Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Польскі Сэнат патрабуе спыніць перасьлед маладафронтаўцаў


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава Камісія ў правах чалавека польскага Сэнату заклікала беларускія ўлады спыніць перасьлед актывістаў “Маладога фронту”. Паводле сэнатараў, калі актывістаў асудзяць, то судзьдзяў, якія гэта ўчыняць, могуць чакаць санкцыі – забарона на ўезд на тэрыторыю Польшчы і Эўразьвязу.

У прынятай аднагалосна ўхвале Камісіі гаворыцца, што рэпрэсіі супраць актывістаў “Маладога фронту” – гэта парушэньне правоў чалавека, а прычына працэсу над імі, які пачнецца ў панядзелак, – палітычная помста беларускіх уладаў маладафронтаўцам за “пашырэньне дэмакратычных ідэяў”.

Гаворыць старшыня Камісіі сэнатар Збігнеў Рамашэўскі.

“Арышты і прысуды па 2–3 гады для людзей ў сытуацыі, калі яны афіцыйна тры разы спрабавалі зарэгістраваць сваю арганізацыю, а ім адмаўлялі, гэта скандал. Гэта парушэньне Ўсеагульнай дэклярацыі правоў чалавека. Беларусь ратыфікавала Дэклярацыю і Міжнародны пакт аб палітычных і грамадзянскіх правах і абавязаная іх датрымлівацца. Мы хочам нагадаць пра гэта беларускім уладам”.

Сэнатары заклікалі беларускія ўлады спыніць перасьлед актывістаў “Маладога фронту”. Хоць гэта не ў кампэтэнцыі Сэнату, але, паводле Зьбігнева Рамашэўскага, у адваротным выпадку сьпіс асобаў, якім забаронены ўезд на тэрыторыю Польшчы і Эўразьвязу павінен быць пашыраны.

“Я лічу, што і адпаведныя эўразьвязаўскія ворганы і польскія, будуць намагацца зрабіць гэта. Рашэньне аб забароне на ўезд беларускіх чыноўнікаў на тэрыторыю Эўразьвязу ўжо ёсьць, толькі застаецца пытаньне пашырэньня гэтага сьпісу”.

Беларускамоўная вэрсія тэксту ўхвалы Камісіі правоў чалавека Сэнату знаходзіцца на інтэрнэт-старонцы www.reakcya.eu
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG