Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Віцебск: пленэр за адраджэньне сабору і плошчы


Радыё Cвабода, Віцебск Мы паведамлялі ўжо пра тое, што прадпрыемства “Віцебскводаканал”, пракладаючы камунікацыі на тэрыторыі плошчы Свабоды ў Віцебску, нішчыць парэшткі старажытнай забудовы гораду. Экскаватары ды іншая тэхніка пашкодзілі муры Сьвята-Мікалаеўскага сабору, якія знаходзіліся ў зямлі пад асфальтам. Земляныя работы ў ахоўнай гістарычнай зоне працягваюцца і цяпер. І пленэр, арганізаваны 24-га траўня віцебскімі моладзевымі актывістамі, быў адной са шматлікіх спробаў пратэсту супраць вандалізму ў Віцебску.

Аб’ява пра пленэр зьявілася ў інтэрнэце на адным зь віцебскіх форумаў. Запрашэньне было такое: “З нагоды таго, што на плошчы Свабоды зьнішчаюцца падмуркі Мікалаеўскага сабору, зьнішчанага савецкай уладай у 60-я гады мінулага стагодзьдзя, запрашаем усіх віцебскіх мастакоў да ўдзелу ў адкрытым пленэры “Адраджэньне Мікалаеўскага сабору і Саборнай плошчы”.



На пленэр таксама запрашалі й журналістаў, якіх цікавіць гэтая праблема. Сталася так, што і журналістаў, і ўдзельнікаў-мастакоў прыйшло пароўну – па чатыры чалавекі. Хаця ўвогуле да прызначанага часу на плошчу Свабоды людзей сабралася каля двух дзясяткаў – прыйшлі яшчэ мясцовыя актывісты- аматары гісторыі.

Студэнтка Тацяна Фамічова назвалася адной з арганізатарак пленэру:

“Наша акцыя – пленэр – прысьвечаная адбудове Сьвята-Мікалаеўскага сабору і ўвогуле адраджэньню Саборнай плошчы, яе гістарычнага выгляду. Напэўна, мы ўсё ж такі зрабілі невялікую арганізацыйную памылку, не запрасіўшы асабіста найбольш вядомых віцебскіх мастакоў. Хаця гэта яшчэ пытаньне – прыйшлі б яны ці не. А мы толькі расклеілі аб’явы на мастацка-графічным факультэце ўнівэрсытэту і ў мастацкай школе”.

Напачатку акцыі Тацяна Фамічова прачытала невялікую лекцыю пра гісторыю Саборнай плошчы, а потым мастакі прыступілі да працы. Дарэчы, усе ўдзельнікі пленэру былі зусім юныя – навучэнцы мастацкай школы №1.

З прафэсійных віцебскіх мастакоў на плошчу Свабоды завітала толькі Сьвятлана Баранкоўская. Яна сказала, што пра пленэр зь ейных калегаў ніхто ня ведаў, бо яны, мажліва, не такія актыўныя карыстальнікі інтэрнэту, як моладзь. Спадарыні Баранкоўскай таксама расказала пра акцыю дачка.

Сьвятлана Баранкоўская ўдзелу ў пленэры ня брала, але ў яе ёсьць ранейшы твор пад назвай “Сьвята-Мікалаеўскі катэдральны сабор”, які нядаўна экспанаваўся ў выстаўнай залі Музэю сучаснага мастацтва.

“Хоць з паштоўкі, а не з натуры, але было вельмі цікава намаляваць гэты сабор, – расказвае Сьвятлана Баранкоўская. – І я зрабіла гэтую працу, дастаткова вялікую. Дай Божа, каб яна спадабалася гораду, каб яна засталася ў Віцебску, а не паехала ў якую Нямеччыну за тое, каб было на што паесьці... У кожнага гораду павінна быць сэрца! А наша сэрца было зьнішчана савецкай уладай, нямецкай уладай, дый цяпер добра відаць, як мы бурым муры...”

Дарэчы, тых, хто літаральна разбурае муры, – тое самае прадпрыемства “Віцебскводаканал” – таксама не абышлі ўвагаю ўдзельнікі пленэру, у прыватнасьці, маладая паэтка Ірына Барысевіч:

“Людзі прыйшлі, каб памаляваць, але мне такога дару Бог ня даў. І атрымаўся такі невялічкі вершык.

Абадраная стужка, бы чорны крумкач Прыляцеў памаліцца на могілкі веры. Зруйнаваны сабор. Ды малюе рука Залатыя крыжы на кавалку паперы.

Для кагосьці ты, можа, нязначны й малы, Ды галоўнае – вера ў душы не сканала... І узносяцца ў неба твае купалы Па-над дробязнай справаю “Водаканалу”!”



Скарыстаўшы досьвед першага пленэру і запрасіўшы большую колькасьць удзельнікаў, арганізатары вырашылі правесьці 4 чэрвеня яшчэ адну падобную імпрэзу. Будуць выкарыстаныя і іншыя формы грамадзкага пратэсту – скаргі ў пракуратуру ды ў іншыя інстанцыі. Бо, як паведаміла супрацоўніца ўправы культуры Віцебскага аблвыканкаму Ніна Сулецкая, “Віцебскводаканал” насуперак усяму не зьбіраецца прыпыняць работы на плошчы Свабоды, хаця ня мае на іх адпаведнага дазволу ад Міністэрства культуры.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG