Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дняпроўска-Бускі канал: больш разлучае, чым злучае


Ігар Карней, Дняпроўска-Бускі канал, Берасьцейская вобласьць Яшчэ ў ХVII стагодзьдзі гідратэхнічнае збудаваньне – Дняпроўска-Бускі канал – задумвалася як найкарацейшы шлях з Балтыкі да Чорнага мора празь Беларусь і Ўкраіну. Аднак, як пераканаўся наш карэспандэнт, у новых умовах канал ня толькі страціў сваю геапалітычную актуальнасьць, але й падкідвае шмат праблемаў мясцоваму насельніцтву.



Маё знаёмства з авеяным легендамі Дняпроўска-Бускім каналам адбылося падчас спробы трапіць у адрэзаную “штучнай” вадой вёску. З улікам, што іншых шляхоў, як толькі паромам, туды няма, чакаў сустрэчы з нагружанымі да краёў баржамі, экскурсійнымі катэрамі. Рэальнасьць аказалася больш празаічнай: на другім беразе пустога каналу ў чарзе на паром стаяла пахавальная працэсія. Побач са мной, у чаканьні пасажыраў з парома, прыпаркаваўся аўтобус рытуальнай канторы.

Паромам – нават у іншы сьвет

“З таго боку няма могілкаў, у нас могілкі толькі тут, – гаворыць мясцовы чалавек. – Дык даводзіцца ўсё такім чынам “прывязваць” да парома. Раней паром як хадзіў? Прыехаў – ён цябе і перавязе. А як цяпер эканомія электраэнэргіі, дык зрабілі графік. З таго боку ў палове гадзіны выпраўляецца, тут – у поўную гадзіну. А колісь прыехаў, аднаго чалавека адтуль можа ўзяць, назад перавезьці. А цяпер упарадкавалі графікам. Чакаць часам доўга даводзіцца, хто ня ведае, а перацягвае ён хутка – 7-8 хвілінаў”.

Штучная вада перашкаджае прагматыкам

Рамантыка паромнага падарожжа захоплівае калі толькі такіх жа заежджых, як і я. Фэрмэр Уладзімер Банцэвіч на рэчы глядзіць куды больш прагматычна: ужо колькі гадоў ня можа элемэнтарна абзавесьціся тэхнікай ці нават яе арандаваць:

“Мы тут увогуле як на выселках жывём. Фэрмэраў побач няма, я адзін. А нават каб і былі, то нічога ня зьменіцца. Побач, у Гарадцы, ёсьць, але ж вы самі бачыце праблему – паром. На яго ні культыватар не заедзе, ні камбайн”.

Машыны і людзі "прызямляюцца" разам

Наіўна пытаюся: колькі цягнуцца такія рэаліі? “Усё жыцьцё”, – адказваюць тубыльцы. І яно амаль так: у 1655 годзе быў абгрунтаваны праект Дняпроўска-Бускага каналу зь Піны ў Мухавец. Праўда, толькі праз 100 гадоў пракапалі 8-кілямэтровы роў, а завяршылі будаўніцтва ў канцы ХIХ стагодзьдзя. Але зьяўленьне чыгункі, а потым і аўтамабіля адсунула суднаходны канал у цень. Цяпер толькі з Мікашэвічаў зрэдку вязуць у бок Берасьця друз.

“Амаль няма руху, на месяц – 1-2 “крэйсэры”, – расказвае мясцовы жыхар. – Шчэбень пераважна возяць, але мала зусім. Праўда, нібыта плянуецца ля Кобрына пабудаваць шлюз новы, то можа тады пусьцяць турыстычны маршрут, калі Польшча на гэта пойдзе. У Польшчы масты нізкія, і яна не прапускае турыстычныя караблі. А што да грузаў, дык я размаўляў з адным будаўніком і той сказаў: таньней па чыгунцы перавезьці. Што баржа? Там нагрузі, тут разгрузі. А вагоны прыйшлі, адразу – шух, высыпалі на пляцоўцы. Тым больш не такое ўжо ў нас вялікае будаўніцтва, каб аб’ём работ яшчэ патрабаваў падключаць водны транспарт”.

“Вёска ўжо ледзьве дыхае, няма тут каму яе паказваць, – гаворыць яшчэ адзін мой суразмоўца. – Таму ўжо трэба рабіць мост. Дарога сёньня больш патрэбная, бо яна выйдзе на Дзівін, а адтуль наўпрост ва Ўкраіну. Тут усюды далей асфальт, ажно да самага Дзівіна”.

Рай не для людзей, дык хоць для рыбы

Разлучаныя палешукі ў сытуацыі водападзелу шукаюць і станоўчыя моманты. Перадусім рыбалка: віды рыбы, якая тут вядзецца, мясцовыя гатовыя пералічваць дзясяткамі. А ў часе вайны, калі авіяцыя канал разбамбіла, спыніўшы суднаходзтва, мясцовыя ў літаральным сэнсе карміліся з заблякаваных баржаў: там была і трафэйная пшаніца, і дровы з лесаплаваў.

“Цяпер хоць паром прыстойны, а то ж быў драўляны. Гэта дзесьці ў 1980-х зрабілі мэханічны, а быў просты, цягалі так званымі ключкамі, рукамі. А на зіму ставіцца сапёрны мост, тады ўсё цудоўна: 5 хвілін – і адразу пераехаў”, – гаворыць мой суразмоўца.

Паромшчык – прафэсія эксклюзіўная

Віктар дасканала асвоіў рэдкую для Беларусі прафэсію паромшчыка. За 300 тысяч рублёў заробку 12 гадзінаў на суткі ён – адзіны сапраўдны мост паміж левабярэжнымі Бародзічамі і правабярэжнай Выгадай.

Паромшчык Віктар са сваёй “ключкай”

“Паром працуе ад 6-й раніцы да поўначы, – расказвае Віктар. Але і ўначы перавозім, каму пільная патрэба пераехаць. Тэлефон амаль усе ведаюць: пазванілі, папярэдзілі. А то проста можна пасыгналіць з таго боку. “Хуткая” калі ідзе, то яшчэ з Кобрына тэлефануюць, сустракаем з гэтага боку. Адным словам, дзяжурым цэлую ноч”.

Карэспандэнт: “Працуюць свае, мясцовыя?”

Віктар: “Так, чатыры чалавекі. Зьмена па 12 гадзін, ад 8-й да 8-й. Дарэчы, за некалькі кілямэтраў у два бакі адсюль ёсьць яшчэ два паромы, але ручныя”.

Карэспандэнт: “Што значыць “ручныя”?

Віктар: “Гэта калі кіраваць вось такімі “ключкамі”...

Карэспандэнт: “І колькі чалавек упраўляюцца з такім “кастылём”?”

Віктар: “Адзін. Але там паромы нашмат меншыя за гэты. Вось такія ключкі там стаяць, чапляеш за трос і цягнеш. Дапамагаюць людзі, калі пры вялікай хвалі зачапіць паром на беразе трэба. Мэханізм просты: падцягваеш ключкай трос і коштам гэтага паром плыве. Нават у мяне дзьве штукі ёсьць на выпадак, калі не бывае электрычнасьці. Хоць такім чынам, але пераехаць усё ж можна”.

Карэспандэнт: “Цяжка ўвогуле?”

Віктар: “Сам адназначна не перацягнеш. У дапамогу чалавекі 2-3 патрэбныя”.

Канал: краявіды з борта парома”

Без парома – канец сьвету?

На разьвітаньне пытаюся ў чалавека рэдкай прафэсіі паромшчыка Віктара: ці апраўдана, на яго думку, увогуле трымаць тут паром? Ён сам прызнаваўся: бываюць дні, калі даводзіцца хадзіць “паражняком”.

Віктар: “А як яшчэ? Якія іншыя варыянты?”

Карэспандэнт: “А мост?”

Віктар: “А хто яго зараз пабудуе? Калі не паставілі ў той час, то цяпер дакладна ніхто не пабудуе. Гэта ж колькі грошай на яго патрэбна! Тады, пры Савецкім Саюзе, яго і пабудавалі б, і пляны такія нават былі, калі вось гэты асфальт клалі. Але потым зацягнулася ўсё і ўрэшце “накрылася”. І каб ня гэты паром, то тут ніякай сувязі ўвогуле не было б. Чым больш пераедзеш? Нічым”.

Паромная станцыя “расквечана” папераджальнымі знакамі

Да адплыцьця гатовыя
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG