Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Крамбамбуля” прэзэнтавала новы альбом


Севярын Квяткоўскі, Менск Прэзэнтацыю альбому “Крамбамбуля сьвяточная” была прымеркаваная да пяцігодзьдзя творчай дзейнасьці. Уласна імпрэза адбылася ў менскім рэстаране “Савецкі”, дзе прысутныя апроч выступу атрымалі міні-пэрформанс у стылі савецкіх “рэчовак”, а таксама другі – дадатковы – дыск “Крамбамбуля The best” зь лепшымі хітамі праекту. Альбом “Крамбамбуля сьвяточная” цалкам прысьвечаны савецкім і народным сьвятам. Настрой іранічных песень, напісаных Лявонам Вольскім, добра перадаюць такія назвы як “З новым Годам!”, “Дзень дурня”, “Налівай, бо не ядуць”, “7 лістапада – Дзень Вялікай Кастрычніцкай Сацыялістычнай Рэвалюцыі” ды іншыя.

Ускраіна Менску пад назвай Сьцяпянка. Тут захаваліся лецішчы Савету міністраў БССР. Старая сталінская “дачная” архітэктура. Клясычны набор савецкага стала: рыскія шпроты, гарошак, кабачковая ікра, дзіўнага выгляду вараная каўбаса... Імпрэзай кіруе ды-джэй і музыкант Аляксандар Памідораў:

Памідораў: “Узорна-экспэрымэнтальная гаспадарка, скарочана – узэкга: справаздача ад “Крамбамбулі” – наш крамбамбульскі літмантаж!



Музыканты: “Таварышы і грамадзяне! Мы шчыра вас вітаем! Паклон вам ад усёй душы;

“Мы працавалі добра, чотка, без выхадных і прахадных. І завяршылі пяцігодку без паказальнікаў благіх”;

“Пад мудрым, чуйным кіраўніцтвам ідзем наперад скрозь гады. І з п’янствам і алькагалізмам змагацца будзем... (сьмех, воплескі).

“Крамбамбульцы” распачалі выступ зь песьні “Савецкае шампанскае” зь першага альбому, якая выкананая цалкам у стылістыцы савецкай эстрады 1970-х. Далей Лявон Вольскі абвясьціў цалкам новую песьню: купальскую, якая завецца “Папараць-кветка”.



Госьці імпрэзы атрымалі парадыйную газэту “Ўраджай”, спэцыяльны выпуск”, з такімі загалоўкамі як “Наша першая пяцігодка”, “Загады па узэкга “Крамбамбуля”, “І на працу зь песьняй пойдзе, і над песьняй папрацуе”, “Ударная праца – і адпачынак адпаведны”. У “спэцвыпуску” высьмейваюцца савецкія традыцыі, некаторыя зь якіх застаюцца рэаліямі сучаснай Беларусі. Але таксама Лявон Вольскі цалкам сур’ёзна адказвае на канкрэтныя пытаньні. Напрыклад – чаму ў новы альбом не ўвайшлі песьні “23 феўраля” і “Дарагія жэншчыны”, якія ствараліся пад канцэпцыю савецкіх сьвятаў? Лявон Вольскі патлумачыў, што на момант працы над альбомам тыя песьні шмат выконваліся, і вырашыў працаваць над дыскам з нуля. Што да сучасных праяваў савецкіх сьвятаў, для Лявона Вольскага робіцца сумна, калі ён аналізуе сытуацыю, таму праз іронію стварае пазытыў.

Болей пра “Крамбамбулю”:

Афіцыйны сайт праекту

У бібліятэцы “Вікіпэдыя”
XS
SM
MD
LG