Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Відзах будуць лячыць серавадародам


Віталь Сямашка, Відзы, Браслаўскі раён Новая перадача сэрыі “Палітычная геаграфія”.

Як аказалася, у Відзах, што на Браслаўшчыне, за кожным маім крокам, сустрэчамі ў часе вандроўкі сачылі.

Але не памежнікі, якія, паводле службы, мусяць за сем кілямэтраў ад літоўскай мяжы назіраць за падазронымі асобамі. І не інспэктары лясгасу, якія маглі хіба пераблытаць мікрафон са стрэльбай браканьера.

Між іншым, у немагчымасьці зьяўленьня тут браканьераў пазьней запэўніў мяне 31-гадовы памочнік лесьніка Іосіф Блажэвіч:

Блажэвіч: “Калі злапаюць, штраф такі, што не захочаце — да дваццаці мінімалак. Колькі памятаю, браканьераў няма. Лес падыходзіць да мяжы. Нават мы калі дзе працуем, трэба рэгістравацца...”

І нават не паводле тэлефанаваньня з раённай вэртыкалі назіралі за мной. Званкі з папярэджаньнямі пра ідэалягічную пільнасьць аціхлі год таму, пасьля прэзыдэнцкіх выбараў, пра што мне не прамінуў сказаць адзін зь відзянаў.

Спадар: “У мінулым годзе зьбіралі, штосьці чыталі — прыйшла ўстаноўка з Браслава на ідэалягічную апрацоўку. У гэтым годзе, дзякуй богу, цішэй...”

За мной употайкі цікавала купка навучэнцаў мясцовага сельскагаспадарчага ПТВ-169, для якіх, калі браць пад увагу ўзрост, усё ператварылася ў цікавую гульню.

Намесьнік дырэктара — вайсковы адстаўнік і пэнсіянэр Франц Дубоўскі — забараніў вучням пад пагрозай пакараньня нават сустракацца зь менскім карэспандэнтам — той, маўляў, не даклаў яму пра сваё прыбыцьцё й пляны.

Пра што мне й паведамілі самі будучыя лесьнікі, кіроўцы, трактарысты, цесьляры ды будаўнікі. Так што жыцьцё маладых людзей, што вучацца ў відзаўскім ПТВ, застанецца па-за нашым аповедам. Зрэшты, і таго, што адбываецца з астатнімі амаль дзьвюма тысячамі жыхароў, хапіла.



Карэспандэнт: “Не баіцеся, што фундамэнт спаўзе й дах на галаву зваліцца?”

Спадарыні: “Пэрыядычна нейкі рамонт робім — ня дай божа...”

Побач з ПТВ — аварыйны будынак былога хлебазаводу, што разам з малаказаводам збанкрутаваў яшчэ напачатку дзевяностых.

Цяпер тут кандытарскі цэх, дзе пякуць на месяц 7 тон булак ды пячэньня. Працуе пяць жанчын — адзінаццаць гадзінаў на суткі. На кожную зь іх норма адпрацоўкі — тона. Заробак 200 тысяч. Чаму так мала? Тэхноляг Любоў Кульпа ды экспэдытар Лілія Бачкоўская тлумачаць:

Спадарыні: “У нас танная прадукцыя. Распаўсюджваем па вёсках, імкнемся, каб большая праходнасьць была, а значыць, па цане больш даступная”.

У пасялковым савеце свае прыярытэты. Наступным годам Відзы мусяць стаць аграгарадком. Але, гледзячы па ўсім, спадзяваньні на лепшае зьмяншаюцца разам зь фінансамі.

Кажа сакратарка выканкаму спадарыня Галіна Сергяевіч:

Сергяевіч: “Галоўная праблема — дарогі. Плянавалі фінансаваньне на 1 мільярд 210 мільёнаў. Потым стала 800 мільёнаў, а ўчора прыехалі — ужо 437. А што будзе заўтра, да канца году?! Заасфальтаваць абавязкова трэба да школы, дзіцячага садка, а астатнія падсыпаць...”

Дарогі — гісторыя з барадой даўжынёй, так бы мовіць, у дзесяцігодзьдзі. Яшчэ год таму шлях на Паставы, што зьвязвае Відзы з навакольным сьветам, быў у некаторых месцах не засыпаны пяском. Чаго не маглі дамагчыся мясцовыя ўлады, удалося праз упартую перапіску дабіцца 75-гадовай спадарыні Фадзеевай.



Апавядае Аўгенія Мікалаеўна:

Фадзеева: “Яшчэ ў 1980 годзе, калі была Алімпіяда, будавалі ўсюды дарогі, а ў нас на Паставы — не. Але адпісаліся, што пабудавалі. Ужо ў цяперашні час напісала вялікі артыкул у “Белорусскую ниву”. Артыкулу не надрукавалі, а адказ прыйшоў зь Віцебску, тэрміны былі ўказаныя. І зрабілі! І цяпер, як мой пляменьнік едзе, кажа: дзякуй, цётачка, дабілася гэтага...”

Спадарыню Аўгенію ведаюць у Відзах усе. Яна — мясцовая праваабаронца. У савецкі час не дала звольніць калегу за тое, што тая пахавала маці паводле каталіцкай традыцыі. Цяпер сабрала подпісы ды сход, каб не дапусьціць будаўніцтва складу хімічных угнаеньняў на беразе прыгараднага возера.

Сьмяецца — нягледзячы на тое, што дзень нараджэньня супадае з днём Парыскай камуны, лёс зьбярог ад уступленьня ў КПСС.

Фадзеева: “Я была актыўны чалавек, хацелі, каб у партыю ўступіла. Сабрала дакумэнты, паслалі мяне ў Маладэчна, дзе ў мяне родзіч працаваў сакратаром гаркаму. Ён кажа: нашто гэта табе, у мяне гэта хлеб, а ты не ўступай! Аж прыяжджаю — скралі мае дакумэнты на ўступ! (Сьмяецца.) Пабаяліся, што буду выступаць ня так, як трэба.

Я чытаю “Народную волю” — у большасьці згодная, але людзі стараюцца нічога не гаварыць. Махнуць рукой — ат... Яны там б’юцца-дзяруцца, а нам трэба жыць. Ну і я ж не магу быць хуліганам, але адстойваю сваё”.

Гэта ня проста словы. У жыцьці Аўгенія Фадзеева гаворыць выключна па-беларуску і палка змагаецца за беларушчыну.

Фадзеева: “Я вырасла сярод роднай мовы і, каб на яе іншыя не забыліся, нагадваю. Нават на кірмашы цыганка глядзела-глядзела на мяне й кажа: абажжыце, БНФ, па-беларуску гаворыць! Я кажу: дзякуй за камплімэнт! Нам сорамна перад Літвой. ТВ уключыш — яны па-літоўску гавораць. А ў нас ОНТ і СТВ, дык не магу злапаць хоць якую перадачу па-беларуску.

І я вельмі люблю Васіля Быкава! А Лукашэнка выгнаў зь Беларусі, цкавалі — гэта грэх ён вялікі ўзяў на сябе, што ў загоне ён. Я неяк не разумею і народ. Як кажуць: ай, што тая мова! Хлеб ёсьць, а да хлеба пэнсія. Я кажу: бабанькі, чы ж мы сьвіньні, чы нам толькі карыта трэба і ў карыце! І цяпер люблю сьпяваць гэтую песьню ў кампаніі”.

* * *

Відзы — самы вялікі сельсавет у краіне, што выцягнуўся ўздоўж літоўска-беларускай мяжы аж на сто кілямэтраў. Некаторыя населеныя пункты за дзьвесьце мэтраў ад памежных слупоў.

Гэта і маленькі беларускі Бабілён, дзе стала ды ў згодзе жывуць людзі больш як дваццаць нацыянальнасьцяў. Сярод іх некалькі соцень цыганоў. Расказвае ўжо знаёмая сакратарка выканкаму пассавету, карэнная жыхарка спадарыня Сергяевіч:

Сергяевіч: “На маёй вуліцы тры сям’і — ні ў каго нічога. Колькі я памятаю, у нас цыгане аселыя. Яны ніхто не працуюць, ходзяць па вёсках, прадаюць — гэта жанчыны. Мужчыны, бываюць, сядзяць у турме. Дзеці ў школу як ходзяць? Участковы затрымаў дзяўчыну: якая адукацыя? Сярэдняя. А колькі клясаў? Чатыры! Адзетыя ды абутыя лепш за нашых, на машынах разьяжджаюць. Вось і ня крадуць, але штосьці маюць”.

Непадалёк ад манумэнтальнага Траецкага касьцёлу — малельня старавераў. Іхная грамада ў Відзах найстарэйшая — а ёсьць яшчэ праваслаўныя, магамэтане.

Расказвае настаўнік ПТВ Леанід Дзегцяроў, сам са старавераў.

Дзегцяроў: “Стараверы — расейская справа. У сярэдзіне XVII стагодзьдзя адбыліся рэформы Нікана і зьбеглі на ўскраіну Расеі. Наша частка — гэта пскоўскія паморцы, якія зьявіліся тут у другой палове XVIIІ стагодзьдзя. Старавераў цягам ХІХ стагодзьдзя было болей, чым праваслаўных.

Адрозьненьне ў дробязях, здаецца, — як сьпяваць “Алелюя”, як класьці паклоны. Гулівэраўская барацьба тупаканечнікаў з востраканечнікамі, але выхоўваліся на тым, што больш правільнай веры прытрымліваемся. Я ня бачу тут нейкай пэрспэктывы, рэфармаваньня ня будзе. Моладзь усё меней ходзіць у нашу малельню. Я лічу, што хай чалавек сам выбірае сабе рэлігію...”

Талерантнасьць ды свабодалюбства маюць у Відзах традыцыю. Тут, у прыватнасьці, нарадзіўся і меў сваю стаўку пераемнік на пасадзе галоўнакамандуючага ды паплечнік Тадэвуша Касьцюшкі ў часе паўстаньня 1794-га Тамаш Ваўжэцкі.

Тэму дасьледавала краязнаўца ды тутэйшая бібліятэкарка Тацяна Пляшывава:

Пляшывава: “Ён на ўласныя сродкі сабраў у Відзах атрад, трыста чалавек паўстанцаў. Змагаліся за незалежнасьць Рэчы Паспалітай. І калі пад Варшавай Касьцюшка быў паранены і трапіў у палон, на сходзе вырашылі, што ўзначаліць паўстаньне мусіць Тамаш Ваўжэцкі.

Як ні сумна, расейская армія Суворава вельмі жорстка расправілася з паўстанцамі. Тамаш Ваўжэцкі быў адпраўлены ў Пецярбург, прыгавораны да сьмяротнага пакараньня. Але пасьля прыходу да ўлады другога расейскага імпэратара Ваўжэцкага вызваляюць, і ён вяртаецца на радзіму...”

Расейскі імпэратар Аляксандар ІІ пазьней прыехаў у Відзы сам. На лекаваньне.



Пляшывава: “У пачатку ХІХ стагодзьдзя ў Відзы-Лаўчынскім былі адкрытыя серавадародныя крыніцы. Была мінэральная лячэбніца на трыццаць месцаў ды два доктары. На лячэньне прыяжджала ня толькі навакольнае панства, але адпачывалі Адам Міцкевіч, вялікія князі Міхаіл і Канстанцін, ад рэўматызму лячыліся багатыя афіцэры”.

