Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Закон аб скасаваньні льготаў пачне дзейнічаць праз паўгоду


Уладзімер Глод, Менск Сёньня Палата прадстаўнікоў адразу ў двух чытаньнях разгледзела й прыняла закон “Аб дзяржаўных сацыяльных ільготах, правах і гарантыях для паасобных катэгорыяў грамадзянаў”.

Згодна з законам, адмяняюць многія цяперашнія льготы — напрыклад, аплата 50% кошту за праезд у грамадзкім транспарце для навучэнцаў, вэтэранаў працы, грамадзянаў пры выкананьні службовых абавязкаў. За лекі для дзяцей да трох гадоў трэба будзе плаціць — цяпер іх выдаюць бясплатна. Адмяняюцца ці скарачаюцца льготы для былых вязьняў фашыстоўскіх канцлягераў. Паменшае сьпіс тых, хто мае права на льготы ў аплаце жыльлёва-камунальных і мэдычных паслугаў.

Тлумачыў неабходнасьць непапулярных зьменаў міністар працы і сацыяльнай абароны Ўладзімер Патупчык.

Ён назваў дзейную цяпер сыстэму сацыяльных ільготаў “найбольш затратнай і неэфэктыўнай формай падтрымкі насельніцтва”. Летась зь бюджэту на льготы было выдаткавана 600 мільярдаў рублёў. Міністар спаслаўся на Аляксандра Лукашэнку і нават працытаваў ягоныя словы: “Мы пераходзім ад льготаў агулам да адраснай падтрымкі”.

І яшчэ спадар Патупчык сказаў: “Цяпер галоўным крытэрам атрыманьня льготаў стане ўзровень прыбытку людзей”.

Міністар абвясьціў: прапанаваныя захады дазволяць зэканоміць для бюджэту 168 мільярдаў рублёў.

Некалькі дэпутатаў, прынамсі Мікалай Дубовік, Марыя Худая, Генадзь Давыдзька, прапаноўвалі захаваць некаторыя льготы. Але толькі Вольга Абрамава адкрыта заявіла, што будзе галасаваць супраць:

“Я буду галасаваць супраць гэтага законапраекту зь дзьвюх прычынаў. Першая — упарадкаваньне льготаў магло б праводзіцца як складнік сыстэмных рэформаў, як спосаб падвысіць канкурэнтнасьць эканомікі. Тады б людзям было б зразумела, чаму і на які час ім патрэбна зацягнуць папругі.

Другая — мы сёньня ўпарадкоўвалі льготы няправільна паводле формы і несправядліва паводле зьместу. Прымаць гэты закон можна толькі адначасна зь іншым — аб адраснай сацыяльнай дапамозе... Альбо яшчэ лепш спачатку прыняць закон аб адраснай дапамозе. І, прыкладам, спачатку дайце вэтэранам працы такую пэнсію, каб яе хапала на праезд у гарадзкім і прыгарадным транспарце, а ўжо потым адмяняйце 50-працэнтную зьніжку.

Упэўненая — сацыяльная тэмпэратура ў краіне пасьля прыняцьця сёньняшняга закону значна падвысіцца”.

Дэпутат Віктар Кучынскі лічыць, што пачынаць трэба не з ільготаў, а з эканомікі:

“А што будзе заўтра? Мы можам сёньня адмяніць усе льготы. А што будзе потым? Калі эканоміка сёньня ня будзе працаваць нармальна, дык праблемаў будзе яшчэ больш.

А ці створаныя сёньня нармальныя ўмовы для працы суб’ектаў гаспадараньня, калі нельга перамясьціць тавары зь Берасьцейскай у Менскую вобласьць?! Дык што гэта за рынак? Што гэта за рынкавыя дачыненьні?”

У кулюарах некаторыя дэпутаты казалі журналістам, што да непапулярных захадаў улады падштурхоўваюць эканамічныя цяжкасьці.

Гэты пункт гледжаньня падзяляе і Валянціна Палевікова, былы сакратар выканкаму Фэдэрацыі прафсаюзаў беларускай:

“Справы дрэнныя, калі такія захады робяцца. Гэта відавочна. І спробы палепшыць эканамічнае становішча краіны праз дружбу з Іранам ці Вэнэсуэлай, на якія налягае Аляксандар Лукашэнка, насамрэч не даюць плёну.

А непапулярныя меры толькі крыўдзяць людзей, якія за ўсё сваё жыцьцё, можа, і зарабілі нейкую капейчыну, а цяпер атрымліваюць мізэрную пэнсію. Яны карысталіся льготамі й гэта вельмі шанавалі. І за гэта ішлі за Лукашэнкам”.

Вынікі галасаваньня ў Палаце наступныя: у першым чытаньні за закон выказаліся 99 дэпутатаў, супраць — 2. У другім: за — 101, супраць — 1.

Як патлумачыў мне міністар Уладзімер Патупчык, гэты закон пройдзе звычайную працэдуру. Яго павінны зацьвердзіць у Савеце Рэспублікі, потым ён будзе падпісаны кіраўніком дзяржавы. Толькі прыблізна праз шэсьць месяцаў закон пачне дзейнічаць.

Такім чынам, новы закон фактычна ўступіць у сілу з 2008 году. А менавіта ў ім пройдуць выбары ў Палату прадстаўнікоў. Ці прагаласуюць людзі за дэпутатаў, якія прынялі такі непапулярны закон?

Дэпутат Вярхоўнага Савету Беларусі 13-га скліканьня Аляксандар Дабравольскі гаворыць:

“Яны ведаюць ня толькі пра тое, што ў наступным годзе выбары. А таксама і тое, што ад волі выбарцаў вынікі іх у нашай краіне не залежаць. Таму яны нічога не баяцца”.

• Каго канкрэтна пазбавілі льготаў?
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG