Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Начная аБЛОГа” – 25 траўня


Юлія Шарова, Менск Агляд беларускага сеціва.

На форумах парталу абмяркоўваюць артыкул Ігара Іванова ў расейскім інтэрнэт-выданьні “Беларусь-2010 – без эканомікі й Лукашэнкі”. “Да 2010 году Беларусь страціць ня толькі большую частку прыбыткаў ад транзыту нафты і газу, але, цалкам магчыма, і свайго прэзыдэнта, які падаваўся бясьсьменным. Аляксандар Лукашэнка спарадзіў беларускі “транзытна-датацыйны цуд”, ён жа ж яго й забіў. Пад руінамі своеасаблівай эканамічнай мадэлі Беларусі не пазьней за 2010 год можа быць пахаваная й палітычная кар’ера цяперашняга прэзыдэнта”, -- гаворыцца ў артыкуле. Камэнтары ўдзельнікаў форумаў:

“А чаго вы ад расейцаў хацелі? Яны нас любяць толькі тады, калі мы маўчым і падпарадкоўваемся братэрскім абдымкам”.

“Тое, што Лукашэнка працягне да 2010 году – гэта малаверагодна. А тое, што дэмакратычным уладам застанецца незайздросная эканамічная спадчына – гэта факт”.

“Сытуацыя ў Расеі вельмі праблематычная... і ёй цяпер трэба заняцца ўнутранымі пытаньнямі, а ня лезьці ва Ўкраіну, Грузію, Беларусь, Эстонію, Польшчу”.

“Паглядзіце Беларускае тэлебачаньне, пачытайце беларускія газэты. Эканоміць, ашчаджаць і гэтак далей. Ужо чухаецца, грошай бракуе. А цэньнік усё расьце!”

“Паколькі БССР цяпер адстае ад нармальных краінаў гадоў так на 200-300, то яшчэ нейкія дадатковыя 15 год карціну ўжо ня зьменяць”.

Суполка Жывога журналу прапануе новы каляж. Гэта выява чалавека, падобнага да Аляксандра Лукашэнкі, які едзе у грамадзкім транспарце, трымаючы ў руцэ торбу з пустымі пляшкамі. “Льготы?! Кажуць у народзе – ня плюй у студню”, -- пішуць аўтары каляжу.

Блогерка піша ў сваім дзёньніку: “Адна зь бедаў у нашай краіне – гэта невыкараняльная непавага. Непавага службоўца ў дачыненьні да кліента, працадаўцы – да работніка, і проста чалавека – да чалавека і ўвогуле ўсяго навакольнага. І зусім неабавязкова, каб гэта выражалася ў адкрытым хамстве. Чэргі ў буфэце, маруднае абслугоўваньне, адсутнасьць мыла ў прыбіральні, сьмецьце на ходніках, дзьверы, адчыненыя наўскось, хэві-мэтал альбо папса з вакна на поўную моц – дробязі, якія вызначаюць быцьцё. І калі сутыкаешся з гэтымі дробязямі і ў чарговы раз усьведамляеш, што цябе да такой ступені не шануюць, робіцца зусім не балюча, ня крыўдна. Злосна. Хочацца зламаць замкнёныя дзьверы, аблаяць афіцыянтку й выклікаць да суседа міліцыю. А ў выніку толькі ціхенька ўздыхаеш, разварочваешся ды сыходзіш. І калі ў нейкі момант аб цябе ўжо патрабуюць праявы элемэнтарнай павагі, хоць ня вельмі хочацца яе выяўляць. Бо “ім можна, а мне хіба нельга?”

У сеціве зьявіўся сайт Тут можна прачытаць навінамі, чуткі й плёткі з жыцьця беларускіх рэпэраў, а таксама спампаваць некаторыя кампазыцыі. Напрыклад, опус пад назвай “Піва бяз водкі – Імправізацыя” – гэта частка праекту “ШоўЗабабонаў”.
XS
SM
MD
LG