Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Анонс падзеяў: чацьвер, 24 траўня


Радыё Свабода

Сёньня ў Менску будуць судзіць моладзевых актывістаў, затрыманых напярэдадні пры спробе правесьці на плошчы Незалежнасьці акцыю супраць адмены льготаў.

“Былі затрыманыя Ян Міхайлаў і Мікалай Каршуноў, – паведаміла праваабаронца Ірына Тоўсьцік. – Іх абвінавацілі ва ўдзеле ў несанкцыянаваным пікеце ў студэнцкім гарадку ля плошчы Незалежнасьці. Складзены пратаколы па артыкулах 23 і 34 Кодэксу аб адміністрацыйных парушэньнях. Сёньня адбудзецца суд у будынку суду Маскоўскага раёну Менску”.

* * * Сёньня ў сядзібе партыі БНФ у Менску а 15-й гадзіне адбудзецца прэзэнтацыя штогадовага выданьня “Парушэньні правоў чалавека ў Беларусі ў 2006 годзе”.

“Хаця гэты агляд тычыцца падзеяў мінулага году, але, натуральна, мы не абмінем і цяперашняга часу. Будзе выступ Алеся Бяляцкага. Запрошаны прадстаўнікі “Маладога фронту”, суд над якімі адбудзецца ў хуткім часе”, – расказаў адзін з укладальнікаў кнігі-дасьледаваньня Валянцін Стэфановіч.

* * * Сёньня ў Менску пройдзе чарговае паседжаньне міжурадавай беларуска-расейскай камісіі ў пытаньнях вайсковага ўзбраеньня.

Кіраўнік дэлегацыі з Масквы Ўладзімер Паляшчук кажа пра больш як 15 адзінак зброі, якую сумесна распрацоўваюць вайсковыя спэцыялісты краінаў-суседак. Паведаміў Уладзімер Паляшчук нашаму радыё і пра льготы для Беларусі пры закупе расейскай вайсковай тэхнікі:

“Так, гэта сапраўды льготныя пастаўкі. Па такіх жа цэнах, як і для ўласных узброеных сілаў. І другое – перавозкі гэтай прадукцыі вызваляюцца ад падаткаў і збораў. Таксама вызваляюцца ад збораў і авансавыя плацяжы”.

* * * Сёньня ў Адміністрацыі прэзыдэнта адбудзецца разгляд заявы сьвятароў менскай царквы “Новае жыцьцё” Аб’яднаньня грамадаў хрысьціянаў поўнага Эвангельля. Заяўнікі просяць не прымаць да ведама дакладной запіскі Ліліі Козыравай – намесьніцы старшыні Вышэйшага гаспадарчага суду.

Пра сытуацыю – юрыст царквы “Новае жыцьцё” Сяргей Луканін:

“Козырава накіравала ў Адміністрацыю прэзыдэнта ліст. Яна інфармуе, што нібыта суд прыйшоў да высновы: Менгарвыканкам меў права пазбавіць царкву “Новае жыцьцё” права на зямлю і будынак. Але ж гэта супярэчыць матэрыялам справы. Мы просім, каб Адміністрацыя прэзыдэнта ня брала пад увагу лжывых зьвестак”.
XS
SM
MD
LG