Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Беларускім дарогам наканаваны вечны “ямачны рамонт”


Ігар Карней, Менск Больш за 60 тысяч кілямэтраў аўтамабільных дарог у Беларусі патрабуюць капітальнага рамонту. У агульным паказьніку гэта 77 працэнтаў аўтамагістраляў. У дэпартамэнце “Белаўтадар” Міністэрства транспарту, адказным за падтрыманьне дарог у належным стане, скардзяцца на брак дзяржаўнага фінансаваньня. Удзельнікі дарожнага руху перакананыя: беларускія дарогі ад пачатку будуюцца з парушэньнямі тэхналягічных патрабаваньняў.

У дэпартамэнце “Белаўтадар” кажуць: асноўная прычына пагаршэньня стану беларускіх дарог – недахоп дзяржаўнага фінансаваньня, якое складае толькі 40 працэнтаў ад патрэбаў дарожнікаў. Фактычна адлічэньні ў дарожны сэктар засталіся на ўзроўні пачатку 1990-х, тады як нагрузка на дарогі кардынальна вырасла. Паводле афіцыйных дадзеных, працягласьць аўтамабільных дарог агульнага карыстаньня за 15 гадоў павялічылася ледзьве не ўдвая, колькасьць прыватных транспартных сродкаў – у 3,5 разы, а буйнагабарытнага транспарту – ажно ў 5 разоў. А гэта, як кажуць у дэпартамэнце, у бюджэце пакуль ня ўлічваецца:

“Мы кожны раз абавязаныя трымаць справаздачу за выкарыстаньне сродкаў Рэспубліканскага дарожнага фонду. Але што да агульнай сытуацыі з дарогамі, то, разумееце, выдаткі на рамонт не закладзеныя ў бюджэце, бюджэтам прапісваюцца толькі агульныя сумы адлічэньняў на дарожны фонд”.

Ці ёсьць панацэяй “ямачны рамонт”?

З прычыны беднасьці дарожнікі ўсё актыўней выкарыстоўваюць так званы “ямачны рамонт”, які ва ўсім сьвеце лічыцца лякальнай зьявай і ўжываецца, калі трэба залатаць дзірку ў асфальце хіба што ў двары. У Беларусі сытуацыя іншая. Паводле вынікаў працы дарожнай гаспадаркі за першы квартал 2007 году, аб’ём працы за гэты час выкананы на 104 працэнта. Паводле дэпартамэнту “Белаўтадар”, “у рэспубліканскай сетцы зьліквідавана больш за 100 тысяч квадратных мэтраў ямачнасьці”.

Дзеля папаўненьня скарбонкі транспартнікі часта штучна ствараюцца сытуацыі, калі аўтамабілісты і фірмы-перавозчыкі мусяць дадаткова раскашэльвацца. Двойчы на год у Беларусі ўводзяцца абмежаваньні на рух грузавога транспарту: увесну – каб не разьбіваць мокрыя дарогі, летам – каб не ствараць каляіны ў гарачым асфальце. У гэты час транспартны паток, дагэтуль раскіданы па ўсіх дарожных артэрыях краіны, скіроўваецца на так званую “алімпійку”. У выніку перавыконваюцца паказьнікі валютных паступленьняў ад аплаты за праезд па трасе М-1/Е30 Брэст-Менск-мяжа Расейскай Фэдэрацыі. Разам з тым, як кажуць аўтаперавозчыкі, такая пераарыентацыя мае нэгатыўныя наступствы. Перадусім, гэта тычыцца “коркаў” на памежных пераходах. Пра гэта кажа перавозчык Сяргей Хахлоў:

“Чым там наверсе думаюць – ня ведаю. Але калі для краіны кавалак асфальту даражэй, чым здароўе нацыі, людзей, то пра што ўвогуле можна казаць? У нас заўсёды так было, калі глядзець гісторыю. На нямецкія кулямёты кідалі цэлыя дывізіі. І няважна, што палягло некалькі тысяч чалавек. Галоўнае, што горад да дня “N” узялі. Дакладна так і тут. Напляваць, што людзі суткамі ня могуць ні паесьці, ні паспаць, па 16 гадзін у чэргах стаяць на мяжы. Галоўнае – дарога захоўваецца. А каб яе зрабіць так, як трэба?..”

Дрэнныя дарогі – сьвята для аўтасэрвісу

Дрэнныя дарогі калі каго і задавальняюць, дык хіба аўтасэрвісы. Чым больш будзе аўтамабіляў з разьбітымі падвескамі, тым больш грошай пакінуць у майстэрнях ахвяры дрэнных дарог.

Пасьля таго, як у Абчаку пад Менскам пачалі зьбіраць іранскія “Саманды”, адным з аргумэнтам было наступнае: паводле характарыстыкаў іранскі “скакун” набліжаны да “Жыгулёў”, якія сваёй праходнасьцю канкуравалі нават з пазадарожнікамі. Кіраўнік Асацыяцыі кіроўцаў і ўладальнікаў аўтатранспарту Алег Маркевіч лічыць такі аргумэнт на карысьць “дрэнных дарог” прымітыўным:

“Навошта нам параўноўваць штосьці з “Жыгулямі”? “Жыгулі” гэта ня тое, што ўчорашні, а пазаўчорашні дзень! Таму слабая адгаворка. Нам у любым выпадку трэба арыентавацца на вядучыя ўсясьветныя аўтаканцэрны, якія насамрэч ідуць у нагу з часам і паводле экалягічных патрабаваньняў, і паводле бясьпекі, у справе ўтылізацыі і г.д.”
XS
SM
MD
LG