Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ян Максімюк: “Украінцы стаміліся ад палітычнага крызысу”


Радыё Свабода, Прага Сытуацыю ва Ўкраіне, дзе абвастрыўся палітычны крызыс, камэнтуе аглядальнік “Свабоды” Ян Максімюк.

Карэспандэнт: “Ян, чаму раптам прэзыдэнт Юшчанка выяўляе такую рашучасьць? Маю на ўвазе – звальненьні судзьдзяў Канстытуцыйнага суду, затым – генэральнага пракурора?”

Максімюк: “Віктар Юшчанка зрабіў першы рашучы крок, калі на пачатку красавіка падпісаў указ аб роспуску Вярхоўнай Рады. Пасьля цяжка было спадзявацца на іншыя ягоныя паводзіны. Пазьней ён выдаў яшчэ адзін указ аб новай даце выбараў. І ва ўмовах, калі іх не выконваюць, то трэба нешта рабіць. Калі чыноўнікі ня слухаюцца цэнтральнай ўлады, то ўлада мае мэтады, якімі можа прымусіць выконваць дзяржаўных пасадоўцаў тое, чаго ад іх чакаюць.

Гэта пасьлядоўная тактыка Юшчанкі... Калі б выконваўся першы ўказ, то ўжо ў гэтую нядзелю былі б выбары. Але ў гэтую нядзелю іх ня будзе, як ня будзе іх у чэрвені, чаго хоча Юшчанка. Выбары будуць пазьней, я думаю, што ўвосень яны рэальныя, у верасьні альбо кастрычніку. Юшчанка ня можа ўвесь час выдаваць указы, якія не выконваюцца, бо ён пераўтворыцца зь кіраўніка краіны ў марыянэтку.

Карэспандэнт: “З вашага гледзішча, як будзе далей разьвівацца сытуацыя – сілавымі мэтадамі ці саступкамі бакоў? Хто будзе больш актыўным”.

Максімюк: “Думаю, што Ўкраіна падыйшла да такой рысы, пасьля якой нельга далей ісьці, не рызыкуючы апынуцца ў хаосе і поўнай палітычнай анархіі. А таму я спадзяюся, што абодва бакі пойдуць на саступкі, таму што бразгатаць зброяй можна, але гэта ні да чаго не вядзе, нічога не дае. Таму я спадзяюся, што і прэм’ер Януковіч, і прэзыдэнт Юшчанка дамовяцца. Дамова ўжо існавала, Юшчанка ўчора паведаміў, што яны ў сераду дамовіліся наконт даты выбараў, што было галоўнай праблемай для іх. Толькі што тая антыкрызысная група, якая мела падрыхтаваць праекты законаў, каб правесьці гэтыя выбары, заблякавала гэтую дамову.

Для мяне гэта ня дзіўна, бо ў гэтай групе прадстаўленыя камуністы і сацыялісты, якія ня хочуць датэрміновых выбараў. Камуністы ня любяць Юшчанку за ягоную праэўрапейскую палітыку, а сацыялісты баяцца палітычнай сьмерці– усе апытаньні паказваюць, што сацыялісты на пазачарговых выбарах ня могуць прайсьці, таму яны і заўпарціліся.

А тое, што адбылося ўчора, той інцыдэнт у генэральнай пракуратуры, калі сілавыя структуры прэзыдэнта і прэм''ер-міністра пабіліся паміж сабою, то гэта ўжо небясьпечная сытуацыя”.

Карэспандэнт: “Ці адрэагуе на ўсё гэта вуліца? Можна чакаць паўтарэньня Майдану 2004 году?”

Максімюк: “ Усё магчыма, толькі я думаю, што ўсе гэтыя пратэсты, якія мы бачым, яны ня маюць той сілы, як пратэсты, якія мы назіралі ў 2004 годзе, калі быў першы Майдан. Тады людзі выйшлі, бо мелі нейкія ідэі. Натуральна, што за тым Майданам таксама былі вялікія грошы, была вельмі добрая арганізацыя. Зараз за гэтымі пратэстамі людзей, якія падтрымліваюць Януковіча, няма ніякай ідэі.

Гэта людзі, якіх прывозяць з Данбасу ў Кіеў, ім плацяць, колькі яны зарабілі б на сваіх шахтах. Таму я ня думаю, што гэты канфлікт ў сапраўднасьці ўкраінцаў хвалюе. Яны ўжо стомленыя гэтымі канфліктамі і чакаюць ад сваіх палітыкаў, што тыя адчуюць адказнасьць за сваю краіну і гэты канфлікт палагодзяць... Так што я не думаю, што будуць нейкія сутычкі”. • Палітычны крызыс ва Ўкраіне абвастрыўся”, 25.05.2007 • Юшчанка і Януковіч дамовіліся аб правядзеньні выбараў, 04.05.2007 • Віктар Юшчанка распусьціў Вярхоўную Раду, 02.04.2007
XS
SM
MD
LG