Лінкі ўнівэрсальнага доступу

А.Мілінкевіч: “Рух “За Свабоду” – ня толькі партыйнае аб’яднаньне”


Вячаслаў Кулік, Менск У суботу і нядзелю ў Менску пройдзе Кангрэс дэмакратычных сілаў Беларусі. Рэгіянальныя актывісты палітычных партыяў тым часам пачалі далучацца да руху "За Свабоду”. Напрыклад, у Івацэвічах амаль уся тамтэйшая апазыцыя галасавала за такое далучэньне.

На агульным сходзе апазыцыі ў Івацэвічах прысутнічалі лідэры і сябры мясцовых суполак Аб’яднанай грамадзянскай партыі, Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада), Партыі БНФ.

Арганізатарам выступіў Станіслаў Халадовіч:

“Звычайна у нас 27 чалавек можна паставіць, як гаворыцца, пад ружжо. Усе галасавалі за рашэньне падтрымаць Аляксандра Мілінкевіча, далучыцца да руху “За Свабоду”. Таму што нам ужо надакучылі агульныя размовы. Канкрэтных справаў няма”.

Прыхільнасьць да ініцыятывы Аляксандра Мілінкевіча выказваюць таксама іншыя грамадзкія актывісты. Алесь Чыгір з Бабруйску беспартыйны.

“Я падтрымліваю рух “За Свабоду”, – гаворыць Алесь Чыгір. – Стаўленьне да яго – станоўчае. Але пры адной умове: калі за гэтым рухам, за гэтай грамадзкай арганізацыяй будуць дзеяньні. Мне гэта вельмі цікава, і я гатовы далучыцца”.

У палітычных арганізацыях на Меншчыне таксама вывучаюць і абмяркоўваюць прапановы лідэра руху “За Свабоду”.

Меркаваньне Лява Марголіна з Барысава, старшыні абласной арганізацыі АГП:

“Я таксама добра ведаю сытуацыю ў нашай партыі і лічу, што ніякага масавага перацёку з адной арганізацыі ў іншую ня будзе. Калі б Мілінкевіч прапаноўваў пэўныя актыўныя дзеяньні, то, магчыма, гэта выклікала б адпаведную рэакцыю. Але я ў апошні год ня толькі дзеяньняў ня ўбачыў, але нават прапановаў ад Палітычнай рады дэмсілаў, якую ўзначальвае Аляксандар Мілінкевіч”.

Аляксандар Мілінкевіч сваё меркаваньне агучыць у выступе перад удзельнікамі Кангрэсу дэмакратычных сілаў:

“Чым рух “За Свабоду” лепшы за сёньняшнюю кааліцыю? Тым, што гэта ня толькі партыйнае аб’яднаньне. А значна-значна шырэйшае. Я гэтага дамагаюся. Мы ня будзем канкураваць са стратэгіяй, якую прымаюць апазыцыйныя партыі. Але мы абвесьцім, што будзе рабіць рух. Мэта нашага руху – далучыць да актыўнага супраціву рэжыму новых людзей. Тых, хто ня трапіў на Кангрэс, хто не задзейнічаны пасьля выбараў”.

• Да Кангрэсу дэмакратычных сілаў засталіся два дні, 24.05.2007 • Кангрэс: Прыхільнікі Мілінкевіча створаць фракцыю “Рэгіёны за Свабоду”, 24.05.2007 • Кангрэс выкажа салідарнасьць з “Маладым фронтам” , 24.05.2007 • У працы Кангрэсу дэмсілаў будуць удзельнічаць і прадпрымальнікі, 24.05.2007 • А.Бухвостаў: “На Кангрэсе дэмсілаў будзе 6-7 палітычных фракцыяў”, 24.05.2007
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG