Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Я не патрыёт свайго прэзыдэнта, я патрыёт сваёй Радзімы”


Падрыхтаваў Зьміцер Падбярэскі Пра што пісалі беларускія газэты 24 траўня ў розныя гады.

“Звязда” “Звязда”, год 1937. Газэта друкуе ліст кіраўніцтва СССР: “Партыя і ўрад горача вітаюць слаўных удзельнікаў палярнай экспедыцыі на Паўночны полюс і віншуюць іх з выкананнем намечанай задумы — заваяваннем Паўночнага полюса. Гэта перамога советскай авіяцыі і навукі падводзіць вынік бліскучаму перыяду работы па асваенню Арктыкі і паўночных шляхоў, так неабходных для Советскага Саюза”.

“Чырвоная змена” “Каб трапіць з Балтыйскага мора ў Чорнае водным шляхам, трэба плысці вакол Еўропы 7 тысяч кіламетраў, — падлічвае ў 1967 годзе “Чырвоная змена”. — Канал Нёман—Днепр, які цяпер будуецца, скароціць гэты шлях да 2400 кіламетраў. Ён звяжа рэкі Прыпяць і Нёман... {Пабудова водараздзельнага канала і рэканструкцыя рэк Шчары, Ясельды і Прыпяці дапамогуць ліквідаваць забалочанасць палескіх зямель}. Пасля завяршэння будаўніцтва канала Нёман—Днепр мы атрымаем водную магістраль глыбінёй у 3,65 метра. Па ёй свабодна змогуць праходзіць рачныя цеплаходы і марскія судны грузападымальнасцю да 5 тысяч тон па ўсёй адлегласці канала”.

“Народная воля”

У 1997 годзе “Народная воля” дае слова Андрэю, дэлегату ўстаноўчага зьезду Беларускага патрыятычнага саюзу моладзі: “Уражаньне ў мяне ад гэтага мерапрыемства засталося страшэннае. Я на сабе адчуў, як людзям пускаюць пыл у вочы. Калі я ехаў на ўстаноўчы зьезд, я лічыў сябе патрыётам. Патрыётам сваёй радзімы, беларускай зямлі. Бо я тут жыву, працую, люблю ўсё гэта. Цяпер я ўжо моцна сумняваюся ў сваіх патрыятычных пачуцьцях. Таму што патрыёт ты ці не, залежыць ад таго, падтрымліваеш ты палітыку прэзыдэнта ці не падтрымліваеш. Я не патрыёт свайго прэзыдэнта, я патрыёт сваёй Радзімы”.
XS
SM
MD
LG