Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Жизни" у Беларусі пакуль ня будзе


Ігар Карней, Менск Цягам паўгода расейскі таблёід “Жизнь” спрабаваў распачаць выпуск беларускай вэрсіі. Усе неабходныя для рэгістрацыі выданьня дакумэнты былі накіраваныя ў Міністэрства інфармацыі Беларусі ў лістападзе 2006 году. Выхад першага нумара адразу плянаваўся на канец сьнежня, потым разоў пяць прэзэнтацыя адтэрміноўвалася на месяц. Урэшце было вырашана: праект дзеля ашчадаваньня сродкаў трэба прынамсі “замарозіць”.

Як расказаў ужо былы галоўны рэдактар “замарожанай” «Жизни» Кірыла Пазьняк, цяпер калектыў распускаецца, офіс здаецца, але ўласна камэрцыйнае прадпрыемства будзе працягваць спробы зарэгістравацца ў Беларусі:

“...Таму што трэба пачуць больш-менш уцямны адказ ад Міністэрства інфармацыі – ці станоўчы, ці адмоўны. Бо няма адназначнага адказу: маўляў, мы вам не дамо ліцэнзіі. І адпаведна, няма нейкіх тлумачэньняў – чаму няма такога дазволу. Зрэшты, і прэтэнзій ніякіх таксама не агучана.

Увогуле на 32 старонках «Жизни» меркавалася разьмяшчаць палову мясцовых матэрыялаў. У пэрспэктыве хацелі рабіць і па-беларуску выпускі. Бо, у прыватнасьці, ва Ўкраіне ёсьць як расейскамоўны выпуск, так і ўкраінскі. Натуральна, моўная сытуацыя ў нас іншая трохі, але пляны такія былі”.

Кірыла Пазьняк запэўнівае, у Беларусі яны меліся выпускаць выключна забаўляльны праект. Уся ж палітыка канцэнтравалася ў іншым выданьні, якое выходзіла паралельна з "Жизнью" – у газэце "Твой день".

Газэта «Жизнь» выдаецца ў Расеі ад 2001 года і лічыцца таблёідам №1 на расейскім мэдыя-рынку. Наклад штотыднёвіка 2 200 000 асобнікаў, а ягоныя рэгіянальныя выпускі выходзяць у расейскіх рэгіёнах, ва Ўкраіне, у Казахстане і Турэччыне.
XS
SM
MD
LG