Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дэпутаты свае льготы скасоўваць не зьбіраюцца


Ігар Карней, Менск Закон “Аб дзяржаўных сацыяльных ільготах, правох і гарантыях для асобных катэгорыяў грамадзянаў”, ухвалены напярэдадні Палатай прадстаўнікоў, ня тычыцца саміх дэпутатаў. Яны па-ранейшаму будуць карыстацца ўсімі перавагамі свайго статусу. Усе дэпутаты Палаты прадстаўнікоў, незалежна ад пасады (за выключэньнем старшыні палат і іх намесьнікаў) атрымліваюць заробак міністра. Апроч таго, кожны месяц ім кампэнсуюцца выдаткі, зьвязаныя з парлямэнцкай дзейнасьцю, якія не абкладаюцца падаходным падаткам.

Дзейнасьць дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў рэгулюецца законам “Аб статусе дэпутата Палаты прадстаўнікоў, чалец Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь”. Апроч правоў і абавязкаў у законе пералічваецца шэраг перадумоваў, якія мусяць спрыяць народным абраньнікам у іх законатворчай дзейнасьці.

Падчас выкананьня сваіх паўнамоцтваў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў, чальцы Савету Рэспублікі маюць права карыстацца паветраным, чыгуначным, аўтамабільным, водным транспартам і ўсімі відамі гарадзкога і прыгараднага пасажырскага транспарту коштам сродкаў, выдаткаваных з бюджэту. Пасьля прад’яўленьня пасьведчаньня дэпутата агенцтвы, білетныя касы абавязаныя па-за чаргой выдаць яму квіток.

Дэпутату, які карыстаецца асабістым транспартам для ажыцьцяўленьня сваіх паўнамоцтваў, выплачваецца грашовая кампэнсацыя.

Народныя абраньнік маюць права на пазачарговую ўстаноўку кватэрнага тэлефона. Дэпутаты вызваляюцца ад прызыву на вайсковую службу і ваенныя зборы.

Фармальна дэпутаты, якія працуюць на прафэсійнай аснове, ня могуць працаваць дзесьці яшчэ. Аднак ім можна займацца выкладчыцкай, навуковай ды іншай творчай дзейнасьцю. Дэпутату гэтаксама выдаецца дыпляматычны пашпарт.

• Каго канкрэтна пазбавілі льготаў? 23.05.2007

• Палата прадстаўнікоў прыняла закон аб адмене льготаў 23.05.2007
XS
SM
MD
LG