Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Якія магчымасьці ў наступным годзе навучацца па-беларуску ў менскіх школах


Любоў Лунёва, Менск Cёньня ў школах, ліцэях, гімназіях прагучаў апошні званок. Традыцыйна пасьля выступу настаўнікаў, вучняў, бацькоў выпускнікі бяруць за руку першаклясьнікаў і заводзяць іх у будынак. Ад 1 верасьня першаклясьнікі пачнуць вывучаць родную мову, матэматыку, сьпяваць на ўроках сьпеваў. Якую мову навучаньня абіраюць бацькі? Ці будзе павялічвацца колькасьць беларускіх клясаў?

У Менску гімназіі і школы з беларускай мовай навучаньня ёсьць у мікрараёне Малінаўка, Серабранка, Кунцаўшчына, на праспэкце Незалежнасьці ды ў іншых раёнах.

Сёлета аддаць сваё дзіця ў клясы з беларускай мовай навучаньня пажадала больш бацькоў, чым летась. Настаўнікі тлумачаць гэта жаданьнем даць свайму дзіцяці больш якасную адукацыю.

Кіраўніца менскага аддзяленьня Таварыства беларускай школы Крысьціна Вітушка адной з прычынаў павелічэньня колькасьці бацькоў, якія намагаюцца аддаць дзяцей у беларускія навучальныя ўстановы, называе ўзрост бацькоў. Гэта тыя людзі, якія засьпелі перамены ў грамадзтве напрыканцы 80-х – пачатку 90-х гадоў. Шмат хто зь іх з’яўляюцца актыўнымі ўдзельнікамі вулічных акцый апазыцыі.

Дырэктарка беларускай гімназіі № 23 Ніна Нікіціна паведаміла “Свабодзе”, што сёлета ў гімназіі конкурс. У першыя клясы прэтэндуюць больш дзяцей, чым могуць прыняць.

“У гэтым годзе два першых кляса, два пятых таксама з беларускай мовай навучаньня. Ва ўсёй навучальнай установе 23 клясы, зь іх 21 – з беларускай мовай навучаньня. Жадаючых шмат. Як будзем браць? Думаю, што будзем паважаць жаданьне бацькоў. Калі спатрэбіцца, то будзем браць больш за два клясы. Думаю, што й мясцовыя ўлады, калі ўбачаць, што жадаючых больш, чым колькасьць месцаў, пойдуць насустрач пажаданьням бацькоў. Ведаеце, зрабіць адзін беларускамоўны кляс у рускамоўнай школе – гэта будзе нешта штучнае і няшчырае. Мы ў гімназіі скарысталі больш сучасныя тэхналёгіі. Галоўны профіль у нас фізыка-матэматычны, эканамічны. У нас добрае вывучэньне замежных моваў: ангельскай, кітайскай, польскай».

Крысьціна Вітушка апавяла, што раённыя аддзелы адукацыі не жадаюць пайсьці насустрач бацькам і павялічыць колькасьць дзіцячых садкоў і навучальных установаў з беларускай мовай навучаньня. Яна лічыць, што ў тым выпадку, калі бацькі здолеюць аб’яднацца, то чыноўнікам давядзецца пайсьці на саступкі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG