Лінкі ўнівэрсальнага доступу

А.Бухвостаў: “На Кангрэсе дэмсілаў будзе 6-7 палітычных фракцыяў”


Вячаслаў Кулік, Менск Палітычныя партыі ствараюць фракцыі Кангрэсу дэмакратычных сілаў. Паводле рэглямэнту форуму, фракцыя можа быць зарэгістраваная пры наяўнасьці ня менш як 87 дэлегатаў. Мяркуецца, што фракцыі будуць дзейнічаць і пасьля Кангрэсу. Некаторыя з новых структур ужо вызначылі для сябе кірункі дзейнасьці.

У найноўшай гісторыі Беларусі працэс стварэньня палітычных фракцыяў бярэ пачатак ад Вярхоўнага Савету XII скліканьня.

Як паведамляе старшыня аргкамітэту Кангрэсу дэмакратычных сілаў Аляксандар Бухвостаў, цяпер ствараюць свае фракцыі партыя Беларускага народнага фронту, Партыя камуністаў беларуская, Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада) і Аб’яднаная грамадзянская партыя.

“Ня думаю, што фракцыяў будзе больш за 6-7, – прагназуе Аляксандар Бухвостаў. – Сем – гэта максымальная колькасьць. Калі фракцыя набірае больш як 87 дэлегатаў, альбо за 10 працэнтаў ад складу Кангрэсу, то яна будзе мець свайго прадстаўніка ў прэзыдыюме Палітрады”.

На Кангрэсе дэмакратычных сілаў сацыял-дэмакраты Аляксандра Казуліна аб’ядноўваюцца ў фракцыю “Справядлівая і салідарная Беларусь”.

Выканаўца абавязкаў старшыні БСДП (Грамада) Анатоль Ляўковіч лічыць, што гэтая фракцыя мае пэрспэктывы на будучыню:

“Калі на гэтым Кангрэсе можа быць прыняты рэглямэнт, што ён становіцца стала дзейным форумам, то ў такім выпадку мы будзем мець у краіне своеасаблівы парлямэнт. У ім будуць партыі, фракцыі, дзе можна выказвацца, абмяркоўваць пытаньні і гэтак далей. Гэта ж добрая практыка”.

На сойме Партыі БНФ у Менску 26 траўня было заяўлена: сябры БНФ ня маюць права ўваходзіць у іншыя фракцыі.

“Бо калі яны будуць удзельнічаць у іншых фракцыях, то мы адразу разгледзім пытаньне аб іх выключэньні з партыі БНФ”, – тлумачыць сакратар управы партыі БНФ Віктар Івашкевіч.

Прыхільнікі палітыкі Аляксандра Мілінкевіча асьцярожныя ў ацэнцы ролі фракцыяў, асабліва на гэты момант.

“Мы ня будзем разбуральнікамі гэтага працэсу, – гаворыць сябра Палітычнай рады дэмсілаў Віктар Карняенка. – Мы таксама створым сваю фракцыю, хаця ўспрымаем гэта як гульню. Мы – супраць паралельнага жыцьця ў палітычнай апазыцыі. Змагацца трэба за рэальную ўладу. А гэтая фракцыйнасьць – высьвятленьне адносінаў унутры апазыцыі. Гэта імітацыя дзейнасьці”.

Другі Кангрэс дэмакратычных сілаў адбудзецца ў Палацы культуры Менскага аўтазаводу 26-27 траўня. Менавіта ў гэтым будынку ў кастрычніку 2005 году прайшоў мінулы Кангрэс дэмакратычных сілаў, на якім Аляксандар Мілінкевіч быў вылучаны адзіным кандыдатам ад дэмсілаў на прэзыдэнцкія выбары 2006 году.

Згодна з рашэньнем дэлегатаў рэгіянальных канфэрэнцыяў дэмакратычную кааліцыю ачоляць сустаршыні. Аляксандар Мілінкевіч выступіць на Кангрэсе, але вылучацца ў сустаршыні ня будзе. Палітычная рада будзе фармавацца, зыходзячы з квотнага прынцыпу для палітычных суб’ектаў.


• Некаторыя палітвязьні крытычна ставяцца да ўдзелу ў Кангрэсе, 23.05.2007 • Чаму пісьменьнікам не далі права голасу на Кангрэсе?, 22.05.2007 • Статус дэлегатаў зь VIP-пэрсонаў атрымаюць толькі палітвязьні, 21.05.2007 • М.Статкевіч: “Аснова нашай стратэгіі – эўрапейскі выбар” , 16.05.2007
XS
SM
MD
LG