У часе маёй вандроўкі ў Відзах панавала трывога. Акурат напярэдадні адмыслоўцы зь Міністэрства аховы прыродных рэсурсаў дасьледавалі дзьве серавадародныя крыніцы. Прынялі завочнае рашэньне пасьля адпаведнай экспэртызы будаваць санаторый, што зможа прымаць 110 чалавек.

Апавядае Галіна Сергіевіч:

Сергеевіч: “На 110 чалавек хапае серавадароду на сэанс адначасова. У сэкунду 400 літраў вады з крыніцы выплюхваецца. Сутачны запас вады на 110 тысяч літраў. Ёсьць меркаваньне, што вада такая ж, як у Мацэсьце паводле лекавага саставу. Гэта лечыць страўнікавыя хваробы, радыкуліт, апорна-рухальны апарат. Мы жывем у 30-кілямэтровай зоне адсяленьня. Ігналінская АЭС — рукой падаць, праз возера яе відаць. Атамная закрыецца, а другая будзе будавацца ў гэтых мясьцінах. І магільнік — абавязкова будзе…”

У пасёлку пракацілася чарговая хваля чутак пра небясьпеку будаўніцтва літоўцамі побач магільніка радыяактыўных адкідаў. Хвалю нэрвовасьці падахвочвае афіцыйны друк.

Вось што кажа настаўнік Леанід Дзегцяроў:

Дзегцяроў: “Усё гэта выклікае небясьпеку, асабліва калі чытаем пра гэта ў беларускім друку. Калі нанесьці шкоду нашай экалёгіі — пужануць будучых турыстаў. У нас вельмі прыгожыя азёры”.

За кілямэтар ад мяжы мы стаім са старшынёй пассавету Галінай Малахоўскай. У паветры характэрны пах пратухлых яек — ад серавадароднай крыніцы, што побач. Мая суразмоўца завочна адказвае скептыкам:

Малахоўская: “Гэта зусім розныя рэчы. Серавадарод зь нетраў паступае, сьвідравіну будуць сьвідраваць на чатырыста мэтраў у глыбіню. І не заўважана, што радыяцыя ўплывае на нас, дзеці ў школу ходзяць...”

У Відзах толькі паводле афіцыйнай статыстыкі больш за дзьвесьце беспрацоўных. Таму будаўніцтва санаторыю тутэйшыя разглядаюць як шанец. Кажа спадарыня Малахоўская:

Малахоўская: “Ад будаўніцтва чакаем да пцідзесяці працоўных месцаў. Народ працаздольны, вырошчвае і прадае бульбу аж з чэрвеня. Таму змогуць збываць на санаторый. Відзаўскае ПТВ зможа забясьпечваць і малаком, і мясам з гароднінай. Яшчэ разгорнуцца турыстычныя маршруты — у нас шмат помнікаў архітэктуры. Ня хочацца, каб зьяжджалі маладыя людзі ў іншыя гарады — шмат здольных, цікавых. Другім дыханьнем будзе будаўніцтва санаторыю для Відзаў”.

Вера... У чалавечае ў чалавеку. У Бога. Ва ўласныя сілы. Як шмат я чуў пра гэта ў Відзах... Хто ведае, мо сапраўды зьяўляецца тут другое дыханьне. Ва ўсякім выпадку, на разьвітаньне вядомая вам Аўгенія Мікалаеўна Фадзеева казала мне ізноў жа — пра гэта:

Фадзеева: “Гонар беларускі павінны мець! Тут народ шляхетны быў. І культура вышэйшая. На пахаваньнях гарэлкі не пілі, апраналіся бедна, але модна. Карані нам пакінулі здаровыя. Так што веру — адродзяцца... Быў Вялікдзень — і ў касьцёле, і ў малельні ўсю ноч было поўна. І ніводзін п’яны. Я веру ў будучыню Відзаў — хай адродзяцца і ідзе да лепшага”.
XS
SM
MD
LG