Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Выстава ў Горадні: вежы і замкі Алеся Ліпеня


Міхал Карневіч, Горадня Сёньня ў Горадні адкрываецца выстава вядомага гарадзенскага мастака, скульптара Алеся Ліпеня. Гэта даніна памяці ў гадавіну сьмерці Ліпеня. Аматары мастацтва змогуць пабачыць найлепшыя творы Ліпеня ў выстаўнай залі “Ў Тызэнгаўза”.

Алесь Ліпень быў адным з самых паважаных мастакоў Горадні. Ён памёр летась на 81 годзе жыцьця. Выставу падрыхтавала жонка Алеся Ліпеня спадарыня Альгерда пры дапамозе дачкі Алены. Іх вельмі прасілі аб гэтым аматары мастацтва.

У кватэры спадарыні Альгерды гартаем каталёг працаў Алеся Ліпеня.

Са словаў гаспадыні, Алесь Ліпень працаваў доўгія гады ў “Гроднаэнэрга” і паралельна займаўся мастацтвам. Напачатку гэта быў жывапіс, пасьля – скульптура.

“Яму нават не было ў каго павучыцца, – кажа гаспадыня, – прыехаў у 1950-м годзе і ня ведаў, што ёсьць Дом народнай творчасьці”.

Данута Бічэль: “Беларуская інтэлігенцыя атрымала ад яго беларускую душу”.
Разьбу і скульптуры Алеся Ліпеня можна пабачыць у Горадні, у шмат якіх раённых гарадках, а таксама музэях. Вялікія карціны беларускіх замкаў разьехаліся з Горадні па ўсім сьвеце. Ліпеневы скульптуры беларускіх клясыкаў і змагароў за незалежнасьць знаходзяцца цяпер у прыватных калекцыях і музэях Беларусі.

Спадарыня Альгерда нарадзілася ў той самай вёсцы, што і яе муж – у Борках на Бабруйшчыне. Паказвае мне малюнкі родных мясьцінаў і згадвае маленства:

“Мы жылі ў суседзтве, і я бачыла, як ён часта на пяску маляваў нейкія вежы і замкі. Я тады яшчэ зьдзіўлялася, як ён сабе гэта ўяўляе. Мы, вясковыя дзеці, нідзе пра гэта нават ня чулі”.

Адна з тых, хто вельмі шануе Алеся Ліпеня як мастака і чалавека, – гарадзенская паэтка Данута Бічэль:

“Беларуская інтэлігенцыя атрымала ад яго ўсё тое самае, што і я – беларускую душу, яго глыбокае адчуваньне сьвету і беларускай культуры”.

Практычна ўсё жыцьцё Алесь Ліпень маляваў і вырабляў скульптуры ў сваёй кватэры. І толькі ў пэнсійным веку атрымаў майстэрню. Там ён яшчэ больш шчыраваў.

У майстэрні Ліпеня цяпер працуе мастак Вацлаў Рамашка.

“Ад гэтага чалавека можна было чэрпаць такое натхненьне, што потым дае настолькі шмат творчага патэнцыялу, зараду, што можна толькі пазьдзіўляцца. Вось каб такіх людзей было больш...”, – згадвае Алеся Ліпеня Вацлаў Рамашка.

Летась перад сьмерцю Алесь Ліпень пачаў маляваць сваю родную хату ў Борках, але так і ня скончыў карціны – ня стала сілы. Гэтую незакончаную працу таксама сёньня змогуць пабачыць наведнікі галерэі “Ў Тызэнгаўза”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG