Лінкі ўнівэрсальнага доступу

А.Бухвостаў: “Мяне больш непакояць правакацыі ўнутры нашага асяродку”


Ганна Соўсь, Менск Падрыхтоўка на Кангрэсу дэмакратычных сілаў фактычна завершаная, засталіся выключна тэхнічныя пытаньні. Пра гэта на прэсавай канфэрэнцыі сёньня заявіў старшыня аргкамітэту ў падрыхтоўцы кангрэсу Аляксандар Бухвостаў. Кангрэс пройдзе 26—27 траўня ў Палацы культуры Менскага аўтаўзаводу.

Значнай падзеяй для дэмакратычных сілаў Беларусі назваў плянаваны Кангрэс дэмакратычных сілаў старшыня аргкамітэту ў яго падрыхтоўцы Аляксандар Бухвостаў.

Менск, 25.05.2007. Прэсавая канфэрэнцыя арганізатараў Кангрэсу дэмакратычных сілаў

У сьпісе дэлегатаў — 916 чалавек. Сярод іх абраныя на сходах актывісты, удзельнікі выбарчых кампаніяў і 22 вядомыя асобы. У тым ліку Ўладзімер Арлоў, Рыгор Барадулін, Ніл Гілевіч, Радзім Гарэцкі ды іншыя.

Больш за сто чалавек маюць статус запрошаных.

“Для Аляксандра Мілінкевіча дзьверы заўсёды адкрытыя...”

Дэлегатамі кангрэсу сталі 29 палітзьняволеных, якія адседзелі ў турмах пры кіраваньні Аляксандра Лукашэнкі. Статус дэлегатаў надалі й палітвязьням, якія цяпер знаходзяцца за кратамі, — Аляксандру Казуліну, Андрэю Клімаву ды іншым.

Згодна з рашэньнем дэлегатаў рэгіянальных канфэрэнцыяў, дэмакратычную кааліцыю ачоляць сустаршыні.

Аляксандар Мілінкевіч выступіць на Кангрэсе, але вылучацца ў сустаршыні ня будзе. Сытуацыю камэнтуе лідэр Партыі камуністаў беларускай Сяргей Калякін.

Менск, 25.05.2007. Прэсавая канфэрэнцыя арганізатараў Кангрэсу дэмакратычных сілаў

“Ягонае месца ня можа быць занятае нікім іншым, паколькі за гэта прагаласавалі дэлегаты Кангрэсу таемным галасаваньнем пры кворуме 75 працэнтаў усіх дэлегатаў. Аляксандар Мілінкевіч можа заняць месца сустаршыні й адказваць за нейкі канкрэтны кавалак працы.

Аднак гвалтоўным чынам, канечне, ніхто Аляксандра Мілінкевіча зрабіць сустаршынём ня можа. На сёньня для Аляксандра Мілінкевіча дзьверы заўсёды адкрытыя”,– заявіў Калякін.

“Мікола Статкевіч прапанаваў добры тэкст, але ён цалкам “закрываецца” шырэйшай стратэгіяй”

На кангрэсе плянуецца прыняць кааліцыйную стратэгію і праграмныя дакумэнты дэмакратычных сілаў.

Рашэньне Эўрапейскай кааліцыі вынесьці на кангрэс альтэрнатыўны праект стратэгіі камэнтуе лідэр Партыі БНФ Вінцук Вячорка:

“Сёньняшняя стратэгія дэмакратычных сілаў, якая выносіцца ў якасьці ўзгодненага дакумэнту, гэта вынік прыблізна гадавой працы. Той тэкст, які прапанаваў Мікола Статкевіч, гэта добры тэкст. Аднак ён цалкам закрываецца шырэйшай стратэгіяй. Гэта толькі адзін з варыянтаў. Калі паўстане такое пытаньне, я буду прапаноўваць на кангрэсе, буду выступаць за тое, каб на аснове ўзгодненай стратэгіі інтэграваць усё разумнае, талковае, што прапаноўваюць суб’екты кааліцыі”.

“Я не апасаюся ніякіх правакацыяў з боку ўладаў”

На кангрэсе будзе зацьверджаны новы склад Палітрады аб’яднаных дэмсілаў. Яна будзе фармавацца зыходзячы з квотнага прынцыпу для палітычных суб’ектаў.

На форуме будуць сфармаваныя фракцыі, якія выставяць сваіх прадстаўнікоў у склад прэзыдыюму палітрады. Прыхільнікі Аляксандра Мілінкевіча ствараюць фракцыю “Рэгіёны за Свабоду”.

Пра стварэньне фракцыяў заявілі Партыя камуністаў беларуская, Партыя БНФ, АГП, Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя Грамада і незалежныя прафсаюзы.

На пытаньне “Свабоды”, ці ёсьць перасьцярогі супраць правакацыяў, накшталт тых, што былі на папярэднім Кангрэсе дэмакратычных сілаў, старшыня аргкамітэту Аляксандар Бухвостаў адказаў наступным чынам:

“Мы бярэм адказнасьць за забесьпячэньне аховы палацу і каля будынку. Я не апасаюся ніякіх правакацыяў з боку ўладаў. Мяне больш непакояць правакацыі ўнутры нашага асяродку”.

На Кангрэс запрасілі прадстаўнікоў усіх амбасадаў і міжнародных арганізацыяў, акрэдытаваных у Беларусі. На форум прыяжджаюць прадстаўнікі швэдзкага парлямэнту, дэпутат расейскай Дзяржаўнай думы Ўладзімер Рыжкоў і старшыня саюзу правых сілаў Мікіта Бялых.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG