Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Малады фронт” гартуе не прыстасаванцаў ды кар’ерыстаў, а палітычную эліту будучага”


Радыё Свабода Агляд званкоў на "Свабоду" за 24 траўня, чацьвер. 24 гадзіны на суткі ў Менску працуе тэлефон "Свабоды": 266-39-52. Вы можаце задаць пытаньне, падзяліцца навінамі, а таксама выказаць сваё меркаваньня пра падзеі ў Беларусі і сьвеце. Нам можна дасылаць смс-паведамленьні. Нумар мабільнай сувязі: 391-22-24.

Зіноўеў: “Маладафронтаўцы будуць гаварыць па-беларуску, таму сакратар суду павінен быць беларускамоўным”.

Спадарыня: “Хачу вынесьці пытаньне на маючы адбыцца Кангрэс дэмакратычных сілаў. Яно, на мой погляд, вельмі слушнае. Зь нядаўняга часу я лічыла і не сумнявалася, што газэта “Народная воля” – гэта калектыўны орган нашых палітычных партый, што яны пра яе дбаюць, фінансава падтрымліваюць, але як я памылілася! Прыйшла нядаўна ў рэдакцыю, каб падпісацца на паўгодзьдзе, паразмаўляла з супрацоўнікамі, і мне зрабілася вельмі дрэнна. Шмат якія партыйцы, кіраўнікі рухаў не выпісваюць “Народную Волю,” некаторыя нават дарогу да іх на Энгельса, 34а ня ведаюць. Нават паважаны мною Аляксандр Мілінкевіч там рэдкі госьць. І мне міжволі ўспомніўся правадыр Кастрычніцкай рэвалюцыі Ленін. Можна да яго па-рознаму ставіцца, але ў дзеяньнях яго было шмат слушнага. З чаго ён пачаў? Канечне, з газэты, зь вядомай усім “Іскры”. Сродкаў на яе не шкадавалі, знаходзілі рознымі спосабамі, нават радыкальнымі. А сёньня ў рэдактара “Народнай Волі” Язэпа Сярэдзіча кожны дзень баліць галава - дзе ўзяць грошай, купіць паперу, заплаціць друкарні ў Смаленску, разьлічыцца з поштай, а там яшчэ падаткі, заробкі, ганарары… Выдаткаў шмат, а паступленьняў – мізэр. І міжволі ўзьнікае пытаньне: а куды ж ідуць тыя гранты, што выдаткоўваюцца на незалежны друк і Злучанымі Штатамі, і Эўропай. У чыіх кішэнях яны аселі? Пытаньне, вядома ж, рытарычнае. Але я не пра гэта гутарку пачала. Не для высьвятленьня, куды зьнікаюць даляры, а пра іншае. Паважаныя дэмакраты, кіраўнікі ўсіх партый і рухаў, Вы хочаце дайсьці да кожнага беларуса. Не атрымаецца, ня дойдзеце, не даедзеце. Не спрабуйце вынаходзіць вэлясыпэд. Ён ёсьць, даўно зроблены і апрабаваны. Гэта газэта. Таму выношу прапанову на маючым адбыцца Кангрэсе дэмакратычных сілаў першым пытаньнем, падкрэсьліваю, першым, патрэбна абмеркаваць пытаньне з газэтай. Толькі не імкніцеся, каб іх было пяць… Хай будзе адна…”

Міхаіл Леках, доктар тэхнічных навук, Рыга: “Я толькі што праслухаў перадачу “Экспэртыза,” якую вёў спадар Карбалевіч і ў якой прымалі ўдзел спадар Старыкевіч і спадар Марціновіч, намесьнік галоўнага рэдактара “Беларускай газэты”. Павінен адзначыць, што на фоне вельмі разумнага, на мой погляд, спадара Старыкевіча намесьнік галоўнага рэдактара “Белгазеты” выглядаў ня проста бледна, а праявіў сябе як невук. Я прывяду толькі адзін факт. Ён сказаў: “Як жа так? Беларусь – сацыяльная дзяржава і эўрапейская сацыяльная дзяржава. І вось Беларусь адмяняе ільготы”. Спадар Марціновіч мае местачковую інфармацыю і ня ведае пра тое, што ў краінах Заходняй Эўропы - Нямеччыне, Францыі, Галяндыі, Ангельшчыне, дзе я быў, дарэчы, неаднаразова, вывучаў гэтыя пытаньні - дык вось, там ільготы маюць адрасны характар, і няма такога, каб студэнты напалову таньней каталіся, каб пэнсіянэры каталіся напалову таньней і гэтак далей, каб лекі дзецям да трох гадоў бясплатна выдавалі. Там, безумоўна, ёсьць дапамога, але адрасная. І беларускія ўлады нічога не выдумваюць, а робяць так, як робяць у краінах Заходняй Эўропы. Таму дзіўна, што спадар Марціновіч спрабуе гаварыць пра тое, чаго ня ведае і не разумее”.

Спадарыня: “Сустрэліся два сябры: Лукашэнка і прэзыдэнт Ірану. У якой яшчэ эўрапейскай краіне прэзыдэнту краіны-ізгоя можа быць аказаная такая шыкоўная і ганаровая сустрэча?! Прычым, абодва сустрэліся, каб паказаць, што няма ніякай ізаляцыі. Адзін даказвае ЗША, другі Расеі, каб кошты скінулі на неабходную сыравіну: нафту, газ і гэтак далей, і Эўразьвязу, каб аказвалі дапамогу без усялякіх умоваў. Калі б Эўразьвяз аказаў сутнасную дапамогу, пазбавіла б магчымасьці адбіраць у малалетніх малазабясьпечаных дзяцей ільготы на лекі, у інвалідаў, ліквідатараў аварыі на ЧАЭС, студэнтаў і хворых пэнсіянэраў. Дастаткова толькі вызваліць усіх палітзьняволеных, і Эўразьвяз павернецца да нас тварам, да Беларусі, застануцца прэфэрэнцыі, якія даюць эканоміцы Беларусі 300-400 мільёнаў на год. Выйсьце трэба шукаць у Эўропе, у саюзе з Эўропай, а не зьневажацца перад краінамі-ізгоямі”.

Спадарыня: “Заклікаю ўсіх адчуць сэрцам патрэбу “Маладога фронту” ў нашай салідарнасьці і прыйсьці 28 траўня на Лагойскі тракт, 3, дзе моладзь будуць судзіць за любоў да Беларусі. Больш няма за што. А “Малады фронт” гартуе не прыстасаванцаў ды кар’ерыстаў, а палітычную эліту будучага”.

Яцкевіч Аляксандр Анатольевіч, Віцебск: “Хочацца павіншаваць тых, хто выйшаў зь вязьніцы, пажадаць ім здароўя, шчасьця, усяго найлепшага. Другое пытаньне. Усё ж зьнялі льготы. Гэты няшчасны інвалід цяпер ня зможа ані па грыбы выехаць, ня зможа ані на рыбу зьезьдзіць, каб дзе з вудай пасядзець. Вось мне здаецца, што Беларусь – гэта палігон расейскі для ўсёй гадасьці. Спачатку ў нас робіцца, потым у іх укараняецца. А ўсе гэтыя марыянэткі – гэта прыкрыцьцё той палітыкі, якая вядзецца з Масквы. Таму што такога ўплыву Масквы няма ні ў адной краіне, як у нас. Вялікі дзякуй”.

Спадар: “Неяк наш прэзыдэнт казаў, што ў нашай краіне больш дэмакратыі, чым у Швэцыі. Хачу спытаць у аналітыкаў Радыё Свабода, ці магчыма такое ў Швэцыі ці ў іншай краіне з сапраўднай, а не віртуальнай дэмакратыяй, каб парлямэнт практычна аднагалосна прагаласаваў за адмену льгот. І яшчэ адно пытаньне. Якія затраты нясе, напрыклад, дзяржава Швэцыя для сацыяльнай дапамогі інваліду 2-й ці 1-й групы? Дзякуй”.

Спадар: “Наконт ільготаў. Што Вы за іх учапіліся, як дурань за лязо шаблі?! Ужо месяц трубіце! Патрабуйце заробкі і пэнсіі, стыпэндыі! Прыклад – Эўразьвяз. Рыса беднасьці – 640 эўра ў месяц, што каля 900 даляраў. А Вы ўсё ходзіце, як бедачыны, і патрабуеце льгот. Гэта ці ад недахопу розуму, ці ад саўковага “падайце галоднаму і голаму”. Льготы патрэбна абмяркоўваць канкрэтна і з гумарам. Напрыклад, міліцыянт. Пэнсія ў 45 гадоў, пэнсія – 700 тысяч, адзеньне бясплатна, праезд бясплатна, кватэра і льготы. І ў першую чаргу, як працаўніку караючага органа і СМЕРШу ў часе вайны. Правілы дарожнага руху не патрэбныя, сумленьне не патрэбнае. Карупцыя, хабар, чыстка кішэняў і каштоўнасьці пры затрыманьні. Можна пералічваць да бясконцасьці”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG