Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Да Кангрэсу дэмакратычных сілаў засталося два дні


Алесь Дашчынскі, Менск Да Кангрэсу дэмакратычных сілаў, якія пройдзе ў Менску 26 – 27 траўня, засталося два дні. Аднак спрэчкі вакол яго пакуль ня скончыліся. Сёньня адбудзецца чарговае паседжаньне Палітрады аб’яднаных дэмсілаў. Кангрэс дэмакратычных сілаў пачнецца ў суботу а 13-й гадзіне ў Палацы культуры менскага аўтазаводу.

З дакладамі выступяць старшыня Палітрады Аляксандар Мілінкевіч, кіраўнік выбарчай кампаніі адзінага кандыдата ад дэмсілаў 2006 году Сяргей Калякін, старшыня Нацыянальнага камітэту аб’яднаных дэмсілаў Анатоль Лябедзька, а таксама прадстаўнік кандыдата ў прэзыдэнты Аляксандра Казуліна – Ігар Рынкевіч і кіраўнік яго выбарчага штабу Мечыслаў Грыб.

На кангрэсе будуць сфармаваныя фракцыі. На другі дзень кангрэсу мяркуецца прыняць стратэгію і праграмныя дакумэнты дэмакратычных сілаў. Таксама будзе зацьверджаны новы склад Палітрады аб’яднаных дэмсілаў.

Старшыня аргкамітэту Аляксандар Бухвостаў сказаў:

“Мінулы кангрэс быў значна лепш падрыхтаваны і былі больш узгодненыя дзеяньні. Бо не было спрэчак па парадку дня, усе ведалі, што трэба абіраць адзінага кандыдата. Таму ўсе працавалі на правядзеньне кангрэсу, а не на тое, каб яго сарваць. Гэтым разам многія працуюць на тое, каб сарваць кангрэс”.

Фінансуюць кангрэс палітычныя партыі.За арэнду залі Палацу культуры аўтазаводу арганізатары заплацілі каля 8 мільёнаў рублёў. Дэлегаты будуць жыць у гатэлі “Беларусь”. Усяго дэлегатаў каля 880-ці.

"У нас тут многа стратэгаў, якія хочуць навязваць сваю думку іншым"

Асноўныя разыходжаньні зьвязаныя з прапанаванай на кангрэс стратэгіяй аб’яднаных дэмсілаў. Аляксандар Бухвостаў ахарактарызаваў сытуацыю так:

“Цэлы “ералаш” вакол стратэгіі. У нас тут многа стратэгаў, якія хочуць навязваць сваю думку іншым. А нам патрэбная агульная стратэгія. Тут пытаньне трэба ставіць так: ёсьць агульная стратэгія, а ёсьць стратэгія асобных груп, якая можа рэалізоўвацца ў пляне агульнай стратэгіі. А калі яна будзе навязвацца ўсім, то яна ня будзе прынятая, і кангрэс можа сарвацца. Ва ўсякім разе, па гэтым пытаньні”.
XS
SM
MD
LG