Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У “Доме літаратара” Васіль Зуёнак, Ганна Кісьліцына, Франак Вячорка


Аўтары: Валянціна Аксак, Ганна Кісьліцына, Міхась Скобла. Рэдактар: Сяргей Абламейка Новая перадача сэрыі “Дом літаратара”.

ЛІТПРАЦЭС

Франак Вячорка: “Наша мэта – перавесьці ўсю беларускую клясыку ў аўдыёкнігі”

На наступным тыдні ў продажы зьявяцца дыскі з запісамі кнігаў Джоржа Оруэла “Фэрма” і “1984” у перакладах на беларускую мову Сяргея Шупы. Чакаецца таксама хуткае выданьне аўдыёдыскаў з запісамі пытаньняў і адказаў па айчыннай гісторыі. А тым часам ініцыятары выданьня грамадзкая арганізацыя “Вэтэраны Адраджэньня” і моладзевая суполка “Беларускі Гальфстрым” працягваюць працу над стварэньнем новых беларускіх аўдыёкнігаў. З куратарам “Беларускага Гальфстрыму” -- студэнтам журфаку Белдзяржунівэрсытэту Франакам Вячоркам гаворыць Валянціна Аксак.

Валянціна Аксак: “Спадар Франак, ваша ініцыятыва, нам, радыстам, што называецца маслам па вушах. Гатовыя запісы твораў беларускае літаратуры – падарунак для любога радыё. З чым вы сёньня прыйшлі да нас?”

Франак Вячорка: “Мы, удзельнікі творчае ініцыятывы “Беларускі Гальфстрым”, супольна з грамадзкім аб’яднаньнем “Вэтэраны Адраджэньня”, ужо зрабілі дзьве аўдыёкнігі на беларускай мове. Гэта пераклады твораў Оруэла “1984” і “Фэрма”, а таксама начытаныя адказы з вядомае навукова-публіцыстычнае працы “150 пытаньняў і адказаў з гісторыі Беларусі”.

Аксак: “Напачатку году Гомельскі дабрачынны фонд “Зямляцтва” заявіў пра намер выдаць аўдыёкнігамі мэтава для людзей з аслабленым зрокам “Новую зямлю”Якуба Коласа, дыскі з беларускімі казкамі ды іншыя творы. А што ў вашых далейшых плянах?”

Вячорка: “Цяпер мы рыхтуем зьвязку аўдыёкнігаў з беларускае клясычнае літаратуры, найперш са школьнае праграмы, бо гэтыя кнігі, на нашу думку, павінны стацца незаменным падручнікам і дапаможнікам школьнікам у іхным навучаньні, паколькі ў моладзі агулам прападае жаданьне чытаць. І ў дадзены момант мы ўжо маем агучаную, толькі што ня зьведзеную паэму “Сымон-музыка” Коласа. Таксама маем у плянах агучваньне паэзіі Купалы – праграмнай і пазапраграмнай, цэнзурнай і непадцэнзурнай”.

Аксак: “Пытаньне пра сучасную беларускую літаратару. Вядома, што беларускія пісьменьнікі рэдка скарыстоўваюць для пашырэньня сваіх твораў такую магчымасьць, як інтэрнэт, аддаючы перавагу традыцыйнай папяровай кнізе. А як яны паставіліся да магчымасьці стаць аўтарамі аўдыёкнігаў? Ці прапаноўвалі вы каму-небудзь зь іх свае тэхнічныя паслугі? Ці можа хто з папулярных беларускіх пісьменьнікаў ужо сам даверыў вам свой новы твор?”

Вячорка: “Я думаю, што гэтая наша ініцыятыва і яе посьпех ёсьць паказчыкам таго, што трэба ўсю беларускую літаратуру пераводзіць на аўдыёносьбіты. Што тычыцца літаратараў, то тыя, каго я ведаю, даўно карыстаюцца інтэрнэтам, і бальшыня іх твораў зьмяшчаецца на літаратурных і літаратуразнаўчых сайтах у Сеціве. Але ніхто зь іх яшчэ мне асабіста не прапаноўваў свае творы на аўдыёкнігі. Усё толькі пачынаецца. Пакуль што мы робім нашу клясыку, базіс, і на маё меркаваньне, нельга скакаць туды-сюды. Трэба зрабіць адзін пласт літаратуры, пасьля брацца за іншы, бо гэта вельмі важная рэч. Гэта тая рэч, якая ў эўрапейскіх краінах, у Злучаных Штатах робіцца на дзяржаўным узроўні, прынамсі, фінансуецца з праграмаў падтрымкі культурных ініцыятываў пры міністэрствах культуры ці інфармацыі, ці адукацыі”.

Аксак: “Дарэчы, ці ёсьць нейкая рэакцыя дзяржаўных структураў на вашу ініцыятыву?”

Вячорка: “Яны неаднаразова нам зрывалі альбо не давалі магчымасьці правесьці прэзэнтацыі, прынамсі, відэапрадукцыі, якую мы пераклалі на беларускую мову. І я ня думаю, што будзе падтрымка ў аўдыёпрадукцыі. Чаму мы перайшлі на аўдыёкнігі? Чаму я лічу, што гэта важней, чым агучыць нават нейкую галівудзкую камэдыю альбо баявік? Таму што аўдыёкнігі, прынамсі, агучаная беларуская клясыка альбо замежная літаратура, яе можна распаўсюджваць легальна праз крамы і індывідуальных распаўсюднікаў. Яе можна прасоўваць у афіцыйныя ўстановы, у школы, унівэрсітэты, тыя ўстановы, якія фармуюць грамадзтва, выхоўваюць ягоныя прыярытэты і каштоўнасьці. І вось беларускамоўныя аўдыёкнігі акурат і ставяць задачу сфармаваць чалавека-патрыёта, які ўспрымае беларускую мову як мову сучасных камунікацыяў, тэхналёгіяў, і для якога праз некаторы час ня стануць дзіўнымі сучасныя стужкі па тэлевізіі па-беларуску, для якога ня будуць дзіўнымі беларускамоўныя абвесткі, афішы, рэклямныя ролікі. Фармаваць чалавека, для якога беларуская рэчаіснасьць стане беларускамоўнай”.

Аксак: “Ці я правільна вас зразумела, што аўдыёкнігі, выдадзеныя “Беларускім Гальфстрымам” супольна з грамадзкім аб’яднаньнем “Вэтэраны Адраджэньня”, можна будзе цалкам легальна набыць у любой краме, якая займаецца гандлем аўдыёпрадукцыі?”

Вячорка: “Можна будзе, і гэта таксама вельмі важная задача, вельмі важны кірунак працы. Беларусам, якія працуюць у сфэры беларусізацыі, найперш культурнай, нельга замыкацца на сваім коле. Каб сапраўды нашая праца мела посьпех, трэба выкарыстоўваць легальныя магчымасьці выхаду да масавага спажыўца, да масавага чытача. І таму мы зарэгіструем гэтую прадукцыю, мы яе афіцыйна надрукуем праз індывідуальных прадпрымальнікаў-выдаўцоў і будзем распаўсюджваць. Досьвед выкананьня такіх працэдураў ёсьць – нашым калегам Калошам былі вырабленыя некалькі дыскаў беларускіх народных казак, якія цяпер абсалютна спакойна можна набыць у кожнай другой краме Менску. Наша задача такая самая”.

Аксак: “Як хутка можна будзе набыць выдадзеныя вамі аўдыёкнігі?”

Вячорка: “З пачатку наступнага тыдня яны ўжо зьявяцца ў прыватных распаўсюднікаў, а праз некаторы час зьявяцца ў розных крамах Менску”.

Аксак: “Ці адчуваеце вы, што будзе на іх попыт?”

Вячорка: “Я ўпэўнены, што попыт будзе”.

АЎТАР І ТВОР

Васіль Зуёнак: “Улада хоча нас прымусіць замаўчаць”

Кнігавыдавецкая палітыка ў Беларусі ляжыць у рэчышчы ўсёй астатняй палітыкі. Дзяржаўныя выдавецтвы нібы забыліся на існаваньне шматлікіх выдатных пісьменьнікаў, адзіная віна якіх – неляяльнасьць да ўлады. Ужо дванаццаць гадоў там не выходзілі кнігі Васіля Зуёнка – выдатнага паэта, былога рэдактара часопісаў “Маладосьць” і “Бярозка”, колішняга старшыні Саюзу беларускіх пісьменьнікаў, зь якім сустрэўся Міхась Скобла.

Міхась Скобла: “Спадар Васіль, нядаўна Вярхоўны суд Беларусі ліквідаваў як арганізацыю Беларускі літаратурны фонд. Прычым зрабіў гэта імкліва, за тры дні. Каму перашкаджаў Літфонд, сябрам якога былі і вы?”

Васіль Зуёнак: “Мне вельмі добра знаёмыя гэтыя ліквідатарскія суды. Я прайшоў і Вярхоўны суд, і Вышэйшы гаспадарчы, калі мы судзіліся з Кіраўніцтвам спраў прэзыдэнта за Дом літаратара. Нас адгаворвалі, але мы тады вырашылі ісьці да канца. І ішлі, пакуль Вярхоўны суд не вынес вырак пра тое, што Дом літаратара не належыць літаратарам. Гэтая праграма закладзеная даўно. Выпадак зь Літфондам з тае самае сэрыі. Улада хоча прыціснуць, прымусіць замаўчаць пісьменьнікаў, якія думаюць самастойна, выказваюць сваю пазыцыю ўладам. А пісьменьніцкі голас у нашай краіне гучаў заўсёды, і гучаў магутна, шчыра. Гэта па-першае. А па-другое, старшынёй ліквідаванага Літфонду быў Алесь Пашкевіч, які адначасова зьяўляецца і старшынёй Саюзу беларускіх пісьменьнікаў. Гэта таксама ўладным структурам, я думаю, было ня вельмі “па носе”.

Скобла: “Які лёс чакае Дом творчасьці пісьменьнікаў “Іслач”, які належаў акурат Літфонду?”

Зуёнак: “Я думаю, што неўзабаве адбудуцца нейкія арганізацыйна-гаспадарчыя ракіроўкі, і “Іслач” пяройдзе ва ўладаньне новага праўладнага Саюзу пісьменьнікаў. Гэта верагодней за ўсё.

Скобла: “Вас цяпер рэдка можна застаць у Менску, часьцей вы на лецішчы на Лысай Гары. Раней сярод лысагорцаў было шмат пісьменьнікаў, а цяпер?”

Зуёнак: “Цяпер там пісьменьніцкай браціі паменела. Усё там перапрададзена, нейкія бізнэсмэны там круцяцца. Унукі, праўнукі, пляменьнікі... Нашчадкі пераважна гаспадараць. Зь пісьменьнікаў амаль нікога не засталося. Хіба Анатоль Вярцінскі прыяжджае, ды зрэдку Мікола Аўрамчык зьявіцца.

Скобла: “Іслач, Лысая Гара, можна яшчэ згадаць Каралішчавічы... Усё гэта мясьціны, цесна спалучаныя з літаратурай. Ім бы не зашкодзіў нейкі мэмарыяльны статус...”

Зуёнак: “Зь цягам часу гэта, мяркую, будзе зроблена. Нядаўна ў Каралішчавічах адчыніўся мэмарыяльны пакой Якуба Коласа. Там Колас вельмі шмат працаваў, жыў там. І я памятаю, калі гэты будынак прадаваўся, то адной з умоваў было, каб будучыя гаспадары зрабілі там мэмарыяльны пакой Якуба Коласа. Што і было зроблена. Калі ацалее “Іслач”, адбудзецца і яе “мэмарыялізацыя”. Можа, не на кожны пакой там шыльду варта чапляць, але нейкі агульны мэмарыяльны знак патрэбен. Бо і ў “Іслачы” працавалі і выдатныя нашы пісьменьнікі, пісаліся выдатныя творы”.

Скобла: “Пра выдатныя творы я й хацеў запытацца. Калісьці Ўладзімер Караткевіч так сказаў пра раман Дастаеўскага “Браты Карамазавы”: “Гэта вяршыня, на якой дух займае”. Адна з вашых кніг – “Нача” – пабывала на самй высокай, касьмічнай вышыні – яе браў у космас Уладзімер Кавалёнак. А якія творы ў беларускай літаратуры вы самі лічыце вяршыннымі?”

Зуёнак: “Найперш я б назваў “Новую зямлю” Якуба Коласа. Для мяне асабіста гэты твор непераўзыдзены. Потым – “Знак бяды” Васіля Быкава. Для мяне Быкаў стаў выключнай зьявай пасьля гэтага твору. Памятаю, як толькі прачытаў “Знак бяды”, я адразу патэлефанаваў Васілю Ўладзімеравічу і сказаў, што нарэшце яго талент праявіўся як талент народнага пісьменьніка. Раней ён на падзеях вайны вырашаў нейкія вялікія маральна-этычныя праблемы, а ў “Знаку бяды” нарэшце раскрыўся характар народу, характар беларуса. Вось гэта для мяне было вялікай радасьцю. Ну і яшчэ такую радасьць я адчуваў, калі чытаў “Людзі на балоце” Івана Мележа. Выдатны твор, на маю думку, – “Плач перапёлкі” Івана Чыгрынава. Ён першы паказаў, як народ суадносіўся з партызанскім рухам падчас Другой усясьветнай вайны. Там дзьве ліні – Зазыба і Чубар – якраз прыклады розных адносінаў да партызанскага руху, пра які цяпер многа гаворыцца і пішацца. А пачынаў гэтую тэму Чыгрынаў”.

Скобла: “Ваша апошняя па часе выданьня кніга “пісьмы з гэтага сьвету” выйшла, дай Бог памяць, у 1995 годзе, ажно дванаццаць гадоў таму. Чытачы зачакаліся новай кнігі...”

Зуёнак: “Я сам зачакаўся, мабыць, больш, чым чытачы. Аўтару вельмі дарагі той момант, калі ён трымае ў руках сваю новую кнігу. Я набраў сваю новую кнігу на кампутары і дару сябрам з жартам: “Вось табе вершы з кампутарнага небыцьця”. Гэта сапраўды так, бо для паэзіі кніга незаменная. А, дасьць Бог, калі кніга выйдзе друкарскім спосабам, то будзе называцца “Азірнуўшыся – не скамянець: вершы сутоку тысячагодзьдзяў”.

ВАСІЛЬ ЗУЁНАК. ВЕРШЫ З НОВАЙ КНІГІ

ГЕРАСТРАТ

Пад родную страху, нібыта галавешку, Нясу інтэграцыйны свой запал. Гараць дарогі, і дымяцца сьцежкі, І ў будучыні спаленай – прагал…

І я на папялішчы Беларусі – Праз фэдэрацыю ці нейкі там саюз – Са славай Герастрата застаюся, Апошні і нікчэмны беларус…

“КАРАМБОЛЬ”

Глядзіш: вялік зямны абшар, Вузей – Эўропы кавал скарбны, А ў цэнтры – Беларусь, як шар, Ды не звычайны, а більярдны.

Стаяць навокала гульцы, І кожны сэнс тлумачыць кіем: Пацэліць – і гульні канцы, А як жа йнакш: мы – сваякі ім.

А гэта й значыць: “свой свайго” (”Народ един” і “wschodne kresy”) Да ўласных цягне берагоў, Гвалт называючы прагрэсам.

Більярдны стол ажно трашчыць, Зялёны покрыў чырванее… А ў беларуса пот цурчыць: Ён не гулец – ён жыта сее…

І пільна сочыць: хто які Сваяк, з якім ідзе саюзам, – І разумее: гэхне кій – Ляці ў саюз, як шар у лузу.

Не, не ахвоч ён ад бартоў Качацца зь бітымі бакамі, Хоць “карамболь” гульцоў-братоў Вісіць над ім, лічы, вякамі…

Але ж у кія два канцы – Не забывайцеся, гульцы!..

ЗМАГАНЕЦ

Дах мой – доля бадзяжая, Сьцены – дошкі ў труне… Ды ня ў час вы наважылі Сьмерцю ўстрашыць мяне.

Час, калі абылганыя Мой народ і мой Бог, Мне й жыцьцё будзе ранаю, І зямны мой парог.

І ўявіць вы ня можаце, Як і вашы штыкі: Сьмерцю не пераможаце – Вольны я праз вякі.

Бо душа – як прарочыца – Небу прагне служыць: Мне памерці так хочацца, Як вам хочацца жыць.

ТОЛЬКІ ТУТ…

Дзякуй, Божа: шляхі не зьвялі Да заморскіх жабрацкіх палацаў. Толькі тут, на гэтай зямлі, Жыць магу і жывым заставацца.

І памерці – магу толькі тут. Прэч, бадзяжніцкі посах!.. Мне радзіма мая – як прысуд, Вырак, дадзены лёсам.

* * *

O Litwo, ojczyzno moja… Адам Міцкевіч

Літва – Ці літаньне, Ці латаў звон: За волю змаганьне Ці рабства праклён?..

Адно і другое Зазналі спаўна: Літва і Пагоня – Пляніда адна.

Ні зьняць, ні адрынуць Пакуты вянца, – Такую краіну Нам Бог абяцаў…

То раны загоім, То зноўку на бой, – У вечнай Пагоні І зь вечнай Літвой!..

КРЫТЫКА

Ганна КІСЬЛІЦЫНА

Раман пра маральную імпатэнцыю, альбо Жыцьцяпіс Вісуна

Анатоль Казлоў. Юргон. Раманы. Мастацкая літаратура, 2007. Апошнім часам часта сустракаю ў Сеціве папрокі – не пра тых пішаце, вось прыйдзе час, і яшчэ паглядзім, хто застанецца… Гэта апэляцыя да вечнасьці мяне насьцярожвае. Мне даспадобы тыя, хто працуе з чытачом тут і цяпер. Тыя, хто спрабуюць зрабіць літаратуру ня толькі для нашчадкаў, але і для сучасьнікаў – якія б яны ні былі. Таму я з цікавасьцю праглядаю сэрыю “Беларуская проза ХХІ стагодзьдзя”, у якой выйшла і кніга Анатоля Казлова “Юргон”.

Трэба сказаць, што Анатоль Казлоў – пісьменьнік, які добра ведае сакрэт папулярнасьці. Сакрэт гэты просты – сучаснасьць, містыка і сэкс. Прынамсі, апошнія гадоў пятнаццаць гэтая нескладаная формула актыўна, хоць і з рознай доляй посьпеху, выкарыстоўваецца літаратарамі пакаленьня, да якога належыць Казлоў.

Аднак яго “раман у штрыхах” “Юргон” – які і даў назву ўсёй кнізе – можна залічыць у экспэрымэнтальны: настолькі прамалінейна і гола выкарыстоўваецца тут абазначаная формула.

Зь першых словаў твора аўтар бярэ быка за рогі, а чытача за… Мяркуйце самі: “Юргона сурочылі! Ужо два тыдні, а ў яго анічагусенькі не варухнулася ніжэй пупка і вышэй калена. Поўны штыль. Тут нават славуты дамкрат – пустое слова, гайка на віноўніку і магніт на шыі – мыльная бурбалка”.

Ужо зь першых радкоў рамана чытач разам з героем, менчуком дваццаці пяці гадоў са зьнешнасьцю “антрапалягічнага беларуса”, вымушаны адказаць на экзыстэнцыйнае пытаньне “Навошта жыць, калі вісіць?”

М-да, гэта вам ня школьнае “То be or not to be…”!

Спадзяюся, што ў чытачоў ёсьць адказы – і не адзін – на гэтае гнятлівае “навошта”, а вось герой Казлова іх ня ведае, таму фабула трымаецца на пошуках. Не, ня ісьціны… Лекаў і вінаватых. Хоць пра апошніх здагадваецца: “Яны, лярвы, вінаватыя ў бядзе”. Але каб вылічыць, якая зь іх вінаватая найбольш, герою Юргону даводзіцца згадваць ці ня ўсіх, з кім ён так неабачліва ўступаў у полавыя сувязі.

У прынцыпе, пра тое, што ў галоўнага героя, як, дарэчы, і ва ўсіх насельнікаў раману, ня ўсё ў парадку з “облікам марале”, аўтар папярэджвае адразу ж. Адно імя чаго вартае – Юр-гон. Але ж відавочна, што сам раманны жанр, вымушае да хоць нейкай матывацыі такога экстраардынарнага юру. І трэба прызнаць, гэтая матывацыя ёсьць, і яна ў корані мяняе нашы адносіны да героя. Бо высьвятляецца, што Юргон – ня проста самец бяз клёпак у галаве, які толькі і прагне “сьвежага цела”, а ахвяра абставінаў.

Па-першае, гэты юрлівец – закладнік свайго абаняньня. Юргонаў нос беспамылкова адшуквае “той пах-водар, які адклаўся ў ягонай памяці, увабраўся ў скуру, валасы, пазногці”, і ніякая табе мыцьцё, нават абварваньне -- як сьцьвярджае аўтар -- ня ў сілах гэты жаночы водар змыць “з-пад скуры і мозгу”. Так бы мовіць, беларускі адказ “Парфумэру” Зюскінда!

Па-другое, Юргон выконвае запавет дзеда Сямёна: “Не прамінай ні касую, ні кульгавую, ні гарбатую, ні калеку – Бог надбавіць табе веку”. Ну проста такі рэклямны слоган атрымаўся ў дзеда! Як тут адмовіш?

Па-трэцяе, дзядзька Іван перапісаў на Юргона ўласную кватэру, а сам зьехаў жыць у вёску. Здавалася, што тут такога ў гэтым учынку? Але ж паслухаем як камэнтуе яго сам герой: “ Відаць, у кожным добрым учынку прыхавана вострае лязо. Яно нябачнае, але наступяць той дзень і тая гадзіна, калі абавязкова ўспорасься на пякучую сталь клінка. Гах – і гатова! Усё імгненна робіцца нямілым і нялюбым”. Так – міжвольна – ці не адзіны альтруіст рамана апынуўся ў ролі данайца, што прыносіць дары. Так што, калі раптам захочацца чытачу падараваць сваяку кватэру, ці, да прыкладу, патрыманы мэрсэдэс, варта і падумаць -- ці не адгукнецца ваш мэрсэдэс раньняй імпатэнцыяй, ці, скажам, збоем у мэнструальным цыкле?

Вінаваты ўсе – і родзічы, і спадчыннасьць і грамадзтва, якое пакутуе на маральную імпатэнцыю. Прынамсі, сярод прадстаўнікоў чалавечага роду, прадстаўленых у рамане, няма нават намёку на прыстойнага чалавека. Адзін бармэн было падаўся нармальным – слухаў беларускую музыку, вёў размовы пра нацыянальную гісторыю і браўся дапамагаць герою – дык і той быў асуджаны за “блакіцізну”. А што ўжо казаць пра асобаў жаночага роду, якія настолькі не ў ладах з галавою, што нават у размове з каханкам называюць сябе не інакш як “макрашчэлкамі”…

Самым духоўным аказваецца Вісун – дух бясьсільля – які адбірае лішак у “занадта ўвішных, бессардэчных юрліўцаў, у тых, хто цялеснае ставіць вышэй несьмяротнай душы”. Праблема, аднак, у тым, што іншых людзей у рамане і няма. Таму менавіта дух бясьсільля, паказаны ў рэтраспэктыве, разам са сваім хаўрусьнікам-ведзьмаком -- становяцца выказьнікамі аўтарскага мэсыджу – ва ўсім трэба трымацца залатой сярэдзіны.

Здавалася б, пісьменьнік пойдзе па пратораным шляху: пакажа духоўнае абуджэньне героя і выратуе яго. Аднак жа “Юргон” будуецца не па лёгіцы савецкага кіно, а па канонах старажытнай трагедыі! Таму збаўленьне прыходзіць цалкам нечакана – як deux ex machina (бог з машыны) – у выглядзе дзеда, з якім Юргон зьбіраўся кульнуць чарку ў суседкі-разьвядзёнкі. Відавочна, чытачы павінны парадавацца за героя, бо ён, хоць і юрлівец, але слухае “Краму” і Грыга… Змагаецца з “вісючкай” і “цякучкай” – гэта пра працу, а не пра фізыялёгію… І, як ня раз падкрэсьлівае, нікога сілком у ложак ня цягне.

Дзіва, што аўтар не прыгадаў дзеля апраўданьня свайго героя такога любімага ў народзе выразу, як “сучка не захоча – кабель ня ўскоча”. У скарбонцы народнай мудрасьці (“ногі не казённыя”, “яна карова, яна й бык, яна баба і мужык”, ці больш мастацкага: “орган – вечны рухавік прагрэсу”) прымаўка выглядала б да месца. Чаго ня скажаш пра францускую мову, якую Казлоў згадвае ўжо зусім насуперак усякай лёгіцы.

Так, вясковы вядзьмак у размове з Вісуном раптам прамаўляе: “Як французы гавораць: la lune de miеl, што азначае – паабяцаць жарэбчыку мядовы месяц з яго Марынкай”.

Яшчэ цікавей сытуацыя з выкарыстаньнем францускай у другім рамане кнігі “Менск і воран, Парыж і здань”. Там жанчына-прывід, былая князёўна, помсьціць нашчадкам свайго мужа, у тым ліку і ў Парыжы. Праўда, акрамя словаў mademoiselle і monsieur нічога з гэтай дзіўнай мовы аўтар ня выцягнуў. Але пазначыў, што яго Кацярына размаўляе на тым дыялекце, на якім гаварылі ў Лацінскім квартале гадоў трыста таму. І што б вы думалі, яна гаворыць па-старафранцуску? “Эх вы, людзі-чалавекі”!

Сапраўды, чалавецтва, якое жыве ў паралельным сьвеце Казлова, варта пашкадаваць.

Каб не выглядаць занудай, таксама раскажу показку. “Пытаецца Сьнежная Каралева ў Кая: а што ты такі сумны? Ды вось, адказвае Кай, спрабую скласьці слова “вечнасьць”, а ў мяне толькі чатыры літары: “ДэУПэА”.

Гэта я да таго, што, узяўшы на ўзбраеньне адно чалавечыя заганы, а менавіта: юр, помсьлівасьць, разбэшчанасьць, сквапнасьць – цяжка скласьці цэласную карціну сьвету. Але гэтага, безумоўна, хапае для таго , каб пісаць страшныя казкі для дарослых.
XS
SM
MD
LG