Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прадстаўнік расейскай абаронкі: “Мы не гандлюем зброяй празь Беларусь”


Алег Грузьдзіловіч, Менск Гэтак заявіў у Менску намесьнік дырэктара Фэдэральнай службы вайскова-тэхнічнага супрацоўніцтва Расеі Ўладзімер Палішчук.

Паводле ягоных словаў, “Расея не дазваляе сабе дзеяньняў за сьпінай міжнароднай супольнасьці”, а такія абвінавачаньні “ідуць ад несумленных канкурэнтаў”.

Размовы пра тое, што Расея пастаўляе зброю ў гарачыя пункты, вядуцца ня першы год. Сёлета арганізацыя “Міжнародная амністыя” прэзэнтавала справаздачу, паводле якой Расея і Кітай пастаўлялі зброю ў зону канфлікту ў Дарфуры — правінцыі Судану, дзе ідзе грамадзянская вайна.

Паводле праваабаронцаў, у пастаўках зброі, якія забароненыя ААН, удзельнічалі таксама Беларусь, Саудаўская Арабія і Кувэйт.

Апошні раз тэма продажу расейскай зброі празь Беларусь актыўна ўздымалася ў сакавіку ў сувязі з падазронай сьмерцю ў Маскве журналіста газэты “Коммерсантъ” Івана Сафронава.

Журналіст вярнуўся з вайсковай выставы ў Абу-Дабі, дзе нібыта даведаўся пра такія пастаўкі і зьбіраўся пра іх напісаць. Празь некалькі дзён Івана Сафронава знайшлі мёртвым пад вокнамі ягонага дому. Паводле афіцыйнай вэрсіі, ён выкінуўся з акна.

• У Маскве загінуў журналіст газэты "Коммерсант" Іван Сафронаў., NEWSru.com, 17.05.2007
XS
SM
MD
LG