Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“На алькаголь трацяць у 12 разоў больш, чым на гародніну”


Іна Студзінская, Менск Агляд недзяржаўнага друку за 25 траўня.

“Народная воля”. “Эшалёны ўлады”. Нядаўна Аляксандар Лукашэнка прысвоіў старшыню Беларускага фізкультурна-спартовага таварыства “Дынама” Юр’ю Бародзічу званьне генэрал-маёра. У чыноўніцкіх колах загаварылі пра тое, што Бародзіча найбліжэйшым часам чакае чарговае прызначэньне: маўляў, на такіх пасадах генэральскіх пагонаў не атрымліваюць. Бародзіча могуць перавесьці альбо ў Савет бясьпекі, альбо прызначыць старшынём Мытнага камітэту.

“Народная воля” нагадвае, што Юры Бародзіч ў красавіку 1995 году кіраваў зьбіцьцём дэпутатаў, якія праводзілі галадоўку ў залі Вярхоўнага Савету.

Слуцкі “Інфа-кур''ер”. “Крымінальныя справы – за скажэньне справаздачнасьці”. Толькі ў Любанскім раёне па матэрыялах праверак Дзяржкантролю заведзеныя чатыры крымінальныя справы. У даход дзяржавы вернута грашовых сродкаў і матэрыяльных каштоўнасьцяў на суму сем з паловай мільярдаў рублёў. Выяўлена, што былы кіраўнік СВК “Забалацкі” цягам двух гадоў падаваў ілжывыя справаздачы. У прыватнасьці, колькасьць надоенага малака была завышаная на 400 тонаў.

Маладэчанская “Рэгіянальная газета”. Артыкул “Парыбачылі на 20 мільёнаў кожны”.

“Два жыхары Заслаўя павінны выплаціць у даход дзяржавы па 2 мільёны 170 тысяч рублёў штрафу за незаконную лоўлю стронгі ў рэчцы Ўдранка, – расказвае журналіст Сяргей Зянько. – Акрамя гэтага, браканьерам давядзецца кампэнсаваць дзяржаве нанесеную шкоду ў памеры 35 мільёнаў 300 тысяч рублёў. Яны вылавілі 113 рыбін-стронгаў, агульнай вагою каля сямі кіляграмаў. Самае цікавае, што штраф, можа, і невялікі – 2 мільёны 170 тысяч, а вось памеры кампэнсацыі шкоды вельмі вялікія за 7 кіляграмаў рыбы”.

“Комсомольская правда” в Белоруссии”: “На алькаголь менчукі трацяць у 12 разоў больш, чым на гародніну”. Больш за палову бюджэту беларусы па-ранейшаму, так бы мовіць, “праядаюць”. Але харчуюцца яны няправільна: пятая частка гэтых грошай пайшла на алькаголь. Больш, чым на піва-гарэлку, патрацілі толькі на мяса, птушку і кілбасу разам узятыя. Затое на тытунь сталічныя жыхары выдаткоўваюць аж 2 % усіх грошай, а на спорт у 10 разоў менш, чым на гародніну.
XS
SM
MD
LG