Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Вароны, асабліва-ж маладые, становяць знаменітую страву”


Зьміцер Падбярэскі, Менск Пра што пісалі беларускія газэты 25 траўня ў розныя гады мінулага.

“Гоман” у 1917 годзе пад рубрыкай “Офіцыальны аддзел” піша: “Гарадзенскі галава абвяшчае: “Дзеля таго, каб карысна змагацца з варонамі, трэба нішчыць вароньні гнёзды і выбіраць адтуль маладых варанят. Вароны, асабліва-ж маладые, становяць знаменітую страву. Я прызываю насяленьне падтрымаць змаганьне з варонамі, узлезаючы на дрэвы па драбінах і скідаючы гнёзды. Дабытых гэтак варон жыхары могуць затрымаць дзеля свайго ужытку...”

“ЛіМ”, год 1957. Студэнт БДУ Рыгор Барадулін прызнаецца: “Максім Багдановіч — адзін з маіх самых любімых паэтаў... Мне ўспамінаецца лета мінулага года, калі я з групай студэнтаў ездзіў на цалінныя землі ўбіраць ураджай. Пасля працы мы, беларусы, рускія, украінцы, татары, казахі, збіраліся, каб пад зорным казахстанскім небам паспяваць любімыя песні. І кожны раз нашы сябры прасілі выканаць “Зорку Венеру”... Спяваючы гэтую песню, мы пераносіліся ў любую Беларусь, у яе бары, на яе прасторы. Гэта Максім Багдановіч прыдаваў крылы нашым летуценням... Такая паэзія неўміручая”.

15 траўня 1997 году Аляксандар Лукашэнка з парушэньнем міжнароднай Алімпійскай хартыі быў абраны прэзыдэнтам Нацыянальнага алімпійскага камітэту Беларусі. Падчас галасаваньня супраць выказаліся двое: Алена Валчэцкая і Віктар Купрэйчык. Апошні са старонак “Имени” гэтак пракамэнтаваў падзею: “Усё было выдатна адрэпэтавана. Не як спэктакль нават, а як вадэвіль. У кожным разе, менавіта так выглядае, калі выдатных спартоўцаў, якія ніколі нічога не баяліся і шмат чаго перажылі, проста ставяць на калені. Было крыўдна за спартоўцаў, многіх зь якіх я ведаю асабіста”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG