаваць сур’ёзнай канкрэтнай працы. Хто вінаваты? Мы ўсе. Лідэры ў першую чаргу. ... Я за тое, каб на кангрэсах пэрыядычна абіраўся лідэр. Але ня веру, што без вызначэньня лідэра можна змагацца з дыктатурай. Можна круглыя сталы без лідэра праводзіць, але ў змаганьне – як на вайне. Сёньня ідзе халодная вайна, а часам і не халодная. Мусіць быць лідэр. Гэта мая цьвёрдая пазыцыя”.

14:09 Дэлегаты невялікай перавагай галасоў адхілілі прапанову Міколы Статкевіча разгледзіць першым пытаньнем стратэгію дэмакратычнага руху.

14:00 Станіслаў Шушкевіч абраны вядоўцам кангрэсу.

13:50 Выступіў намесьнік старшыні Партыі БНФ Юры Хадыка. Ганна Соўсь перадае:



13:45 Павал Севярынец заклікаў зьмяніць рэглямэнт і найперш разгледзець пытаньне стратэгіі, у тым ліку прапанову Міколы Статкевіча.

13:35 Прапанову Статкевіча разгледзіць ягоную альтэрнатыўную стратэгію пакуль не абмяркоўваюць. Дэлегаты займаюцца працоўнымі пытаньнямі працы кангрэсу.

13:30 Кангрэс пачаўся з рэзкага выступу Міколы Статкевіча. Ганна Соўсь перадае:



13:15 Кангрэс аб’яўлены адкрытым. Вылучана 917 удзельнікаў, прысутнічае 568. Прысутнічаюць 103 журналісты 45 СМІ зь Беларусі, Расеі, Польшчы, ЗША, Нямеччыны, Чэхіі ды іншых.

Старшыня камітэту ў падрыхтоўцы кангрэсу Аляксандар Бухвостаў адзначыў, што на папярэднім Кангрэсе грамадзтву была прапанаваная альтэрнатыва ўладзе ў якасьці асобы (Аляксандра Мілінкевіча – рэд.), і што цяпер гэтага не дастаткова: на цяперашні кангрэс выносіцца плян сумесных дзеяньняў усіх дэмакратычных сілаў.

13:00 Амбасадарка ЗША ў Беларусі Карэн Ст’юарт: "Мы цікавімся кангрэсам, бо гэта прыклад дэмакратычнага працэсу. Амбасадары краінаў Эўразьвязу і ЗША зацікаўленыя, што такія працэсы адбываюцца".

12:52 Павал Севярынец у інтэрвію “Свабодзе” заявіў, што чакае ад кангрэсу перамогі нацыянальных сілаў. Анатоль Лябедзька спадзяецца, што ўсё пачнецца пасьля кангрэсу, калі “пазытыўная стратэгія пачне даходзіць да людзей”.

12:50 На кангрэсе прысутнічаюць прадстаўнікі дыпляматычных місіяў ЗША, Латвіі, Нямеччыны, Вялікай Брытаніі, Швэцыі. Сярод замежных гасьцей – дэпутат расейскай Дзяржаўнай думы Ўладзімер Рыжкоў і старшыня Саюзу правых сілаў Мікіта Бялых.

12:43 Сярод дэлегатаў кангрэсу шмат прадстаўнікоў незарэгістраванай арганізацыі “Малады фронт”, якія выступаюць за стратэгію Міколы Статкевіча, названую ім “стратэгіяй змаганьня”.

12:41 Аляксандар Мілінкевіч у інтэрвію "Свабодзе": "Я хачу, каб гэта быў кангрэс адкрытай размовы, адкрытага дыялёгу. Калі дыялёгу не адбылося на абласных канфэрэнцыях, я хацеў бы, каб на кангрэсе адбылася нармальная дыскусія, якая паспрыяе аб’яднаньню. Тое, што мы усе тут розныя па поглядах, – гэта адназначна. Я думаю, што ў будучыні больш эфэктыўнай была б праца ў круглым стале двух блёкаў. Левы ёсьць. Мусіць быць нацыянальна-дэмакратычны праэўрапейскі блёк. Нацыянальна-дэмакратычны блёк будзе базавацца на руху “За свабоду”.

12:40 Ідзе запіс у фракцыі, якіх усяго шэсьць: фракцыя сацыял-дэмакратаў, “Рэгіёны за свабоду” Аляксандра Мілінкевіча, Аб’яднанай Грамадзянскай Партыі, Партыі БНФ, Партыі камуністаў беларускай і “Саюз працы”.

12:37 Старшыня арганізацыйнага камітэту ў справе правядзеньня кангрэсу Аляксандар Бухвостаў заявіў: "Я чакаю ад кангрэсу, што ён засьведчыць адзінства. Аднак маю сумнеў, што гэта адбудзецца. Беларуская апазыцыя ня здольная змагацца з рэжымам разам. Кожны паасобку".

12:35 Ігар Рынкевіч, былы адвакат Аляксандра Казуліна: "Галоўная мэта – захаваць адзінства і даказаць што аб''яднаная апазыцыя здольная ня толькі гуляць у віртуальны парлямэнт і займацца аналітыкай. Трэба не пасварыцца і стварыць орган, які можа перамагаць, даказаць што мы можам кіраваць дзяржавай".

12:30 Мікола Статкевіч у інтэрвію “Свабодзе” паведаміў, што чакае ад кангрэсу вызначанасьці: “Альбо дзяліць плыні і чакаць перамоваў з уладай, альбо змагацца”. Падрыхтаваную аб’яднанай кааліцыяй стратэгію Статкевіч лічыць “стратэгіяй страху і чаканьня”. Ён будзе дамагацца, каб на Кангрэсе разгледзелі ягоную альтэрнатыўную стратэгію. Выступу Статкевіча няма ў праграме, тое, што праграма не выносіцца на абмеркаваньне, ён лічыць ня слушным.

12:27 Сяргей Калякін: "Настрой працоўны. Чаканьні ад Кангрэсу – аптымістычныя".

12:25 Аляксандар Мілінкевіч у інтэрвію "Свабодзе": "Я шкадую, што гэты кангрэс не аб''яднае, але я спадзяюся, што ён і не разьяднае дэмакратычныя сілы. Урэшце будзе знойдзены агульны пункт гледжаньня. Кааліцыя непаўнавартасная, калі яна ня можа вылучыць адзінага лідэра ва ўмовах дыктатуры". Мілінкевіч падкрэсьліў, што прыйшоў на кангрэс шараговым дэлегатам.

12:20 Аляксандар Мілінкевіч заявіў, што ягоная пазыцыя засталася бязь зьменаў. "Бязь лідэра змагацца з дыктатурай немагчыма. Я не магу сядзець за сталом перамоваў. Мне трэба рабіць нешта канкрэтнае", – заявіў палітык.

12:10 Дэлегаты кангрэсу працягваюць рэгістравацца. Па дарозе да Палацу культуры “МАЗу” стаяць міліцэйскія спэцназаўцы. Ля ўваходу ў палац шмат людзей, якія гутараць з палітыкамі. У многіх прышпіленыя бел-чырвона-белыя стужкі. На ганку Мікола Статкевіч распавядае пра сваю альтэрнатыўную палітычную стратэгію.

12:05 У фае Палацу культуры МАЗ – плякаты з партрэтам "маладафронтаўцаў" Алега Корбана, Барыса Гарэцкага, Насты Палажанкі, Аляксей Янушэўскага і Зьмітра Хверадрука. На плякаце напісана: "Падтрымай моладзь! Прыйдзі ў Савецкі суд 28 траўня ў 10:00. Праяві сваю салідарнасьць!"

12:00 Меркаваньні слухачоў "Свабоды" пра Кангрэс дэмакратычных сілаў.

Тэлефон у Менску 266 39 52.

Слухаць:





11:50 У Беларусь не пусьцілі дэпутата літоўскага парлямэнту Эмануэліса Зінгірыса, які быў госьцем папярэдняга Кангрэсу. Зінгірыс займае жорсткую пазыцыю адносна беларускіх уладаў, і мяркуе, што Эўразьвяз можа весьці размову з афіцыйным Менскам толькі пасьля вызваленьня ўсіх палітвязьняў.
XS
SM
MD
LG