Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Новая cкандынаўская праграма стыпэндыяў для беларусаў


Тацяна Поклад, Прага (pokladt@yahoo.co.uk) Новая перадача з сэрыі "Беларускае замежжа". Эфір 15 траўня.

Слухаць:



Стыпендыю можна атрымаць на тэрмін ад 6 месяцаў да трох гадоў. Праграма ськіраваная на падтрымку розных формаў навучаньня для беларусаў у ВНУ Ўкраіны, а таксама ў іншых суседніх краінах: Польшчы, Літвы, Латвіі, Эстоніі.

Чаму Украіна?

Каардынуе гэтую праграму прадстаўнік Рады міністраў скандынаўскіх краінаў Пэр Ларсан (Per Larsson).

Ларсан: “Праграма пераважна падтрымлівае навучаньне беларусаў ва Ўкраіне. Толькі ў выключных выпадках мы даем стыпэндыі ў іншыя эўрапейскія краіны.

Чаму менавіта Украіна? Было шмат дыскусіяў у Эўразьвязе і ў Радзе міністраў скандынаўскіх краінаў, якую я прадстаўляю. Украіна геаграфічна і культурна вельмі блізкая да Беларусі і беларусам туды прасьцей езьдзіць, чым у краіны Эўразьвязу. Мова ўкраінская блізкая да беларускай. Многія практычныя пытаньні вырашаюцца лягчэй. Апрача таго, існуе шмат праграмаў для беларускіх студэнтаў на Захадзе, і цяпер узьнікае пытаньне – чаму ўсе беларусы павінны ехаць у Францыю, Галяндыю ці Швэцыю, і як наконт тых, хто хоча паехаць у суседнія краіны, культурна бліжэйшыя да Беларусі? З увагі на ўсё гэта і была цяпер абраная Украіна”.

“Ня бойцеся!”

Адна з умоваў для атрыманьня стыпэндыі – вяртаньне пасьля заканчэньня адукацыі ў Беларусь. Стыпэндыі, паводле абвесткі Рады міністраў скандынаўскіх краінаў, атрымаюць тыя беларусы, “якія не могуць атрымаць вышэйшую адукацыю такога ж кшталту ў Беларусі”.

Ларсан: “Гэта азначае найперш, што студэнт альбо яго сям’я пацярпелі ад рэпрэсіяў, што чалавек ня можа атрымаць вышэйшую адукацыю ў Беларусі з-за палітычных прычынаў”.

Моладзь у Беларусі не павінна баяцца выказваць сваю грамадзкую пазыцыю толькі таму, што ўлады іх пазбавяць права на адукацыю,– яны павінны ведаць, што ёсьць іншыя магчымасьці атрымаць адукацыю. І менавіта таму перавага будзе найперш тым, хто ня можа вучыцца ў Беларусі з-за перасьледу за палітычную і грамадзкую дзейнасьць,– адзначае Іна Кулей, кіраўніца Камітэту абароны рэпрасаваных “Салідарнасьць”.

Кулей: “Праграма падтрымае тых студэнтаў, якія зьвярталіся ўжо і раней да нас пасьля выключэньня з унівэрсытэтаў альбо цярпелі перасьлед яшчэ ў той час, калі вучыліся ў школе, альбо іх выклікалі ў дзіцячы пакой міліцыі альбо рознымі шляхамі ўціскалі ў навучальнай установе за грамадзкую і палітычную актыўнасьць.

Мы маем шчыльныя кантакты з каардынатарамі праграмы, са спадаром Пэрам Ларсанам мы размаўляем амаль кожны дзень. Перавагу мае актыўная, неабыякавая моладзь,– тыя, каму насамрэч цяжка атрымаць вышэйшую адукацыю ў нашай краіне”.

Кожны выпадак разглядаецца індывідуальна і з улікам асаблівасьцяў сытуацыі ў Беларусі, дзе пашыраюцца разнастайныя шляхі ціску на грамадзка і палітычна актыўных людзей і іх сем’і.

Ларсан: “Мы давяраем тым, хто да нас зьвяртаецца, мы спадзяемся на сумленнасьць студэнтаў і, вядома, мы супрацоўнічаем з беларускімі грамадзкімі арганізацыямі, якія маюць зьвесткі пра тых, хто пацярпеў ад перасьледу”.

У Раду міністраў скандынаўскіх краінаў – па-беларуску

Праграма Рады міністраў скандынаўскіх краінаў і Эўракамісіі для навучаньня для беларусаў за мяжой адметная і тым, што ўсе заяўкі, анкеты можна падаваць і на беларускай мове, а ня толькі па-ангельску.

На беларускай мове падала сваю заяўку ў гэтую праграму Рады міністраў скандынаўскіх краінаў Настасься Губарэвіч зь Берасьцейшчыны. Яна шукала падобнай магчымасьці, але пра праграму даведалася выпадкова.

Настасься: “Я даведалася ад знаёмага, які атрымлівае рассылку, а я даўно цікавілася магчымасьцямі вучыцца, каб атрымаць новую спэцыяльнасьць”.

Настасься жыве з сям''ёй у маленькім гарадку на Берасьцейшчыне, ў Белаазёрску. Яна мае трохгадовую дачку, яе муж – актыўны апазыцыйны палітык. Калі Настасься пераканалася, што яе, дыплямаванага гісторыка, у Белазёрску ня возьме на працу ніводная дзяржаўная ўстанова, яна не апусьціла рукі.

Настасься: “Я даслала сваю анкету і ўжо атрымала пацьверджаньне, што мне дадуць стыпэндыю, пасьля таго, як у мяне будзе дамова з ВНУ Ўкраіны, у якім я хачу вучыцца. Толькі мне давялося зьмяніць абраную спэцыяльнасьць. Я хацела вывучаць “Турызм і рэстаранную справу”, каб пасьля адкрыць у сваім гарадку невялічкую рэстарацыю, бо мне падабаецца кулінарыя. Але на такую спэцыяльнасьць ва Ўкраіне не бяруць замежнікаў, таму я абрала цяпер для вывучэньня “Выдавецкую справу і рэдагаваньне”. У нас праблемы з незалежнай прэсай, а ў нашым гарадку такіх спэцыялістаў зусім няма, так што з гэтай спэцыяльнасьцю я спадзяюся знайсьці сабе працу”.

Стыпендыя і для завочнікаў

Праграма для падтрымкі беларускіх студэнтаў прадугледжвае стыпендыю, памер якой вызначаецца ў кожным выпадку індывідуальна, ў залежнасьці ад коштаў за навучаньне ў абраным ВНУ. Пэр Ларсан з Рады міністраў скандынаўскіх краінаў патлумачыў:

Ларсан: “Стыпэндыя складаецца з дзьвюх частак. Адна частка пакрывае цалкам кошты навучаньня, гэтая частка ідзе наўпрост у вышэйшую навучальную установу.

А другую частку стыпэндыі атрымлівае непасрэдна студэнт. Гэтыя грошы дадуць яму магчымасьць плаціць за жытло і за самыя розныя выдаткі, патрэбныя чалавеку, каб жыць і вучыцца, і таксама за страхоўку і мэдычныя паслугі ва Ўкраіне.

Студэнт сам абірае дзе жыць – альбо на прыватнай кватэры, альбо ў інтэрнаце. Наконт інтэрнатаў мы цяпер дамаўляемся, каб усе ахвотныя атрымалі месцы. Той часткай стыпэндыі, якую студэнты атрымаюць на рукі, яны могуць распараджацца самі. Мы асобна не прадугледжваем аплату выдаткаў на дарогу”.

Будучая стыпэндыянтка праграмы Настасься адзначае, што падтрымка студэнтаў сапраўды была добра прадуманая.

Настасься: “І прычым гэта дастатковыя сумы. Напрыклад, як для такой формы навучаньня, як я абрала – дзённа-завочная,– гэтых грошай хопіць на ўсё, і на дадатковыя выдаткі, на розныя ксэракопіі, на інтэрнэт і кампутарныя працы. Я змагу нават браць з сабой дачку на сэсіі. З украінскім дзіцячым садком можна дамовіцца”.

Ці складана вывучыць украінскаю мову?

Настасься плянуе вучыцца на адным з накірункаў пасьлядыплёмнай адукацыі “Выдавецкая справа і рэдагаваньне” у Інстытуце журналістыкі Кіеўскага дзяржаўнага ўнівэрсытэту імя Тараса Шаўчэнкі. Навучаньне – на украінскай мове. Ці атрымаецца?

Настасья: “А хіба не?! Калі я тэлефанавала ў Кіеў наконт навучаньня, то ў размове вельмі лёгка і натуральна пераходзіла на украінскую мову. Нашыя мовы падобныя, я думаю, ня будзе вялікіх праблемаў”.

Магчыма, Настасься папросту ведае украінскую мову?

Настасья: “Не, я не ведаю ўкраінскую мову. Але мяне абнадзейвае досьвед майго мужа, ён вучыўся ў магістратуры ў Львоўскім адзьдзяленьні Акадэміі прэзыдэнта Украіны. Вучыўся па-ўкраінску, за паўтары гады адолеў украінскую мову. Я так мяркую, што за тры гады я таксама адолею”.

Кіраўніца камітэту дапамогі рэпрасаваным “Салідарнасьць” Іна Кулей адзначае, што гэтая новая праграма стыпэндыяў для беларускіх студэнтаў для навучаньня за мяжой распрацаваная з улікам беларускіх рэаліяў.

Кулей: “Мы задаволеныя праграмай. Цешыць, што атрымалі падтрымку тыя, хто не хацеў з''язджаць далёка, хто хацеў бы вучыцца завочна, не пакідаць Беларусь. Вядома, толькі гэтай праграмы мала. Гэта не цалкам адпавядае ўсім існуючым патрабаваньням. Досьвед цягам апошняга году паказвае, што тыя студэнты, якія паехалі ў Румынію, у Чэхію, у Германію і гэтак далей, таксама патрабуюць падтрымкі, і мы працуем з гэтым.

Але праграма Рады міністраў скандынаўскіх краінаў – гэта вельмі слушны крок. У Кіеве ў амбасадзе Нарвэгіі працуе спэцыяльны прадстаўнік, які адказвае на ўсе пытаньні кожнага, хто зьвяртаецца. І нас цешыць, што студэнты атрымалі такі патранат і што маюць магчымасьць навучацца побач. Мы запрашаем зьвяртацца да нас і падаваць заяўкі”.

Зьвяртацца можна ў Камітэт дапамогі рэпрэсаваным Салідарнасьць (http://www.salidarnasc.org), форму заявак і ўсю інфармацыю можна знайсьці і на старонцы Рады міністраў скандынаўскіх краінаў (www.norden.org/belarus).

Ларсан: “Бюджэт прадугледжвае стыпэндыі для сотні студэнтаў. Мы атрымалі 45 заявак, і пацьвердзілі ўжо 25 заявак. Так што 25 стыпэндыяў ужо разьмеркаваныя. Цяпер мы працягнулі тэрмін прыёму заявак, і да 1 чэрвеня можна зьвяртацца. Я хацеў бы зьвярнуцца да ўсіх беларусаў, якія ня могуць вучыцца дома, каб яны сьмялей зьвярталіся і падавалі заяўкі”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG