Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У сьпісе дэлегатаў Кангрэсу дэмакратычных сілаў 916 чалавек


Ганна Соўсь, Менск Напярэдадні Кангрэсу дэмакратычных сілаў яго арганізатары правялі прэсавую канфэрэнцыю. Значнай падзеяй для дэмакратычных сілаў Беларусі назваў маючы адбыцца Кангрэс старшыня аргкамітэту ў яго падрыхтоўцы Аляксандар Бухвостаў. Паводле яго, падрыхтоўцы да Кангрэсу фактычна завершаная, засталіся выключна тэхнічныя пытаньні.

Кангрэс дэмакратычных сілаў Беларусі адбудзецца 26-27 траўня ў палацы культуры МАЗа. Пачатак а 13 гадзіне.

У сьпісе дэлегатаў Кангрэсу – 916 чалавек. Сярод іх абраныя на сходах актывісты, удзельнікі выбарчых кампаній і 22 вядомыя асобы. Сярод іх Уладзімер Арлоў, Рыгор Барадулін, Ніл Гілевіч, Радзім Гарэцкі ды іншыя. Больш за сто чалавек маюць статус запрошаных.

Дэлегатамі сталі 29 палітзьняволеных, якія адсядзелі ў турмах пры кіраваньні Аляксандра Лукашэнкі. Гэта Вячаслаў Сіўчык, Вадзм Лабковіч, Міхаіл Марыніч, Павал Севярынец, Мікола Статкевіч ды іншыя. Статус дэлегатаў нададзены і палітвязьням, якія цяпер знаходзяцца за кратамі – Аляксандру Казуліну, Андрэю Клімаву ды іншым.

На Кангрэс запрошаныя прадстаўнікі ўсіх амбасадаў і міжнародных арганізацый, акрэдытаваных у Беларусі. Прыяжджаюць прадстаўнікі швэдзкага парлямэнту, дэпутат расейскай Дзяржаўнай думы Уладзімер Рыжкоў і старшыня саюзу правых сілаў Мікіта Бялых.

Згодна з рашэньнем дэлегатаў рэгіянальных канфэрэнцыяў дэмакратычную кааліцыю ачоляць сустаршыні. Аляксандар Мілінкевіч выступіць на Кангрэсе, але вырашыў вылучацца ў сустаршыні ня будзе. Сытуацыю камэнтуе лідэр Партыі камуністаў беларускай Сяргей Калякін.

“Ягонае месца ня можа быць занятае нікім іншым, паколькі за гэта прагаласавалі дэлегаты Кангрэсу таемным галасаваньнем пры кворуме 75 працэнтаў усіх дэлегатаў. Аляксандар Мілінкевіч можа заняць месца сустаршыні і адказваць за нейкі канкрэтны кавалак працы. Аднак гвалтоўным чынам канечне ніхто Аляксандра Мілінкевіча зрабіць сустаршынём ня можа. На сёньня для Аляксандра Мілінкевіча дзьверы заўсёды адкрытыя...”
XS
SM
MD
LG