Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Стравусы прыжыліся на Кобрыньшчыне


Ігар Карней, Кобрыньскі раён На 60 гектарах ў вёсцы Казішча, што ў Кобрыньскім раёне, раскінулася самая вялікая ў Беларусі стравусавая фэрма сумеснага беларуска-польскага прадпрыемства “ПМ і Кампанія”. 700 экзатычных для Беларусі птушак без праблемаў акліматызаваліся.

У Беларусі чатыры месцы, дзе ўтрымліваюцца стравусавыя статкі не меней за паўсотні галоў: Паставы, Баранавічы, Прыдняпроўская птушкафабрыка і фэрма ў вёсцы Казішча на Кобрыньшчыне. Апошняя пачала працаваць у 2003-м, але маштабам бізнэсу вылучылася ў перадавікі стравусагадоўлі.



Маім гідам па фэрме “Сьвет стравусаў” кіраўнік аддзелу маркетынгу Сяргей Гапановіч:

“У такім маштабе на Беларусі яшчэ стравусамі не займаўся ніхто. На нашай фэрме 72 галавы бацькоўскага пагалоўя, то бок, 24 сям’і (а сям’я – гэта самец і дзьве самкі). Адзінае, што на сёньняшні дзень мы падсадзілі яшчэ па адной самцы дзеля таго, каб падвысіць яйканоскасьць. А ўвогуле на сёньняшні дзень на фэрме блізу 700 галоў. Ужо зьявіўся першы маладняк, які цяпер будзе зьяўляцца прыкладна праз кожныя два тыдні”.



Тэхналягічна фэрма падзяляецца на тры асноўныя сэктары: два купалападобныя матачнікі; інкубатар, дзе зьяўляецца новае пакаленьне, і 320-мэтровы будынак з раскватараваным “таварным маладняком”.

Стравус пасьпяхова абеларусіўся

Два стагодзьдзі таму стравусы тысячамі прыносіліся ў ахвяру эўрапейскім модніцам і моднікам. Толькі са зьяўленьнем аўтамабіляў боа ды пер’і-антэны ў капелюшах сталі элемэнтарна замінаць і ў стравусаў зьявіўся шанец на перадых.

Праўда, неўзабаве гурманы вынайшлі: страус – гэта яшчэ сапраўдная гара каштоўнага мяса з багатым наборам мікраэлемэнтаў, з самым нізкім узроўнем халестэрыну; яно не губляе апэтытнага чырвонага колеру падчас гатаваньня, а смакам нагадвае ялавічыну з тлустасьцю 1–1,5%.

Гэта дыетычны прадукт, які разам з рыбай можна ўжываць цягам посту. Але “распранаюць” птушку дагэтуль: адзін толькі бразыльскі карнавал штогод “зьядае” 5 тон стравусавага пяра.

Цікаўлюся ў Сяргея Гапановіча: ці запатрабаваная “стравусяціна” ў Беларусі альбо ідзе выключна за мяжу?

“Мы сёньня арыентаваныя на Беларусь. Вялізная цікавасьць ня столькі нават да прадукцыі, колькі да жывой птушкі. Я, напрыклад, стравусаў прадаю больш, чым прадаецца мяса. Пакупнікі – нашы мясцовыя аматары экзотыкі, якія набываюць па 1–2 сям’і. Фэрмэрскія гаспадаркі купляюць па 5–10 сем’яў.

Самы буйны кліент – Прыдняпроўская птушкафабрыка, якая набыла ў нас 165 галоў. Спрабуюць выйсьці на наш узровень і думаю, што ў прынцыпе ў іх атрымаецца, бо тут складанага нічога няма. З птушкай увогуле ніякіх пытаньняў, ніякіх праблем. Спакойна пераносіць любыя нашы тэмпэратуры, да мінус 30 градусаў. Памяшканьні, напрыклад, у нас не абаграваюцца. Адзінае выключэньне – інкубатар. Там і вільготнасьць падтрымліваецца асаблівая, і асаблівая тэмпэратура”.

Адным махам -- 30 курыных яек

Наўрад ці кожны ахвочы можа набыць на ўласны падворак стравусавую сям’ю. Самец і дзьве самкі каштуюць ад 5 да 10 тысяч даляраў – у залежнасьці ад “радаводу”, узросту і яйканоскасьці. Але можна пазнаёміцца са стравусам і “па частках”. Адпускная цана кіляграму мяса на фэрме – 20 350 рублёў.

Кошт аднаго яйка – 22 550. яйка бярэ перадусім эксклюзівам: вага 2 кіляграмы як 30 курыных, у аб’ёме. Прадаецца 300 адзінак, астатнія ідуць на інкубацыю. Штогод у Казішчы забіраюць да 3000 яек. Пералік працягвае Сяргей Гапановіч:

“Ёсьць увогуле некалькі пунктаў з шэрагу “самае-самае”. Перадусім, птушка самая буйная, найбольш важыць. Прыкладам, вага дасягае 170 кіляграмаў, а гэта добры кабанчык. Самая высокая, вырастае да 270 сантымэтраў. Птушка, якая найхутчэй бегае – разьвівае хуткасьць да 70 кілямэтраў на гадзіну. Нарэшце, страус – доўгажыхар, жыве ў сярэднім 70 гадоў і лёгка можа перажыць працаўнікоў “ПМ і Кампаніі”.

Птушаня зьяўляецца на сьвет ростам 25 сантымэтраў і вагою ад 700 да 900 грам. Самае вялікае яйка, якое было зьнесенае на фэрме ў 2004 годзе, важыла 2 кіляграмы 102 грамы”.

Пры гэтым даведнікі сьцьвярджаюць: на радзіме, у Паўднёвай Афрыцы, чорны страус можа адкладваць і трохкіляграмовыя яйкі.

Стравусы зьбіраюцца на дыстанцыю

Найбольш захопленыя фэрмай, натуральна, дзеці. У выходныя і падчас вакацый аўтобусы пад‘язджаюць у Казішча адзін за адным. Малыя наведнікі прызнаюцца: ніколі дагэтуль нічога падобнага ня бачылі:

“Спадабалася, што яны таньчаць вельмі прыгожа. А таксама пер’е ў стравусаў вельмі прыгожае...”



Летам “Сьвет стравусаў” прапануе аматарам экзотыкі папулярнае ў замежжы відовішча – забегі страусаў на стомэтроўку. Цяпер дыстанцыя даводзіцца да розуму, а абраныя “спрынтэры” пераведзеныя на адмысловую дыету.

Разьвітваючыся з кантынгентам фэрмы, ня мог не запытацца наконт стэрэатыпу: маўляў, у выпадку небясьпекі стравус хавае галаву ў пясок. Але прынамсі я характэрных адтулін у глебе так і ня ўбачыў. Мой суразмоўца Сяргей Гапановіч кажа:

“Канечне ж, не хавае. Але тое, што палохаецца птушка, дык гэта на 100 працэнтаў. Прычына страху ў тым, што стравусы амаль нічога не запамінаюць. То бок, мы да якіхсьці гукаў прызвычайваемся, а яны – не, таму ўсё новае, незразумелае іх насьцярожвае. Для іх лепей пастаянны гук, любой гучнасьці і танальнасьці, яны адразу супакойваюцца, не зьвяртаюць больш увагі”.



Фота аўтара.
XS
SM
MD
LG