Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Без кардынальнага рэфармаваньня КДБ свабоды не здабудзем”


Валянцін Жданко, Менск Новая перадача сэрыі “Паштовая скрынка 111”.

У хуткім часе тыя жыхары Беларусі, якія маюць спадарожнікавыя антэны, змогуць глядзець новы тэлеканал, што ствараецца цяпер на тэрыторыі Польшчы й адрасаваны беларускай аўдыторыі.

Відавочна, асьвятленьне ім падзеяў у Беларусі і вакол яе будзе адрозьнівацца ад усяго таго, што бачаць сёньня беларусы на сваіх тэлеэкранах.

Сёньняшнюю размову пачну зь ліста на гэтую тэму ад Мікалая Матусэвіча зь Менску. У слухача адметны погляд на альтэрнатыўнае тэлебачаньне:

“Адрозна ад многіх іншых беларусаў, якія апазыцыйна ставяцца да Лукашэнкі, я не адчуваю радасьці ад гэтай навіны.

Па-першае, сам факт стварэньня гэтага каналу менавіта ў Польшчы выклікаў у мяне вялікі недавер. Гэта краіна, якая, як і Расея, некалі была галоўным ворагам Беларусі. Доўгі час вялікая колькасьць ейных палітыкаў ды ідэолягаў не лічыла беларусаў самастойнай нацыяй.

А пра нейкае “агульнаэўрапейскае” братэрства зь ёю пачалі размаўляць у некаторых апазыцыйных колах толькі пасьля абраньня першага (дай Божа, каб не апошняга) прэзыдэнта. І вось гэтая краіна вырашыла зрабіць нам “падарунак”.

Добра, калі мэта гэтых людзей — данесьці праўду да жыхароў Беларусі. Але якая гэта будзе праўда? Пра вялікія праблемы з правамі чалавека, пра забарону апазыцыйных СМІ? Добра! А хто раскажа пра нявырашаную праблему Беласточчыны й праблемы этнічных беларусаў, якія жывуць там і сёньня і колькасьць якіх дзівосным чынам так хутка зьмяншаецца?

Па-другое, ня трэба забываць, што наша краіна падзеленая (вядома, ня вельмі рэзка) на тых, хто за незалежнасьць, і тых, хто супраць. Але калі выбіраць паміж Польшчай і Расеяй, то з кім лепш быць — зь першай ці другой? І тыя, хто за Расею, могуць не разумець гэтага падарунку сёньняшняй “апазыцыйна-братэрскай” Польшчы.

Увогуле, гэткія праекты, што ствараюцца ў суседніх краінах, ня могуць быць пасьпяховымі, бо будзе адчувацца ціск з боку мясцовых уладаў.

Яны будуць казаць, што ў Беларусі ўсё дрэнна, а ў іх — усё добра. І калі Аверкава з ОНТ і Андрэеву з ОРТ зьменіць спадар з Варшавы, то я лічу, што гэта павінна выклікаць абурэньне ўсіх сьвядомых беларусаў.

Іншая справа — “Свабода”, што вяшчае з Чэхіі. Вы ж ня кажаце, што беларусы — гэта абруселыя ці апалячаныя чэхі.

Увогуле, я лічу, што грошы, калі яны будуць выдаткоўвацца на апазыцыйныя мэты ўрадамі іншых краінаў, лепш патраціць на распаўсюджваньне ў Беларусі такіх газэтаў, як “Народная Воля” і “Наша Ніва”, падтрымку звольненых з працы “за палітыку” ды іншае. Але падкрэсьліваю — усё гэта павінна траціцца ў Беларусі”.

Гэты, як вы, спадар Мікалай, пішаце, “падарунак” вырашыла зрабіць беларусам ня толькі Польшча. Праект ствараецца з ініцыятывы Эўразьвязу і пры ягонай жа фінансавай падтрымцы. Польшча ў якасьці базавай пляцоўкі абраная з прычынаў зусім зразумелых: гэта і геаграфічнае становішча, і моўная блізкасьць, і супольная гісторыя…

Вашы апасеньні, што новы спадарожнікавы канал будзе копіяй беларускіх прапагандысцкіх каналаў (толькі з адваротным знакам) выглядаюць беспадстаўнымі.

У краінах Эўразьвязу ўвогуле няма тэлеканалаў, стыль, ідэалёгія, навінная палітыка якіх супадалі б зь беларускім тэлебачаньнем. Тэлебачаньне, якое паказвае толькі тое, што падабаецца аднаму галоўнаму тэлегледачу, якое, як сапсаваная пласьцінка, увесь час паўтарае, як добра ў нас, і як кепска ў іх — гэта тэлебачаньне мінулай эпохі, эпохі халоднай вайны. У Эўропе такога тэлебачаньня ніхто ня будзе ні глядзець, ні фінансаваць.

І яшчэ адзін істотны момант — тое, як успрыме новы тэлеканал прарасейская частка беларускага грамадзтва. Ня думаю, што гэта стаўленьне будзе агрэсіўным і нэгатыўным. У Беларусі даступныя не адзін і ня два расейскія тэлеканалы (у многіх гарадах іх колькасьць дасягае некалькі дзясяткаў).

Беларусь цалкам знаходзіцца ў расейскай і расейскамоўнай інфармацыйнай прасторы. І зьяўленьне беларускамоўнага тэлеканалу, які асьвятляе падзеі паводле прынцыпаў эўрапейскай журналістыкі, не сумняюся, будзе ўспрынятае калі не з прыхільнасьцю, то зь цікавасьцю нават гэтай часткай публікі.

Наш слухач Андрусь Старавойтаў зь Вільні напісаў на “Свабоду”, пачуўшы на нашых хвалях выступ падпалкоўніка запасу Камітэту дзяржаўнай бясьпекі Валера Косткі.

Асабліва закранула Андруся заўвага спадара Косткі пра тое, што сярод супрацоўнікаў КДБ, як ён лічыць, ёсьць патрыёты, якія разумеюць неадпаведнасьць таго, што робіцца ў Беларусі, таму, што трэба рабіць:

“Зусім сумна стала мне ад такіх словаў. Рэжым рукамі спэцслужбаў ужо трынаццаць гадоў гвалтуе ўсё, што зьвязвае чалавека зь беларускасьцю, а спадар Костка бачыць у агентах КДБ патрыётаў. Дзе гэта ён іх разгледзеў?

Жахлівую праўду напісаў аб тым у свой час шаноўны Васіль Быкаў. Ён не казаў глупстваў аб “патрыятычнасьці” ў лукушэнкаўскіх структурах, якія за смачную падачку гатовыя ліквідаваць Беларусь.

Бачыў я гэтыя твары ў Менскім ды Маладэчанскім КДБ. Ды яны выканаюць любы загад улады — іншага там проста не разумеюць!

Згадваю адмыслоўца расейскіх спэцслужбаў Алега Гардзіеўскага, які вымушана знаходзіцца ў эміграцыі — за тое, што хацеў, каб ФСБ складалі людзі новай фармацыі, каб Расея стала цывілізаванай краінай. На Захадзе ён шмат апавядаў аб тым, на што гатовыя тыя “прафэсіяналы” савецкага ўзору…

Да таго часу, пакуль у сыстэме аховы дзяржавы будуць людзі, у якіх на твары напісана, што ўсё роднае ім патрэбнае ня больш, чым нябожчыку зэдлік — да таго часу мы будзем чакаць чарговай выбарчай кадэнцыі ды вінаваціць у слабасьці дэмакратычныя партыі…

Зыходзячы з досьведу краінаў, якія пазбавіліся ад сацыялізму, прыходжу да высновы, што без кардынальнага рэфармавання КДБ нам дарога сьвеціць толькі туды, адкуль выйсьці будзе немагчыма. Пра тое сваёй горкай праўдай папярэджваў нас Васіль Быкаў”.

У сваім інтэрвію “Свабодзе” Валер Костка зусім не сьцьвярджаў, што ўсе супрацоўнікі КДБ — нацыянальна сьвядомыя патрыёты.

Проста ён лічыць, што, насуперак намаганьням контравыведкі, у КДБ усё яшчэ захаваліся асобныя людзі, адданыя прынцыпам дэмакратыі й нацыянальным каштоўнасьцям. Магчыма, што якраз такія асобы фіксуюць незаконныя дзеяньні сілавікоў і час ад часу дасылаюць зьвесткі аб гэтым у незалежныя сродкі інфармацыі.

Зрэшты, гэтыя лісты ананімныя, а выкладзеная ў іх нібыта сэнсацыйная інфармацыя можа мець і правакацыйны характар. Так што яна мае патрэбу ў грунтоўнай праверцы.

Што да неаходнасьці рэфармаваньня спэцслужбаў, то тут спрачацца з вамі, спадар Старавойтаў, не выпадае. Але такія рэформы немагчымыя да таго часу, пакуль у Беларусі ня зьменіцца ўся сыстэма ўлады.

На тэму віны і адказнасьці за паразу дэмакратыі і ўсталяваньня аўтарытарнага рэжыму ў Беларусі разважае ў сваім лісьце Алесь Цадко з Маладэчна:

“На мой погляд, ніхто зь цяперашніх дэмакратычных лідэраў не акрэсьліў пытаньня адказнасьці за ўсталяваньне ў Беларусі дыктатарскай сыстэмы.

А беспакараным не павінен застацца ніхто: ні міліцыянты, якія зьбівалі ўдзельнікаў мірных шэсьцяў; ні судзьдзі, якія выносілі загадзя спушчаныя зьверху прысуды; ні начальнікі, якія выкідалі за вароты прадпрыемстваў апазыцыянэраў; ні гэбоўскія стукачы, якія знутры развальвалі дэмакратычны рух. Я ўжо не кажу пра тых, хто вінаваты ў палітычных зьнікненьнях.

Я не выступаю за помсту канкрэтным асобам. Ведаю адно: беспакаранасьць спараджае палітычную абыякавасьць, усёдазволенасьць, цынізм. А галоўнае — разбурае людзкую веру ў справядлівасьць і адказнасьць за ганебныя ўчынкі.

Уся гэтая сыстэма працуе зладжана толькі таму, што яе эканамічна й палітычна падтрымлівае Крэмль, а Захад абмяжоўваецца пустымі дэклярацыямі. Зьнікнуць гэтыя падпоркі — ня зможа існаваць і рэжым. Цяперашняя сытуацыя дае надзею, што гэты час не за гарамі”.

Не пагаджуся з вашым, спадар Цадко, сьцьвярджэньнем, што ніхто з апазыцыйных лідэраў не ўздымаў пытаньня адказнасьці (і маральнай, і юрыдычнай) за тое, што адбылося з дэмакратычнымі інстытутамі ў Беларусі за апошняе дзесяцігодзьдзе.

У свой час гэтым вельмі актыўна займаўся апазыцыйны палітык Віктар Ганчар — колішні старшыня Цэнтравыбаркаму і віцэ-сьпікер Вярхоўнага Савету.

Потым, пасьля ягонага зьнікненьня, у апазыцыйных асяродках у розны час паўставалі шматлікія грамадзкія ініцыятывы гэтай жа праблематыкі — рознага кшталту камісіі і нават грамадзкі трыбунал.

І дакумэнтаў, і сьведкаў, і фактаў назьбірана вельмі шмат. Калі-небудзь настане момант, калі ўсё гэта будзе выкарыстана. Верагоднасьць таго, што ўсе ўсё забудуць і даруюць, ня надта вялікая. Для многіх людзей размова ідзе не пра дробныя крыўды й асабістыя амбіцыі — а пра пакалечаныя лёсы і зьнішчаных блізкіх.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на “Свабоду”. Пішыце. Чакаем новых допісаў. Праграма “Паштовая скрынка 111” выходзіць у эфір кожную сераду і суботу. Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG