Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У народу льготы адабралі, дэпутатам — пакінулі


Ігар Карней, Менск Закон “Аб дзяржаўных сацыяльных ільготах, правах і гарантыях для асобных катэгорыяў грамадзянаў”, ухвалены напярэдадні Палатай прадстаўнікоў, закране практычна ўсе катэгорыі грамадзянаў, апроч саміх дэпутатаў.

Дэпутаты, якія ўчора амаль аднагалосна выказаліся за пазбаўленьне льготаў больш як пяці мільёнаў беларускіх грамадзянаў, пытаньня пра свае дэпутацкія льготы не абмяркоўвалі.

Дэпутат Н.Аўдзеева: “Ніякіх ільготаў у дэпутатаў няма”

Намесьніца старшыні камісіі ў адукацыі, культуры Палаты прадстаўнікоў Натальля Аўдзеева кажа, што насамрэч ніякіх палёгкаў дэпутаты ня маюць:

“Што тычыцца самога законапраекту, безумоўна, ён можа мець розны рэзананс. Канечне, шырокі й розны паводле адценьня — альбо нэгатыўны, альбо станоўчы, хто як. Але, павінна сказаць, ніякіх ільготаў у дэпутатаў няма. Службовае жыльлё мы маем паводле дамовы. Аплачваем усе камунальныя паслугі, як і ўсе.

Кватэры за намі не застаюцца, таму што працуем гэтаксама паводле дамоваў. Што тычыцца якогасьці спэцхарчаваньня, аплаты праезду ці яшчэ чагосьці, нічога мы гэтага ня мелі, ня маем і спакойна да гэтага ставімся”.

Дэпутаты Палаты прадстаўнікоў (за выключэньнем старшыняў палатаў і іх намесьнікаў) паводле ўзроўню заробку, мэдычнага, санаторна-курортнага і сацыяльна-бытавога забесьпячэньня прыраўноўваюцца да міністраў.

Апроч таго, кожны месяц ім кампэнсуюцца выдаткі, зьвязаныя з парлямэнцкай дзейнасьцю, якія не абкладаюцца падаходным падаткам. Ім гарантаваны штогадовы аплачваны адпачынак — 36 каляндарных дзён.

Дэпутат мае права карыстацца паветраным, чыгуначным, аўтамабільным, водным транспартам і ўсімі відамі гарадзкога і прыгараднага транспарту коштам бюджэтных сродкаў, а таксама мае права пазачаргова набываць праязныя дакумэнты і браніраваць квіткі.

Пасьля прад’яўленьня пасьведчаньня дэпутата білетныя касы абавязаныя па-за чаргой выдаць яму квіток. Дэпутату, які карыстаецца асабістым транспартам у межах сваіх паўнамоцтваў, выплачваецца грашовая кампэнсацыя.

Дэпутаты таксама маюць права на пазачарговую ўстаноўку кватэрнага тэлефона. Дэпутаты-мужчыны вызваляюцца ад прызыву на вайсковую службу і вайсковыя зборы. Гэтаксама дэпутату выдаецца дыпляматычны пашпарт.

Экс-дэпутат У. Парфяновіч: “У дэпутатаў — істотныя льготы”

Былы дэпутат Палаты прадстаўнікоў Уладзімер Парфяновіч перакананы, што ў дэпутатаў павінна быць толькі адна льгота:

“Адна льгота можа быць у дэпутата — зарплата. Таму яны перадусім павінны былі адмовіцца ад таго, што маюць, апроч заробку. І ўжо пасьля гэтага прымаць закон. Тады словы прынамсі не разыходзіліся б са справай”.

Карэспандэнт: “З вашага досьведу, льготы ў дэпутатаў істотныя?”

“Дастаткова істотныя гэтыя льготы, яны ёсьць. Але тут можна сказаць і інакш. Відавочна, мала ў людзей яшчэ забіраюць. Павінны, мабыць, забраць усё, пакінуць толькі майткі. А можа і майткі сьцягнуць — вось тады можа штосьці зьменіцца ў мазгах нашых людзей”.

Фармальна дэпутаты, якія працуюць на прафэсійнай аснове, ня могуць сумяшчаць дэпутацтва зь іншай дзейнасьцю, якая аплачваецца. Выключэньне — выкладчыцкая, навуковая ды некаторая іншая творчасьць.

Учора намесьніца кіраўніка адміністрацыі прэзыдэнта Натальля Пяткевіч заявіла, што “спэкуляцыі на тэме льготаў чыноўнікаў” беспадстаўныя. Яна сказала, што яшчэ ў 1994 годзе, пасьля ўводу інстытуту прэзыдэнцтва, спэцабслугоўваньне ды іншыя праявы былі скасаваныя. І цяпер, паводле Пяткевіч, у Беларусі чыноўнікі “ня маюць ніякіх асаблівых ільготаў”. • Палата прадстаўнікоў прыняла закон аб адмене льготаў , 23.05.2007 • Каго канкрэтьна пазбавілі льготаў? , 23.05.2007
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG