Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Усе “сувораўскія” мясьціны Кобрыня


Ігар Карней, Кобрынь Вуліца імя Суворава, аднайменны парк, два музэі – уласна дом-музэй Суворава і музэй Вялікай айчыннай вайны (гэтаксама чамусьці імя Суворава). Тры бюсты, помнік у поўны рост і гатэль “Сувораў” з адпаведнымі кулінарнымі рэцэптамі. Усё гэта – рэаліі сучаснага Кобрыну, 50 тысячнага гораду на поўдні Беларусі.

Але сувораўскія вакансіі яшчэ існуюць. На ўскрайку Кобрыня закладзеная праваслаўная царква, якой зь пераменным посьпехам спрабуюць прыляпіць гэтае ж імя. І толькі дзякуючы грамадзкаму супраціву кобрынскія ўлады нядаўна мусілі канстатаваць: назва неабгрунтавана прысвоена праваслаўнаму “падмурку” асобнымі зацікаўленымі дзеячамі Кобрыня. Насамрэч гэта царква Сьвятога Хрыстовага Нараджэньня – храм-помнік 60-годзьдзя вызваленьня Беларусі”. • Кобрын: акцыя супраць будаўніцтва храму ў гонар Суворава , 26.02.2007

У 1795 годзе адзін са старэйшых беларускіх паркаў “Кобрыньскі ключ” на загад расейскай імпэратрыцы Кацярыны ІІ быў “пажалаваны” военачальніку Аляксандру Сувораву. У тым ліку – і за жорсткае падаўленьне паўстаньня 1794 году пад кіраўніцтвам Тадэвуша Касьцюшкі, якое каштавала жыцьцяў тысячаў мясцовых жыхароў. Менавіта за пасьпяховую “зачыстку” беларускіх тэрыторый ад паўстанцаў Сувораў атрымаў званьне фэльдмаршала, а ў нагрузку – 13 000 прыгонных сялян Кобрыньскага павету і 4 гектары абнесенай валам і ровам паркавай тэрыторыі, унутры якой зьмяшчаліся сад і невялікае возера, на беразе якога стаяў дом Суворава.

Цягам усёй наступнай імпэрскай гісторыі подзьвігі Суворава шматразова ўзвысіліся, а эпізоды зьнішчэньня карэннага насельніцтва былі вынішчаныя з памяці “за непатрэбнасьцю”. Нягледзячы на тое, што цяпер рэальная карціна зробленага Суворавым на Беларусі набыла галоснасьць, статус расейскага палкаводца намаганьнямі афіцыйнай ідэалёгіі застаецца непахісным. У Кобрыні – перадусім. На фасадах будынкаў – імёны выключна расейскіх дзеячаў

У суправаджэньні мясцовага бізнэсоўца Георгія Дзьмітрука я зрабіў невялікую экскурсію па горадзе. Духам Суворава працятае практычна ўсё: вось помнік фэльдмаршалу ў поўны рост – кажуць, адзіны ў сваім родзе. Ягоныя бюсты на ўваходзе ў дом-музэй Суворава і ў парку, дзе колісь стаяла сядзіба палкаводца. Нават пазначана, што ў зацягнутай цінай сажалцы ў 1800 годзе купаўся вялікі палкаводзец (мабыць, 200 гадоў таму вада тут была чысьцейшая). У гэтай сажалцы палкаводзец прымаў “ванны”

Нарэшце, перад вачыма паўстае збудаваны нядаўна элегантны гатэль “Сувораў” у швэйцарскім стылі. Кобрынь – пабрацім швэйцарскага Гларусу. Ідэя супрацоўніцтва нарадзілася якраз на тле захаваньня памяці Суворава ў музэях гарадоў. Швэйцарцы інвэставалі ў пабудову гатэлю, а ў гатэльнай рэстарацыі, як расказаў Георгій Дзьмітрук, можна пачаставацца рэдкай стравай – “адбіўной па-сувораўску”:

“Так, у мэню ёсьць катлета “адбіўная па-сувораўску”. Вы можаце яе замовіць і з задавальненьнем зьесьці. Нідзе больш у іншым месцы, толькі ў горадзе Кобрыні. І ня дорага, блізу 6 тысяч рублёў. За невялікія грошы паспытаеце абсалютна ўнікальнае блюда – катлета “па-сувораўску”, падарунак ад швэйцарцаў кобрыньцам”. Адзіны ў Беларусі гатэль “Сувораў”

А некалькі гадоў таму нарадзілася ініцыятыва пабудаваць храм у гонар Суворава. І калі б ідэя зьявілася ў савецкія часы, лічыць мой суразмоўца, у яе рэалізацыі сумнявацца б не даводзілася:

“Гэта ініцыятыва зьяўляецца ўсплёскамі. Пачалося ўсё напачатку стагодзьдзя, у 2002–2003 гадах. Але сама ідэя, я мяркую, ня мае пад сабой ніякіх гістарычных падставаў і ўвогуле ненатуральная для Кобрыня. Таму дагэтуль на тым месцы стаіць толькі падмурак. Гэта толькі эпізадычна нагадвае будоўлю. А яшчэ больш падобна на савецкі даўгабуд. Народнай ініцыятывы тут няма, ёсьць ініцыятыва асобных людзей. І яна абсалютна ня мае ніякага народнага абгрунтаваньня, таму маем, што маем. Зараз царква нібыта і будуецца, але ўжо высокія сьвятары вымушаныя апраўдвацца: маўляў, памылка выйшла, гэта не царква імя Суворава, называцца яна будзе інакш”. Падмурак храму, які мусіў стаць “сувораўскім”

Пры канцы экскурсіі запытваю ў спадара Дзьмітрука: спроба ня столькі рэанімацыі, колькі далейшага ўшанаваньня Суворава ў маштабах Кобрыня мае праваслаўнае адценьне ці завязанае на агульны прарасейскі кантэкст?

“Дзіўна, хоць Сувораў сам і ня быў кананізаваны Расейскай праваслаўнай царквой, тым ня меней тут гэта мае дваісты характар: з аднаго боку, прапаганда праваслаўя, зь іншага – прапаганда, я сказаў бы, нават ня расейскай культуры, а расейскай субкультуры ў Беларусі. То бок калісьці насамрэч такую ідэю блаславіла Расейская праваслаўная царква, і цяпер шукаюцца магчымасьці, каб гэтую будоўлю зрушыць з месца. Але, як у басьні Крылова, воз і цяпер там. Апроч некалькіх дзесяткаў змантажаваных падмуркавых блёкаў і шуму вакол самой гісторыі, нічога больш ня маем”. У музэй Суворава – арганізаванымі групамі

Нягледзячы на тое, што афіцыйна кобрынскія ўлады імкнуцца адхрысьціцца ад сувораўскага храму, у горадзе дагэтуль ходзяць лятарэйныя білеты, выпушчаныя прадпрыемствам “Брэсцкія лятарэі” на замову Кобрыньскага раённага выканкаму. На квітку наўпрост напісана: “Храм будуецца паводле праекту Сувораўскага храма-помніка, зацьверджанага царом-вялікапакутнікам Мікалаем ІІ”. У парку Суворава “штампуюць” піянэраў
XS
SM
MD
LG