Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Стваральнік музэяў ладзіць выставу ў Полацку


Радыё Свабода, Полацак Беларускія дызайнэры ня ладзяць пэрсанальных выставаў. Зламаць завядзёнку паспрабаваў наваполацкі мастак Ігар Куржалаў, арганізаваўшы ў сьценах Полацкага дзяржаўнага ўнівэрсытэту выставу сваіх распрацовак музэйных экспазыцыяў.

На выставе, якая адчынілася ўчора, можна пабачыць вялізныя фатаздымкі працаў мастака: Музэю-бібліятэкі Сімяона Полацкага, Музэю беларускага кнігадрукаваньня, Дзяржаўнага музэю тэатру і музыкі, Музэю Ўладзімера Караткевіча ў Воршы, нарэшце, памятнага знака літары “Ў”, што паўстаў на цэнтральным полацкім бульвары.

Ігар Куржалаў – мастак нацыянальны па творчасьці і нонканфарміст па духу. Яшчэ студэнцкім часам, калі перад ім паўстала дылема падстрыгчы даўгія валасы ці забраць дакумэнты ў дэканаце, студэнт Куржалаў абраў апошняе.

“Свайго часу я кінуў мастацка-графічны факультэт Віцебскага пэдынстытуту, – згадвае Ігар Куржалаў. – Па сутнасьці, з-за даўгіх валасоў. Наш дэкан з гэтай нагоды казаў: “Не забывайте, что вы преподаватели!” Беларусь тады была патрыярхальнай саўдэпаўскай краінай. Пасьля таго я паехаў у Піцер і паступіў у “Мухінку”. А ў “Мухінцы” з даўгімі валасамі хадзілі ўсе, і немагчыма было адрозьніць выкладчыка ад студэнта: тут табе і валасы, і бароды, і ўсё астатняе. Нават у піўніцу хадзілі разам са сваімі выкладчыкамі, і гэта было нармалёва”.

"Цяпер я як музэйнік-экспазыцыянэр практычна не запатрабаваны”

Стоячы ля фатаздымка экспазыцыі Музэю Ўладзімера Караткевіча ў Воршы, мастак, уздыхнуўшы згадвае час, калі працаваў над гэтым праектам:

“Самы цікавы час у маёй дызайнэрскай справе, самыя плённыя гады – гэта пачатак 1990-х. Гэта быў пачатак нацыянальнага адраджэньня, калі музэямі займаліся на дзяржаўным узроўні. І я зрабіў свае найлепшыя музэі менавіта ў тыя гады.

Гэта Музэй беларускага кнігадрукаваньня і Музэй-бібліятэка Сімяона Полацкага. Працаваў з натхненьнем, была падтрымка. Потым, на жаль, усё зьмянілася. Цяпер я як музэйнік-экспазыцыянэр практычна не запатрабаваны”.

Сёньня шмат чаго са здабыткаў пачатку 1990-х разабрана і дэмантавана. Мастак кажа пра гэта без эмоцыяў, але з сумам у вачох:

“Яшчэ адна мая ўдалая праца: выстава “Покліч” у Літаратурным музэі ў Менску. Сёлета яе разабралі. Гэтая выстава была прысьвечаная рэпрэсаваным у 1930-я гады беларускім пісьменьнікам. Цяпер яе ўжо няма”.

"Алвар Аалта – гэта мой кумір"

Паводле мастака, у наш час нават вярнуць гораду нацыянальную, душэўна здаровую тапаніміку, немагчыма:

“Пэўны час я працаваў галоўным мастаком Полацку і шмат намаганьняў прыклаў для пераназваньня полацкіх вуліцаў, якія носяць імёны Карла Маркса, Леніна, Энгельса і нават нейкіх Сака ды Ванцэці. Але ж так і не ўдалося гэтага зрабіць”.

Сёньня мастак-дызайнэр Ігар Куржалаў ня мае працы і не атрымлівае ніякіх заказаў. І ўсё ж ён перакананы, што час зьменіцца і што яму, як і ў пачатку 1990-х, давядзецца закасваць рукавы і працаваць – так, як працаваў ягоны кумір – архітэктар і дызайнэр Алвар Аалта.

“Знакаміты Алвар Аалта пабудаваў палац “Фінляндыя” і спраектаваў для яго ўсё: пачынаючы ад падмурка і канчаючы дзьвярнымі ручкамі. Алвар Аалта – гэта мой кумір”, – гаворыць наваполацкі мастак Ігар Куржалаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG