Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Магілёўскія дэмакраты хочуць дэлегаваць на кангрэс яшчэ 11 чалавек


Радыё Свабода У Магілёве завяршыла работу адмысловая камісія, якая правярала факты зьнікненьня часткі подпісаў у 44 кандыдатаў у дэлегаты Кангрэсу дэмакратычных сілаў ад Магілёўшчыны. Стварэньне камісіі ініцыявалі рэгіянальныя арганізацыі Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі “Грамада”, Партыі БНФ ды незарэгістраванай Партыі Свабоды й прагрэсу.

Адзін зь ініцыятараў стварэньня камісіі, прадстаўнік партыі БНФ Зьміцер Салаўёў паведаміў “Свабодзе”, што ў ёй працавалі сябры пяці палітычных партыяў. Адмовілася дэлегаваць свайго прадстаўніка ў камісію Партыя працы. Да якіх высноваў прыйшлі сябры каміссіі, паведаміў Зьміцер Салаўёў:

“Галоўнай мэтай гэтай камісіі было не знайсьці вінаватых, але адстаяць як мага больш людзей, якія насамрэч зьбіралі подпісы і якія вартыя быць на кангрэсе. Сёньня ў Менску будзе праходзіць пасяджэньне палітычнай рады, і нашае рашэньне мы даслалі на разгляд палітрады з патрабаваньнем зарэгістраваць адзінаццаць чалавек дэлегатамі”.

У палітрадзе адносна вынікаў працы магілёўскай камісіі няма адназначнай пазыцыі.

Гаворыць кіраўнік аргкамітэту ў пытаньнях правядзеньня Кангрэсу аб’яднаных дэмакратычных сілаў Аляксандар Бухвостаў:

“Мне падаецца, што ніякага ўзгодненага меркаваньня адносна гэтага ня выпрацавана. Палітрада разгледзіць гэтую справу, але ўсё адно я ня думаю, што нешта зьменіцца ў складзе дэлегатаў”.

Як стала вядома, палітрада не зацьвердзіла прапанаваных кандыдатураў. Заўтра ў Магілёве адбудзецца прэсавая канфрэнцыя, на ёй палітыкі агучаць сваю пазыцыю адносна ўдзелу ў кангрэсе часткі дэлегатаў ад Магілёўшчыны.

Нагадаем: дэлегаты ад Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі “Грамада”, Партыі БНФ ды незарэгістраванай Партыі свабоды і прагрэсу байкатавалі рэгіянальную канфэрэнцыю, якая прайшла ў Магілёве 12 траўня ва ўмовах адсутнасьці кворуму.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG