Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як у калёніі спрабавалі ўтаймаваць праваабаронцу Кацярыну Садоўскую?


Алег Грузьдзіловіч, Менск Вязьні паважалі Кацярынку Садоўскую за тое, што і ў калёніі яна працягвала праваабарончую дзейнасьць. Як Артур Фінькевіч дамогся, каб яго пошту не праглядалі? Аляксандр Казулін паведаміў пра асаблівае стаўленьне да яго адміністрацыі калёніі.

На гэтым тыдні адразу тры беларускіх палітвязьня выйшлі на волю. Гэта палітыкі Павал Севярынец і Мікола Статкевіч ды праваабаронца Кацярына Садоўская.

“Будзеш працаваць на нас, расказваць, што робіць Садоўская...”

Дамоў Кацярыну Садоўскую забраў з гомельскай жаночай калёніі сын. Муж напярэдадні лёг у шпіталь, і таму іх сустрэча на дзень аказалася адкладзеная.

Па тэлефоне Кацярына шмат распавяла пра жыцьцё ў калёніі. Але асабліва ўразіла тое, што яна і там, за кратамі, працягвала дапамагаць людзям як праваабаронца. Яна кажа, што гэтым, натуральна, заслужыла асаблівае стаўленьне адміністрацыі, але і павагу іншых вязьняў. Вось адзін з эпізодаў турэмнага жыцьця Кацярыны Садоўскай:

“Дзяўчаты ўсе сьмяяліся, казалі: “Пятроўна, цябе яны баяцца як агню. Адзін апэратыўны супрацоўнік прыйшоў, адвёў дзяўчыну і кажа, што будзеш працаваць на нас, расказваць, што робіць Садоўская. А яна яму: “Нічога я табе казаць ня буду, а ёй усё пра гэта раскажу”. Прыйшла і сапраўды расказала”.

Кацярына Садоўская адбыла за кратамі болей за 10 месяцаў. Павал Севярынец – болей за паўтара году “хіміі”. Мікалай Статкевіч адбыў на “хіміі” амаль два гады. Апазыцыя ў Беларусі лічыць, што ўлады вызвалілі гэтых людзей пад ціскам грамадзкасьці і дэмакратычных краін сьвету.

Фінькевіч дамогся таго, каб у яго не канфіскоўвалі газэты

У зьняволеньні з актывістаў “Маладога фронту” ў Шклоўскай калёніі застаецца Зьміцер Дашкевіч, а на “хіміі” ў Магілёве – Артур Фінькевіч. Калі я патэлефанаваў Артуру, ён разгортваў сьвежы нумар “Нашай нівы” з партрэтамі вызваленых сяброў.

“Вось зараз я бачу фота Севярынца зь Мілінкевічам на першай паласе “Нашай нівы”. Потым фотаздымак маёй камэндатуры. Пасьля артыкул пра “Малады фронт”, фатаздымак Хведарука. Бел-чырвона-белыя сьцягі. Гарэцкі з навязкай “Малады фронт”. Палажанка ў майцы “Малады фронт”. Корбан на тле расьцяжкі. Карацей, нумар пра нас”.

Артур распавёў, што раней ягоную пошту праглядалі і ён мог не атрымаць нейкі газэтны нумар. Але пачаў скардзіцца і дамогся таго, каб гэтае цэнзураваньне спынілася.

Гуляць у футбол Казуліну не дазваляе здароўе

З Аляксандрам Казуліным у калёніі сустрэўся ягоны адвакат Зьміцер Гарачка. Паводле сваякоў палітвязьня, інфармацыя пра ягонае здароўе, якую правёз адвакат, мала чым адрозьніваецца ад ранейшай, атрыманай падчас спатканьня на мінулым тыдні. Казулін яшчэ слабы, у футбол ён насамрэч ужо не гуляе, як казала адміністрацыя. Цытата з апошняга ліста Казуліна да сваякоў сьведчыць пра яго ацэнку пэўных намаганьняў адміністрацыі калёніі “Віцьба-3”:
А.Казулін: “Я і сам не чакаў, што фактычна апынуся бяз мышцаў і зараз трэба ўсё пачынаць зноў... А тут спрабуюць прадэманстраваць, як у мяне ўсё добра”.
“Я і сам не чакаў, што фактычна апынуся бяз мышцаў і зараз трэба ўсё пачынаць зноў. Гэта я і спрабую зрабіць. А тут зь вялікай ахвотай і задавальненьнем спрабуюць прадэманстраваць, як у мяне ўсё добра. Зразумела, для зьнешняга выгляду і для ўзьдзеяньня”.

Паводле дачкі палітыка Юліі Казулінай, адміністрацыя абмяжоўвае яе бацьку ў атрыманьні дыетычнага харчаваньня.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG