Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці праўда, што разумныя – бедныя?


Тацяна Поклад, Прага “Калі вы такі разумны, то чаму вы такі бедны”, -- такія папрокі часам даводзіцца чуць інтэлектуалам. Амэрыканскія навукоўцы знайшлі адказ на гэты папрок. Амэрыканскія сацыёлягі дасьледавалі, як уплывае высокі IQ, – каэфіцыент інтэлекту,– на ўзровень матэрыяльнага дабрабыту.

З мэтай выявіць магчымую залежнасьць паміж разумовымі здольнасьцямі і дабрабытам амэрыканцаў, група навукоўцаў пад кіраўніцтвам прафэсара Джэя Загорскага (Jay Zagorsky) з унівэрсытэту ў Агайё (Ohio State University in Columbus, US) зрабіла доўгатэрміновае амаль трыццацігадовае дасьледаваньне, цягам якога дасьледаваліся 7500 амэрыканцаў.

Навукоўцы выкарысталі дадзеныя Бюро працоўнай статыстыкі ЗША. Там група маладых добраахвотнікаў у 1979 годзе выканала тэсты для вызначэньня IQ паводле мэтодыкі Пэнтагона. Далей добраахвотнікаў яшчэ некалькі разоў запрашалі на сумоўі і высьвятлялі іх фінансавыя посьпехі. Інфармацыя аб прыбытках дапаўнялася і зьвесткамі пра перавышэньне ліміту крэдытных картак, няздольнасьць аплачваць рахункі ў час, банкруцтва.

Чым большы IQ, тым большы заробак

Высьветлілася, што кожны дадатковы бал IQ прыносіць дадатковы прыбытак у сярэднім у 200-600 даляраў гадавога прыбытку. Напрыклад, узровень IQ роўны 100 адпавядае сярэдняму інтэлекту, а IQ роўны 130 і болей маюць усяго 2 працэнты насельніцтва. Атрымліваецца, што розьніца ў прыбытках паміж імі складае, звычайна, 6 – 18 тысяч даляраў у год.

Такім чынам, і гэтае дасьледаваньне пацьвердзіла ў цэлым, што вышэйшы інтэлект дазваляе зарабляць больш. Але, як адзначыў кіраўнік навуковай групы Джэй Загорскі, варта толькі зьвярнуць увагу прынамсі на ўнівэрсытэцкую паркоўку, дзе столькі старых і танных машынаў,– а прафэсары маюць пераважна сапраўды высокія IQ.

Чым большы IQ, тым больш праблемаў з фінансамі

Дасьледаваньне навукоўцаў з Агайё пайшло далей, чым дадзеныя аб прыбытках. А з агульным фінансавым дабрабытам справы выглядаюць ня гэтак адназначна. Пры нізкім IQ, роўным 75, вычарпаньне крэдытнага ліміту фіксуецца толькі ў 8 працэнтах выпадкаў, пры IQ роўным 90 – да 12 % выпадкаў. Пасьля, бліжэй да паказьніка 100 – гэта сярэдні ўзровень IQ,– справы з крэдытамі выглядаюць больш спарадкаванымі.

А далей, чым вышэй IQ, тым больш растуць асабістыя фінансавыя праблемы,– перавышаныя крэдыты, няздольнасьць у час аплаціць рахункі, і да таго падобнае. Аналягічная сытуацыя з няўплатай у час банкаўскіх плацяжоў. Найгорш справы ідуць у тых, чый інтэлект ніжэй за сярэдні, а лепш за ўсё – у тых, чый інтэлект блізкі да сярэдняга альбо трохі вышэй. А самыя разумныя, з найвышэйшым інтэлектам, часьцяком маюць фінансавыя праблемы, як і тыя, чый інтэлект нізкі.

Так што зразумела, чаму Уорэн Бафэт – вядомы інвэстар, чыя маёмасьць ацэньваецца часопісам Forbes у 52 мільёны даляраў, -- кажа, што, каб у яго быў IQ 170, ён бы прадаў лішнія 45 балаў таму, хто прапануе лепшы кошт.

Паводле амэрыканскіх навукоўцаў, праблема інтэлектуалаў ня ў тым, што яны ня ўмеюць зарабляць, а ў тым, што яны ня ўмеюць распараджацца заробкамі. Альбо ім гэта не цікава, альбо іх інтэлект патрабуе большых выдаткаў – ім хочацца больш выдаткоўваць грошы на незвычайныя рэчы, якія каштуюць даражэй, у іх большая фантазія і большыя патрабаваньні.

Пры нізкім IQ людзі папросту недастаткова вынаходлівыя, каб выдаткоўваць грошы. З ростам IQ іх патрэбы растуць хутчэй, чым прыбыткі. І яшчэ, пры высокім IQ, мяркуюць сацыялёгі, чалавеку менш цікава займацца грашовымі праблемамі ў параўнаньні з цэлым сьветам цікавых новых магчымасьцяў, якія робяцца сапраўднымі вынікамі і інтэлекту, і банкаўскаму рахунку. • New Scientist
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG