Лінкі ўнівэрсальнага доступу

В. Стэфановіч: “Разьлічваць, што Расея спрычыніцца да дэмакратызацыі Беларусі, памылкова”


Вольга Караткевіч, Прага У чацьвер госьцем Начной Свабоды быў праваабаронца Валянцін Стэфановіч.

Улады пайшлі на брутальныя парушэньні правоў чалавека

Караткевіч: "У чацьвер была прадстаўленая справаздача аб парушэньнях правоў чалавека ў Беларусі за апошні год. Чым быў адметны мінулы год?

Стэфановіч: "2006 год быў адметны аб''ёмам парушэньняў правоў чалавека і перасьледу. Найперш гэта зьвязана з выбарамі прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь і тымі падзеямі, якія мы назіралі ў сакавіку 2006 году. Тысячы людзей тады былі прыцягнутыя да адміністратыўнай адказнасьці, дзясяткі – да крымінальнай адказнасьці паводле палітычных матываў. Мы назіралі тут і новыя тэндэнцыі крымінальнага перасьледу, якога раней мы не бачылі,– гэта спробы прыцягнуць палітычных актывістаў да адказнасьці за захоўваньне наркотыкаў, як гэта было з паплечнікам Анжэлікі Боррыс, альбо нібыта за захоўваньне патронаў, ці абвінавачваньне Паўла Красоўскага ў датычнасьці да віцебскіх выбухаў і згвалтаваньня непаўнагадовай...

Улады спрабуюць накінуць на актывістаў такія брутальныя крымінальныя справы, ідуць на брудныя мэтады, якія ўжываюць у такіх краінах, як Узбэкістан. Але пакуль што, дзякуй Богу, такія спробы не прайшлі, нам удалося адстаяць гэтых актывістаў. Але гэтыя тэндэнцыі нас палохаюць.

Трэба адзначыць, што і астатнія правы, такія як свабода слова, мірных сходаў, яны працягваліся парушацца ў Беларусі. І мы гэта адзначаем у сваёй справаздачы за апошні год".

Рана казаць, што ўлады пайшлі на саступкі

Караткевіч: "Валянцін, апошнія дні пасьля вызваленьня Паўла Севярынца і Міколы Статкевіча, гучаць выказваньні аб тым, што ўлада пайшла на саступкі ў працэсе эканамічнага і палітычнага ціску з Эўропы. Сёньня прадстаўнік МЗС Беларусі Папоў заявіў, што ніякага гандлю Беларусьсю ў гэтым пытаньні не вядзецца. Як вы ацэньваеце гэтае датэрміновае вызваленьне?”

Стэфановіч: "Я магу пагадзіцца зь меркаваньнямі спадароў Севярынца і Статкевіча, што зыходзячы з таго, што абодвум гэтым палітыкам было двойчы адмоўлена ва ўмоўна-датэрміновым вызваленьні, зыходзячы з таго, што яны не прызналі сваёй віны і не пакаяліся. Але зараз раптоўна гэтыя людзі былі вызваленыя, нягледзячы на тое, што ніхто зь іх так і не прызнаў віны. І таму я мяркую, што ўлады Беларусі ўсё ж ідуць на пэўныя саступкі пад пагрозамі эканамічнага ціску з боку Эўразьвязу і ЗША. Але зарана канстатаваць гэты факт, паглядзім, што адбудзецца 28 траўня ў Менску пад час суду над актывістамі " Маладога фронту". Калі гэтая справа будзе спыненая, калі будуць вызваляць іншых палітвязьняў, якія зараз застаюцца зьняволенымі, такіх як Зьміцер Дашкевіч, Артур Фінькевіч, Аляксандар Казулін, то можна будзе канстатаваць, што ўлады Беларусі пайшлі на нейкія вымушаныя саступкі пад ціскам Эўразьвязу і ЗША”.

Беларусь не зьяўляецца такой сацыяльна арыентаванай краінай

Караткевіч: "Валянцін, як бы вы ацанілі з прававога пункту гледжаньня скасаваньне льготаў у Беларусі?"

Стэфановіч: "У Канстытуцыі запісана, што Беларусь зьяўляецца сацыяльна арыентаванай краінай. Гэта значыць, што дзяржава павінна забясьпечваць нейкія сацыяльныя льготы для пэўных групаў грамадзтва, што зьяўляюцца сацыяльна незабясьпечанымі,– інвалідаў, студэнтаў пэнсіянэраў. Тое, што зараз улады скасавалі гэтыя льготы, сьведчыць пра тое, што Беларусь не зьяўляецца такой сацыяльна арыентаванай краінай, пра што ўвесь час сьцьвярджае прапаганда рэжыму. У прынцыпе я лічу, што гэта вельмі сумны факт. Прынамсі ў Эўропе такія групы насельніцтва, як студэнты, усюды маюць нейкія льготы. Зараз у Беларусі гэтыя групы насельніцтва пазбаўленыя такіх льготаў. Гэта зьяўляецца такім сьведчаньнем таго, што ўлады сапраўды адчуваюць эканамічныя наступствы падвышэньня коштаў на газ нафту і магчымыя эканамічныя санкцыі з боку Эўразьвязу і ЗША”.

Нам удалося шмат каго абараніць

Караткевіч: “Нам часта пішуць на “Свабоду”, пытаючыся, а каго гэтыя беларускія праваабаронцы абаранілі. Гэта датычыць у тым ліку адвакатаў, якія прадстаўляюць інтарэсы палітычна рэпрэсаваных. Як бы вы патлумачылі слухачам, чаму сталыя заявы і беларускіх праваабаронцаў пра парушэньне правоў чалавека і рэакцыі міжнародных структур, а вынік такі, што перасьлед паводле палітычных матываў працягваецца?”

Стэфановіч: "Я б сказаў, што тая нашая праца, якую мы робім штодня цягам усіх гэтых гадоў нарэшце дае плён, і мы лічым, што ў тым, што вызваленыя і Статкевіч і Севярынец таксама ёсьць доля нашай працы. Нам удалося дапамагчы шмат каму. Магчыма слухачы ня ведаюць пра шматлікія справы, дзе нам удалося мінімізаваць пакараньні і калі людзей не пазбаўлялі свабоды, а выносілі значна больш мяккія прысуды, штрафы. Бо той жа выпадак з Артурам Фінькевічам, калі яму пагражала 8 гадоў турмы за тое, што ён напісаў лёзунг "Хочам новага прэзыдэнта!" і яму далі паўтары гады абмежаваньня волі, але наступствы маглі б быць значна горшыя. Я лічу, што гэта заслуга адвакатаў і праваабарончых арганізацыяў Беларусі, якія зьвярталі на гэта ўвагу. Таму я лічу, што нам удалося шмат каго абараніць, адбіць ад жахлівых турэмных умоваў”.

Расея не зацікаўленая ў дэмакратычнай уладзе ў Беларусі

Караткевіч: "Валянцін, у выходныя будзе Кангрэс дэмакратычных сіл, прыхільнікі адной стратэгіі гавораць у тым ліку і пра дыялёг з Расеяй, Эўрапейская кааліцыя разам зь Міколам Статкеічам ставіць пытаньне: “Мы ў Азію ці ў Эўропу?” Скажыце, ці варта спадзявацца на падтрымку Расеі ў сэнсе дэмакратызацыі”.

Стэфановіч: "Я лічу, што Расея не зьяўляецца тым гарантам правоў чалавека, якім магла б быць. Тое, што мы назіраем зараз у Расеі сьведчыць, што аўтарытарызм разьвіваецца там сямімільнымі крокамі. Разьлічваць на тое, што Расея спрычыніцца да дэмакратызацыі Беларусі, мне падаецца, памылкова. Расея, мяркую, не зацікаўленая ў наяўнасьці дэмакратычнай улады ў Беларусі, бо ў такім разе яна страціць кантроль над Беларусьсю, над апошнім сваім сатэлітам, які накіруецца ў Эўразьвяз, на Захад”.

Караткевіч: Валянцін, колькі гадоў вы займаецеся праваабарончай дзейнасьцю?”

Стэфановіч: “Ужо 10 гадоў. Я ніколі ня думаў, што гэта будзе так доўга, але, на жаль, ёсьць так, як ёсьць...”

Караткевіч: “Каго зь міжнародных праваабаронцаў і палітыкаў вы лічыце самымі моцнымі ў пытаньні абароны правоў чалавека?”

Стэфановіч: “Наперш гэта Гандзі і Марцін Лютэр Кінг, які ўзьняў пытаньне расавай няроўнасьці ў ЗША і дамогся перамогі і стварэньня роўных магчымасьцяў для ўсіх. Гэта чалавек, які разбурыў расавую сэгрэгацыю і няроўнасьць мірным шляхам".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG