Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Затрыманых у Польшчы беларусаў адпусьцілі


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава 25 грамадзянаў Беларусі, якія былі затрыманыя ў заходняй Польшчы паводле падазрэньня ў перавозцы наркотыкаў, адпушчаныя. Польскія мытнікі заяўляюць, што наркотыкі ў аўтобусе, якім яны ехалі, былі. Беларускія дыпляматы называюць выпадак правакацыяй.

Аўтобус, у якім ехалі на гастролі ў Францыю артысты фальклёрнай групы Беларускага ўнівэрсітэту культуры, затрымалі ў чацьвер каля Познані польскія мытнікі у межах звычайнай праверкі.

У аўтобусе былі знойдзеныя наркотыкі.

“У аўтобусе ў прыбіральні былі схаваныя таблеткі “экстазі”, 195 штук. Іх знайшоў наш службовы сабака – загорнутыя ў анучы маленькія пакуначкі”, – кажа прадстаўнік познаньскай мытнай службы Марыёля Караськевіч.

Мытнікі перадалі справу паліцыі. Інспэктар Марцін Вальчак, які вядзе сьледзтва, пацьвердзіў толькі, што ніводзін зь беларусаў ня быў арыштаваны.

“Мы нікога не затрымалі, што да іншых падрабязнасьцяў, дык пра ўсё мы паінфармавалі консульства Беларусі ў Гданьску”.

Віцэ-косул Беларусі ў Гданьску Андрэй Фралкоў сказаў нашаму радыё, што прыехаўшы ў Познань, ён адразу заявіў польскаму боку, што наркотыкі ў беларускім аўтобусе – гэта правакацыя.

“Бо ўсё гэта было бязь сьведкаў, пасажыраў у аўтобусе не было. Прыйшлі, паглядзелі і кажуць: вось наркотыкі. Так што заўгодна можна зрабіць. Гэта па-дзіцячаму неяк усё”.

Ва ўсіх беларусаў, якія знаходзіліся ў аўтобусе, зьнялі адбіткі пальцаў, паліцыя размаўляла зь кіроўцамі і некаторымі пасажырамі – ніхто зь іх не прызнаўся ў тым, што наркотыкі належаць яму. У выніку было вырашана аўтобус адпусьціць разам з усімі пасажырамі.

Паводле Андрэя Фралкова, справа пакуль знаходзіцца выключна на ўзроўні паліцыі – экспэрты спраўджваюць, ці не належаць адбіткі пальцаў, знойдзеныя на пакунках з наркотыкамі, камусьці з пасажыраў.
XS
SM
MD
LG