Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Магілёўшчына: ня ўсе дэлегаты паедуць на кангрэс


Радыё Свабода Сёньня на прэсавай канфэрэнцыі сябры магілёўскіх рэгіянальных арганізацыяў Партыі БНФ, Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі “Грамада”, незарэгістраванай Партыі свабоды й прагрэсу заявілі, што ня будуць удзельнічаць у Кангрэсе дэмакратычных сілаў Беларусі. Да заяўнікаў далучыліся рэгіянальныя кааліцыі з Шклова, Горак, Крычава ды Бабруйску.

На прэсавай канфэрэнцыі магілёўскія палітыкі заявілі:

“Наша рашэньне грунтуецца на тым, што цэнтральныя органы ня здолелі выпрацаваць яснай зразумелай мэты Кангрэсу дэмакратычных сілаў Беларусі, а таксама выпрацаваць справядлівы, зразумелы й празрысты мэханізм вылучэньня дэлегатаў на кангрэс.

У выніку ў Магілёўскай вобласьці некалькі дзясяткаў чалавек, якія сумленна сабралі 300 подпісаў, былі пазбаўленыя права на ўдзел у кантрэсе.

Мы ня бачым магчымасьці свайго ўдзелу ў кангрэсе. Такі ўдзел быў бы згодай зь нясправядлівасьцю і праявай адсутнасьці элемэнтарнай салідарнасьці з сваімі сябрамі”.

Удзельнікі канфэрэнцыі зазначылі, што заява носіць рэкамэндацыйны характар. Палітыкі не назвалі канкрэтнай колькасьці чалавек, якія не паедуць на Кангрэс дэмакратычных сіл Беларусі.

Нагадаем, 12 траўня на рэгіянальнай канфэрэнцыі дэмакратычных сілаў Магілёўшчыны бралі ўдзел 32 дэлегаты кангрэсу з 74 зарэгістраваных.

Канфэрэнцыю байкатавалі дэлегаты ад Партыі БНФ, незарэгістраванай Партыі свабоды і прагрэсу, а таксама большая частка дэлегатаў ад Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі “Грамада”.
XS
SM
MD
LG