Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Афіцыйныя прафсаюзы спалохаліся санкцыяў


Іна Студзінская, Менск Празь месяц уступіць у сілу рашэньне Эўразьвязу аб пазбаўленьні Беларусі гандлёвых прэфэрэнцыяў. Фэдэрацыя прафсаюзаў Беларусі зьвярнулася да міжнародных прафсаюзных арганізацыяў з заклікам не дапусьціць гэтага. Адначасова кіраўніцтва афіцыйных прафсаюзаў пачало зьбіраць подпісы ад імя “групы працоўных”.

Зварот прапануюць падпісаць ня толькі афіцыйным, але і незалежным прафсаюзам.

Так, у мінулую пятніцу да старшыні першаснай арганізацыі незалежнага прафсаюзу прадпрыемства “Горадня Азот” Сяргея Антусевіча прыехаў намесьнік старшыні Гарадзенскага абласнога савету ФПБ спадар Сарока.

Ён прапанаваў далучыцца да кампаніі Фэдэрацыі, падпісаць зварот і разаслаць яго ў дыпляматычныя прадстаўніцтвы краінаў, якія галасавалі за ўвядзеньне санкцыяў у дачыненьні Беларусі.

Кажа Сяргей Антусевіч:

“Цікавая гэта заява сама па сабе, таму што там гаворыцца пра тое, што, цытую: “Наша арганізацыя не сутыкаецца ні зь якімі парушэньнямі з боку наймальнікаў у адносінах да прафсаюзу”, а наадварот, у нас усё ў межах сацыяльнага дыялёгу, усё вырашаецца на камісіях.

У нашым выпадку гэта ўсё цалкам наадварот: мы вядзем барацьбу за сваё выжываньне, ужо год вядзем перамовы аб заключэньні калектыўнай дамовы. І з гэтых прычынаў у тым выглядзе, у якім нам прадставілі гэту заяву, мы ня можам да яе далучыцца”.

Прафсаюз працаўнікоў радыёэлектроннай прамысловасьці выступіў з заявай з нагоды магчымага пазбаўленьня Беларусі гандлёвых прэфэрэнцыяў.

Распавядае старшыня незалежнага прафсаюзу РЭП Генадзь Фядыніч:

“Па-першае, мы зьвярнуліся да беларускай грамадзкасьці, што Фэдэрацыя пачала рассылаць лісты, якія людзі павінны падпісаць, што няма парушэньняў ні правоў працоўных, ні правоў прафсаюзаў.

Па-другое, мы гэтую заяву адправілі ў Міжнародную арганізацыю працы і ў Эўразьвяз, каб яны таксама ведалі, што сёньня правы парушаюцца, а ўлада робіць яшчэ адзін крок, каб усё зьнівэляваць”.

У дакумэнце пералічаныя апошнія выпадкі парушэньня правоў працоўных з боку улады. Зьвяртаецца ўвага на тое, што “ў момант, калі зьявілася пэрспэктыва эканамічных санкцыяў, чыноўнікі ад прафсаюзаў у “добраахвотна-прымусовым парадку” прапануюць сябрам прафсаюзаў выказаць занепакоенасьць... і накіраваць аднолькавыя звароты ў Міжнародную арганізацыю працы”.

29 траўня заяву з нагоды ініцыятывы ФПБ прыме і Рада Беларускага Кангрэсу дэмакратычных сілаў.

Сайт “Прафсаюзны рух Беларусі” зьмясьціў камэнтар галоўнага спэцыяліста Субрэгіянальнага бюро Міжнароднай арганізацыі працы ў Маскве Стэна Тофта Пэтэрсана, які падкрэсьліў, што яны ніколі не патрабавалі ўвесьці санкцыі супраць Беларусі, а заклікалі ўрад Беларусі выканаць свае міжнародныя абавязацельствы, якія краіна сама ўзяла на сябе, уступіўшы ў МАП.

“Калі паглядзець на гэтыя рэкамэндацыі — зарэгістраваць структуры незалежных прафсаюзаў, аднавіць на працы звольненых актывістаў, відавочна, што для іх выкананьня спатрэбіцца некалькі дзён. І ФПБ, калі б захацела, магла б сур’ёзна паўплываць на канструктыўнае вырашэньне праблемы”, — заявіў спадар Пэтэрсан.

Нагадаем, што Павал Севярынец і Мікола Статкевіч, датэрмінова вызваленыя на гэтым тыдні, выказвалі меркаваньне, што іх вызваленьне абумоўлена імкненьнем уладаў прадухіліць выключэньне Беларусі з Генэральнай сыстэмы прэфэрэнцый Эўразьвязу. Абодва палітыкі заявілі, што “іх абмянялі на захаваньне гандлёвых прэфэрэнцый”. Аднак Жан-Эрык Гольцапфэль, прадстаўнік Эўракамісіі ва Ўкраіне, які вядзе пытаньні Беларусі, заявіў, што датэрміновае вызваленьне двух апазыцыйных палітыкаў не паўплывае на рашэньне выключыць Беларусь з сыстэмы прэфэрэнцый.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG